Падборка крымінальнай хронікі па Столінскім раёне

Затрыманы па крадзяжах

З тэрыторыі прысядзібнага ўчастка жыхара аг. Альшаны К. прапаў матацыкл ММВЗ чорнага колеру. У ходзе аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў аддзялення крымінальнага пошуку РАУС устаноўлена, што на такое злачынства пайшоў аднавясковец пацярпеўшага, які нідзе не працуе. Яго затрымалі. Узбуджана крымінальная справа. Ва ўсім гэтым ёсць істотная акалічнасць: матацыкл украдзены за дзесяць дзён да таго, як гаспадар прыкмеціў гэта.

Намаганнямі работнікаў выяўлены таксама некалькі зладзеяў, якія  кралі  веласіпеды, пакінутыя без нагляду і нават прыхаваныя. З падвальнага памяшкання па вуліцы Церашковай у Століне прапаў веласіпед маркі “Ардзіс”. Яго знайшлі ў жыхара Манькавіч С., беспрацоўнага, якому ідзе дваццаць першы год. У жыхара Давыд-Гарадка М. дарожны веласіпед, як высветлілі работнікі міліцыі, украў са двара дома мясцовы жыхар П. Ён нідзе не працуе, мае за плячамі 27 гадоў бесклапотнага жыцця. Больш таго, крадзеж учынены па папярэдняй дамоўленасці з яшчэ адным беспрацоўным, жыхаром Давыд-Гарадка Л., якому ідзе васямнаццаты год.

Рыхтуюцца да жніва?

У пачатку чэрвеня кіраўніцтва КСУП “Прыпяць-2009” паведаміла ў міліцыю пра знікненне з незачыненага збожжасушыльнага комплексу электрарухавіка. Невядомыя на працягу амаль месяца дэманціравалі рухавік, перамясцілі яго ў іншае месца. Магчыма, так яны рыхтуюцца да блізкіх уборачных работ? Урон прадпрыемству ад гэтага крадзяжу нанесены немалы – тры мільёны 440 тысяч рублёў.

Зноў знаёмая падвяла…

У адзін з вечароў да пенсіянера з Гарадца завітала палявод СВК “Лядзецкі” Л. Яна запатрабавала грошы. Калі гаспадар дома адмовіў у такой просьбе, яна нанесла яму некалькі ўдараў малатком па галаве і забрала 200 тысяч рублёў. Як  высветлілася, жанчына не ў першы раз забірае грошы ў гэтай хаце.

Сталі грошы прападаць…

Калі ў адным з дзіцячых садкоў райцэнтра з пакінутых у гульнявым пакоі рэчаў сталі прападаць грошы, выхавальнікам давялося звярнуцца ў міліцыю. Злодзея знайшлі. Праводзіцца праверка.

Электраэнергію –без уліку

На злачынства пайшлі жыхарка Хорска М., жыхар Лукі К. і жыхарка Кораб’я Г., без уліку спажываючы электрычную энергію. Гэта высветлілі работнікі раёна электрасетак. Міліцыя правярае акалічнасці такіх злачынных дзеянняў.

Падборку па зводках міліцыі падрыхтаваў Фёдар ШУМКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *