Школа – маё жыццё

Козел Марыя Міхайлаўна ўжо вельмі даўно (амаль чатыры дзясяткі гадоў) займаецца сваёй любімай і такой важнай справай – навучае дзяцей усяму неабходнаму: лічыць, чытаць, пісаць,  як стаць добрымі і выхаванымі людзьмі.

“З дзяцінства марыла стаць настаўніцай. Вельмі ж хацелася быць падобнай на сваю першую настаўніцу Аляксандру Якаўлеўну Сачкоўскую. Бацькі раілі паступаць у медвучылішча, але выбар быў зроблены. Школа – маё жыццё. Гэтым я жыву,”- расказвае Марыя Міхайлаўна. І сапраўды, цяжка ўявіць яе ў якой-небудзь іншай прафесіі. Марыя Міхайлаўна – чалавек школы,  яе неад’емная частка.

Будучая настаўніца  нарадзілася ў в. Сіціцк.  Свой шлях да прафесіі мары яна пачала з паступлення ў Пінскае педвучылішча, якое паспяхова закончыла ў 1977 годзе. На работу была накіравана ў Бухліцкую васьмігадовую школу ў якасці настаўніцы пачатковых класаў. Так пачалася педагагічная дзейнасць таленавітай настаўніцы.

У 1984 годзе Марыя Міхайлаўна пераехала ў Фядоры, дзе ўжо больш за 30 гадоў навучае і выхоўвае дзетак. У 1990 г. завочна закончыла Мінскі дзяржаўны педінстытут па спецыяльнасці “Педагогіка і методыка выхаваўчай работы”, а праз год была ўзнагароджана значком “Выдатнік народнай адукацыі”. За час работы ў Фядорскай СШ яна стала прыкладам для ўсіх настаўнікаў. Самая галоўная і важная якасць Марыі Міхайлаўны – неабсяжная і шчырая любоў да дзяцей. Сама настаўніца гаворыць пра гэта так: “Любоў да дзяцей – мая сіла і мая слабасць. Як убачу мілыя тварыкі дзяцей, што бягуць насустрач, то адчуваю сябе самым шчаслівым чалавекам. Гэтыя маленькія “чамучкі” трымаюць меня ў форме, не даюць пастарэць. А я стараюся сагрэць іх цяплом свайго сэрца”. Не менш і дзеці любяць сваю настаўніцу. Вучні, якія ўжо вельмі даўно закончылі пачатковую школу, і зараз з удзячнасцю ўспамінаюць Марыю Міхайлаўну і яе ўрокі.

Палукошка Ірына закончыла пачатковую школу 20 гадоў назад, але ўсё роўна ў памяці засталося вельмі многа. “Не было такога ўрока, які б прайшоў для мяне нецікава. Марыя Міхайлаўна натхніла мяне на вучобу, дала нямала ведаў, што дазволіла мне і пасля заканчэння пачатковай школы вучыцца з усёй стараннасцю і адказнасцю. Я вельмі ўдзячна ёй за тую цеплыню і дабрыню, за веру ў кожнага свайго вучня”, – расказвае Ірына.

Гарбунова Ала таксама закончыла пачатковую школу 20 гадоў назад і цяпер працуе настаўніцай матэматыкі. “Няма больш добрага чалавека, чым Марыя Міхайлаўна. Першая настаўніца павінна ўмець знаходзіць правільны падыход  да вучняў, каб яны свабодна адчувалі сябя на ўроках і былі гатовыя атрымліваць веды. Мая першая настаўніца валодала такой якасцю. За гэта  я ёй вельмі ўдзячна. Прыемна ўсведамляць, што Марыя Міхайлаўна была для меня не толькі першай настаўніцай, але і калегай па рабоце ў роднай школе. Вельмі шкада, што гэты навучальны год стаў апошнім у яе педагагічнай дзейнасці”, – гаворыць Ала.

Філановіч Мікалай закончыў пачатковую школу 24 гады назад і таксама быў вучнем Марыі Міхайлаўны. “Негледзячы на тое, што вялікага жадання хадзіць у школу ў мяне не было, у пачатковых класах я вучыўся старанна. Напэўна,  гэта таму, што Марыя Міхайлаўна стымулявала мяне вучыцца і не давала ленавацца. Нават і зараз яна застаецца для мяне любімай настаўніцай”, – успамінае Мікалай.

 І такія словы ўдзячнасці можа сказаць кожны вучань, якога вучыла гэтая настаўніца. Марыю Міхайлаўну можна аднесці да тых людзей, якія атрымліваюць задавальненне ад сваёй прафесіі, бо ўсё светлае і добрае яна звязвае са школай. “Мне здаецца, што вядомае выказванне “Прыгажосць і дабрыня выратуюць свет” бярэ пачатак у школе. Мы, настаўнікі, сеем у сваіх дзетках прыгожае, светлае кожны дзень сваімі добразычлівымі адносінамі да іх, словам, прыкладам іншых людзей. І сэрца спявае ад радасці, калі вучань, забыўшы, што я – настаўнік, прыходзіць і гаворыць: “Мама”. Шчаслівей хвіліны ў настаўніка няма. І тады ў каторы раз пераконваешся, што жывеш нездарма, што ў гэтым свеце ты нешта значыш. Я ганаруся сваёй прафесіяй. Мне здаецца, что гэта самая цікавая і галоўная прафесія ў свеце. Настаўнік – чалавек, які выконвае адказнае і амаль што самае цяжкае даручэнне народа:     вучыць і выхоўваць новага чалавека, тварыць будучыню. Мой прафесійны дэвіз: “Аснова поспеху – любоў да дзяцей і творчыя адносіны да справы!”, – гаворыць Марыя Міхайлаўна.

Гэты навучальны год  стаў апошнім у прафесійнай дзейнасці Марыі Міхайлаўны. Несумненна, школе будзе не хапаць такого педагога, бо яна – крынічка дабрыні, шчырасці, ветлівасці, любові,  ласкі  і  вялікай адказнасці за сваіх вучняў. Нават і зараз кожны з бацькоў жадае, каб  менавіта гэтая настаўніца навучала яго дзіця, таму што ні для каго не сакрэт, што Марыя Міхайлаўна навучыць не толькі пісьменнасці, але і не менш важнаму – як заўсёды заставацца чалавекам і ніколі не адракацца ад веры ў сябе і свой поспех.

Марыя Міхайлаўна  з вялікім сумам развітаецца са школай, бо вельмі цяжка астаўляць тое, што было, ёсць і будзе родным.

Уладзіслаў

ПАЛУКОШКА

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *