Столін наведаў – велатурыст са Скапіна

На мінулым тыдні Столін наведаў цікавы чалавек – велатурыст Юрый Кузьміч Сярогін са Скапіна Разанскай вобласці Расійскай Федэрацыі.

Скапін   з нядаўніх часоў лічыцца горадам-пабрацімам нашага райцэнтра. Дэлегацыі двух гарадоў неаднаразова прыязджалі ў госці адзін да аднаго.

Юрый Сярогін на сваім двухколым сябры пераадолеў больш за 1200 кіламетраў. Яго мэтай было наведванне Брэсцкай крэпасці-героя ў дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны – 22 чэрвеня. А прыбыў ён у Брэст яшчэ 20 чэрвеня. Таксама ў маршруце велатурыста былі Пружаны, Ружанскі палац і іншыя славутасці Брэстчыны. Пасля візіту ў Столін Юрый Кузьміч наведаў Нясвіж, Клецк і рушыў дадому, але ўжо на цягніку.

– Велатурызмам займаюся даўно, — расказвае Юрый Сярогін. – Больш за 30 гадоў. А зараз падарожнічаю яшчэ больш – тры гады таму пайшоў на пенсію (58 гадоў) і вольнага часу з’явілася больш. Але калі яшчэ працаваў на Скапінскім аўтаагрэгатным заводзе токарам, час ад часу выбіраўся ў велападарожжы. Раней у складзе групы, а зараз езджу адзін. Кампанію знайсці цяжка. Мае аднагодкі амаль нідзе не ездзяць, а з больш маладымі цяжэй – магу і не паспяваць за імі, а ім не хочацца чакаць мяне ў дарозе. Такім чынам мне ўдалося пабываць на поўдні Расіі – у Сочы, Абхазіі, пабываў ля Эльбруса – эмоцый не перадаць словамі. Гэта трэба бачыць. Таксама ў 2013 годзе на веласіпедзе дабраўся ў Крым. Падарожнічаў і там. Думаю, што мне яшчэ давядзецца пабываць у розных цікавых месцах. Жаданне і сілы пакуль ёсць.

Чым запомнілася Беларусь? Вельмі прыгожая прырода, лясы, рэкі. У нас такога няма. Таксама магу адзначыць якасныя дарогі, па якіх лёгка ехалася. Уражаны і Брэсцкай крэпасцю – упершыню там быў. Увогуле, вельмі прыемныя ўражанні ад Беларусі.

Аляксандр НІКІФАРЭНКА

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *