На Століншчыну прыбылі дэпутаты Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

У панядзелак, 8 чэрвеня, у Столінскі раён прыбылі дэпутаты Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве. Мэта трохдзённага выязнога пасяджэння — азнаямленне з практыкай прымянення заканадаўства аб гандлі і грамадскім харчаванні ў суб’ектах гаспадарання раёна.

На мяжы Гомельскай і Брэсцкай абласцей гасцей віталі старшыня Столінскага раённага выканаўчага камітэта Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксей Аляксеевіч Дзямко, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мікалаевіч Ярашэвіч.

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі “Выцінанка” падымаў настрой песнямі, а дзяўчаты ў святочных сукенках уручылі каравай старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Пузырэўскаму Уладзіміру Іванавічу.

У ходзе выязнога пасяджэння камісія вывучала практыку прымянення суб’ектамі гандлю прадпісанняў Закона Рэспублікі Беларусь ад 8 студзеня 2014 года “Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь”, а таксама заканадаўчых актаў, прынятых у развіццё гэтага дакумента. А восенню гэтага года плануецца прыняцце нарматыўнага дакумента, які непасрэдна будзе тычыцца спажывецкай кааперацыі.

Рабочая паездка пачалася з азнаямлення з фермерскай гаспадаркай “Альшаны”, дзе яе кіраўнік Іван Грыб расказаў, як пачынаў займацца фермерскай справай, паказаў, як арганізавана работа ў гаспадарцы. Да таго ж камісія змагла ўбачыць, як вырабляецца яблычны сок. Кіраўнік фермерскай гаспадаркі адказаў на ўсе пытанні, якія хвалявалі дэпутатаў. Потым камісія заехала ў фермерскую гаспадарку «Брадок», якой кіруе родны брат Івана Міхаіл.

Удзельнікі паездкі наведалі ўніверсам “Родны кут” у Альшанах і былі прыемна ўражаны новым, сучасным гандлёвым аб’ектам. Нагадаю, што ўніверсам адчыніў свае дзверы ў мінулым годзе, але паспеў ужо заваяваць давер як мясцовых жыхароў, так і пакупнікоў з іншых населеных пунктаў раёна. Пакупнікоў прываблівае, у першую чаргу, шырокі асартымент свежай выпечкі і хлебабулачнай прадукцыі. Тут ёсць свой кандытарскі цэх, дзе яна выпякаецца.

У. І. Пузырэўскі і Р. В. Пратасавіцкі ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым воінам у аг. Альшаны.

Камісія наведала шэраг аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання, прамысловых прадпрыемстваў. Сярод іх – Столінскі ўнівермаг, магазін “Родны кут” у Століне, “Восток”, “Цэнтр”, “Гуртоўня”, кафэ “Палессе”, “Купецкае”, ПУП “Полесские пряности”, філіял “Століннарыхтпрамгандаль” і інш.

Дэпутаты пазнаёмілася з вопытам пастаўкі прадукцыі ў гандлёвыя сеткі і іншыя гандлёвыя арганізацыі, рэалізацыі прадукцыі насельніцтву ў сістэме рознічнага гандлю, практыкай рэалізацыі тавараў на спажывецкім рынку, арганізацыяй рознічнага гандлю, вытворчасцю прадукцыі для паставак у рознічную гандлёвую сетку і інш.

10 чэрвеня ў Столінскім раённым выканаўчым камітэце адбылося пленарнае пасяджэнне.

Перад прысутнымі выступіў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай камісіі і будаўніцтве Пузырэўскі Уладзімір Іванавіч, старшыня раённага выканаўчага камітэта Пратасавіцкі Рыгор Васільевіч, старшыня Столінскага райспажыўтаварыства Крыжык Сяргей Мікалаевіч, старшыня праўлення Брэсцкага аблспажыўсаюза Янковіч Леанід Сцяпанавіч, начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь Бразоўская Віялета Віктараўна

Аналіз прапаноў, якія былі выказаны ў ходзе мерапрыемства, дазволяць дэпутатам Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па жыллёвай палітыцы і будаўніцтву сумесна з Міністэрствам гандлю Рэспублікі Беларусь зрабіць вынікі аб эфектыўнасці дзеючага заканадаўства ў галіне гандлю і грамадскага харчавання і вызначыць шляхі яго далейшага ўдасканалення.

Святлана ШПАКОЎСКАЯ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *