Увага: новая рубрыка! Маляўнічы экспрэс

Сёння на старонках нашай газеты стартуе новая рубрыка “Маляўнічы экспрэс”, у якой мяркуем пазнаёміць прыхільнікаў газеты з рукатворным хараством і ўтульнасцю падворкаў жыхароў Століншчыны.

І каб наш “экспрэс” рухаўся рэгулярна хутка і рабіў прыпынкі на цікавых і маляўнічых “станцыях”, запрашаем нашых чытачоў дасылаць у рэдакцыю фотаздымкі або падказваць нам адрасы сваіх суседзяў, родных, сяброў, дзе гаспадары стварылі ў сябе на падворках і побач з імі прыгожыя кветкавыя кампазіцыі, разнастайныя клумбы, своеасаблівыя астраўкі хараства, неабдымнай фантазіі і душэўнага натхнення.

Карэспандэнты “раёнкі” выедуць на месца, каб зрабіць фотаздымкі і апублікаваць іх на старонках газеты.

Наш рэдакцыйны “Маляўнічы экспрэс” першы прыпынак зрабіў на вуліцы Кляновай, 35 у Століне, дзе жывуць Кацярына Васільеўна і Іван Захаравіч Вярэнічы.

Жывая арка з ліянападобных ружаў не першы год песціць вока не толькі гаспадароў, але і ўсіх прахожых, а шматлікія півоні, лілеі, ружы ўздоўж дарожкі напаўняюць водарам і вабяць рознымі колерамі вясёлкі. Па чарзе зацвітаюць макі, рамонкі, клемацісы, родадэндроны, астры, хрызантэмы…

Адметна, што гаспадары дома дбаюць не толькі пра свой унутраны ўтульны дворык. Побач з веснічкамі растуць туі, уздоўж агароджы разбіты клумбы і пасаджаны кветкі, расце бэз.

Дзе на наступны раз спыніцца наш “Маляўнічы экспрэс”? Пра гэта даведаемся ў наступную пятніцу. Чакаем прапаноў ад нашых чытачоў.

Тэлефануйце на нумары: 2-43-30, 2-02-44, 2-02-35

або пішыце і дасылайце свае фотаздымкі на электронны адрас polese@brest.by.

Аўтары самых яркіх і неардынарных знаходак будуць ушанаваны рэдакцыяй пасля заканчэння “кветкавага” сезона.

Фота Галіны ГАШЧУК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *