Ніжні Церабяжоў адзначыў свята вёскі

Родная зямля сустракае сваіх людзей, аднавяскоўцаў, церабяжоўцаў  і  ўсіх гасцей  шумам жыта, звонам песні салаўя і жаваранка над няскошанымі лугамі.

Пасля ўскладання вянкоў у знак памяці  загінуўшых воінаў, калона пад музычнае суправаджэнне рушыла на месца асноўнага дзейства, дзе вядучая Святлана Бажко адзначыла, што ў словах “родная зямля” і  цвет яблынь над вясковым акном, і пацалунак першага кахання, і мясціна, дзе мы жывём і працуем… Яна ад імя  ўсіх  прысутных   павіншавала сваю малую Радзіму – сваю вёсачку – са святам.

Народны фальклорны калектыў  Ніжнецерабяжоўскага дома культуры “Церабяжоўскія харашухі” выканаў песню “Вёсачка мая” і па старадаўнім беларускім звычаі дарагіх гасцей сустрэлі хлебам-соллю з пажаданнямі шчаслівай долі, квітнеючага жыта, дзіцячага смеху ды мірнага жыцця.

Старшыня Рэчыцкага пасялковага выканаўчага камітэта Ігар Мікалаевіч Курган  звярнуўся да гісторыі ўзнікнення і развіцця вёскі, пачынаючы ад яе ўзнікнення  ў 1558 годзе і да нашых дзён, калі  вёска набыла статус аграгарадка. Ігар Мікалаевіч  павіншаваў церабяжоўцаў са святам і пажадаў  гэтым міралюбівым, сумленным людзям  дабрабыту і шчасця на роднай зямлі.  Віншаванні на адрас жыхароў вёскі Церабяжоў гучалі з вуснаў земляка, дэпутата  Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Мікалаевіча  Ярашэвіча  і начальніка  аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіля Андрэевіча Зарубы.  Святочная праграма была насычана музычнымі падарункамі  ў выкананні “Церабяжоўскіх харашух”.

Вядучая  адзначыла, што вялікае шчасце – жыць пад мірным небам, прапанавала ўшаванаваць памяць герояў вайны хвілінай маўчання і згадала, што ў вёсцы застаўся толькі адзін ветэран – Адам Аляксеевіч Хмарук, якому  –  словы падзякі і пажаданні моцнага здароўя.

Пасля на сцэне з`явілася вакальная група “Адзінства” Пінскага пагранічнага атрада (кіраўнік Міхаіл Палаш) з песняй  “Мы не памятаем вайны”. Ад прачулых гучных слоў пагранічнікаў пра крывавыя баі, пра загінуўшых сяброў, пра недаспелую збажыну  слёзы самі сабой наплывалі на вочы. Але не ўсім мірна спалася, калі вясковыя хлопцы ваявалі. На сцэну запрасілі воінаў-інтэрнацыяналістаў — Ярашэвіча Аляксандра Мікалаевіча, Піва Уладзіміра Васільевіча, Карповіча Уладзіміра Іванавіча, Новіка Мікалая Мікалаевіча, Салагуба Мікалая Іванавіча, Дзяжурку Анатолія Яраслававіча, Козела Іосіфа Мікалаевіча, якія пажадалі аднавяскоўцам мірнага неба  і пачулі словы падзякі на свой адрас з музычным падарункам  ад удзельнікаў гуртка  сольных спеваў Ніжнецерабяжоўскага сельскага дома культуры “Не отнимайте солнце у детей” (салісты Аліна Мельнік і Аліна Гарцуева).

Церабяжоўская зямля ўзрасціла не аднаго таленавітага, знакамітага земляка. Павіншаваць сваіх землякоў прыехалі Мікалай Мікалаевіч Арсяновіч – падпалкоўнік запасу, старшыня савета Брэсцкай абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ, Мікалай Іванавіч Карповіч – майстар  спорту па хакеі  на траве. Яны дзякавалі аднавяскоўцам, бацькам, настаўнікам з гарачай сыноўняй любоўю да роднага краю, блізкіх  людзей.

Пасля выступіла  Людміла Лявонцьеўна Цупа, дырэктар Церабяжоўскай сярэдняй школы,  з пажаданнямі  дзіцячага смеху ў кожным двары і словамі падзякі на адрас калег за добрасумленную і шчырую працу, вучаніцы Ракала Дар`і за поспехі ў вучобе і прыкладныя паводзіны,  дасягненні якіх  былі адзначаны ганаровымі ўзнагародамі.

Не абышлося свята без гумару  і жартаў. А яшчэ  — і юбіляраў. Свой сярэбраны юбілей адзначыла сям`я Сяргея Іванавіча і Зінаіды Аляксандраўны Вярхоўскіх, а 50-годдзе сумеснага жыцця – залаты юбілей  – Васіль Васільевіч і Ніна Васільеўна Ярашэвічы, з чым іх і павіталі. Не пакінулі ўбаку і мнагадзетную сям`ю Козелаў — Вячаслава Іванавіча і Галіны Леанідаўны, якія гадуюць чацвёра дзяцей.

Быў згаданы самы сталы жыхар вёскі Адам Аляксеевіч Хмарук, якому споўнілася 94 гады, і самая маленькая трохмесячная спадарынька Антаніна Бык, вызначаны гаспадары самага прыгожага  падворка, адзначаны майстры вёскі, работы якіх былі прадстаўлены на выставе – гэта Грэчка Вера Раманаўна, Дайнека Наталля Іванаўна, Кулік Павел Паўлавіч і сям`я Бык. Лепшых працаўнікоў,  перадавікоў    павіншаваў дырэктар ААТ “Церабяжоў-Агра” Мікалай Канстанцінавіч Дзямко.

У святочны дзень прагучалі словы падзякі настаўнікам, медработнікам, працаўнікам сельскай гаспадаркі – усім тым, хто жыве і працуе ў вёсцы. Для іх гучалі песні ў выкананні Святланы Бажко, Фёдара  Зарубы,  Аліны  Мельнік,  Аліны Гарцуевай, “Церабяжоўскіх  харашух”.

Павіншаваць жыхароў вёскі Церабяжоў прыехалі  з музычнымі падарункамі  народнае аб`яднанне “Прамень” Давыд-Гарадоцкага дома культуры, прадстаўнікі Рубельскага дома культуры і інш.  Гучалі песні, шчырыя пажаданні, добрая энергія і запал пазітыву разносіліся наўкол.

Для прысутных працавалі гандлёвыя рады, былі арганізаваны спартыўная пляцоўка, дзіцячая забаўляльная пляцоўка з   батутам, дзіцячым  цягніком, працавала выстаўка  “Свет маіх захапленняў” з прэзентацыяй работ майстроў вёскі.

І толькі словы здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту,  мірнага неба разносіліся ва ўсе  бакі  ад  невялічкай сцэны ў маляўнічым церабяжоўскім парку, імправізаванай  улоннем прыроды на заходзе сонца ў роднай сэрцу вёсцы, якая святкуе,  радуецца разам са сваімі людзьмі.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *