Міжнародная канферэнцыя “Прыродныя рэсурсы Палесся: ацэнка, выкарыстанне, ахова”

На гэтым тыдні на базе Пінскага і Столінскага раёнаў прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Прыродныя рэсурсы Палесся: ацэнка, выкарыстанне, ахова”.

У ёй прынялі ўдзел вядучыя вучоныя  па праблемах прыродакарыстання, тыя, хто ўдзельнічаў у навуковым абгрунтаванні Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010-2015 гады”.

Калі навуковая частка канферэнцыі – пленарныя і ўводныя даклады, паведамленні і дыскусіі, а таксама заключны “круглы стол” прайшлі ў асноўным на базе Палескага дзяржаўнага універсітэта ў Пінску, дык практычная больш ажыццяўлялася на тэрыторыі СВК “Фядорскі” Столінскага раёна.

Калі ўдзельнікі канферэнцыі пад’ехалі да памятнага знака на мяжы Пінскага і Столінскага раёнаў, тут і пачалося сапраўднае знаёмства з тым, пра што гаварылася ў пленарных дакладах. Гэта экалагічныя ўмовы і эканамічная эфектыўнасць сельскагаспадарчай вытворчасці, тарфяныя рэсурсы і іх выкарыстанне, праблемы аднаўлення ўрадлівасці глеб, развіццё мясной і малочнай жывёлагадоўлі ў зоне Прыпяцкага Палесся, меліярацыйная састаўная ў забеспячэнні кармавой базы развіцця жывёлагадоўлі, іншыя важныя тэмы.

У час аб’езду меліяраваных зямель СВК “Фядорскі” ўсе звярнулі ўвагу на стан і дагледжанасць палеткаў і каналаў, убачылі, як ідзе нарыхтоўка травяністых кармоў.  Расказваючы пра вопыт гаспадарання на меліяраваных землях, асаблівасці ператварэння раслінных багаццяў у жывёльныя, старшыня праўлення СВК “Фядорскі” Рыгор Аляксеевіч Дзямко адзначыў, што калі ў пачатку пераўтварэння мясцовых угоддзяў, у 1990 годзе ў гаспадарцы ўтрымлівалася каля 8000 галоў буйной рагатай жывёлы, дык цяпер практычна на тых жа землях гадуецца больш за 18000 галоў.

Гаспадарка вызначаецца сярод іншых па высокай эфектыўнасці вытворчасці. Рэнтабельнасць гадоўлі мяса складае каля 17 працэнтаў, атрымання малака – каля 50. За мінулы год прадукцыі жывёлагадоўлі рэалізавана больш чым на 182 мільярды рублёў. СВК “Фядорскі” адзначаны як лепшы ў краіне сярод аднатыпных гаспадарак, якія займаюцца вытворчасцю жывёлагадоўчай прадукцыі.

Гэта пасля аб’езду гаспадаркі, аналізу і роздуму, многія вучоныя не вытрымалі і запыталі ў яе кіраўніка: у чым жа сакрэт таго, што сельгаскааператыў, бадай, адзін такі сярод 46-ці, уведзеных у дзеянне ў далёкія 60-ыя гады, які не толькі не страціў зададзенага патэнцыялу, а і значна нарасціў вытворчасць, павысіў яе эфектыўнасць?

Узгадваючы крокі ад ранейшага саўгаса “Беразцы” да цяперашняга сельскагаспадарчага флагмана, Рыгор Аляксеевіч адказаў ёміста і проста: уся справа ў магутнасці нашых кадраў. І цяпер у гаспадарцы працуе нямала тых першапраходцаў, хто ператварае ўскладзеныя на меліярацыю зямель намеры ў жывую справу. Многіх прысутных здзівіла, што заработная плата ў гаспадарцы настолькі дэферынцыравана, напрамую залежыць ад эфектыўнасці і вынікаў работы, што адзін галоўны спецыяліст можа атрымліваць напалавіну менш, чым іншы. А здольныя тэхнікі-асемянатары маюць заробак нават большы, чым кіраўнік гаспадаркі. Толькі маючы такі касцяк працаўнікоў, можна спадзявацца на поспех. А яшчэ – важна, што дасягнуты і не страчаны высокія аб’ёмы вытворчасці. Іх зніжэнне прывядзе да страты заваяваных пазіцый.

У час знаходжання ўдзельнікаў канферэнцыі ў Фядорах часта гучалі такія тэзісы, як “мэта меліярацыі – павышэнне якасці жыцця”, “задавальненне матэрыяльных і маральных патрэб”. І ў гэтым сэнсе, як адзначалі вучоныя, фядорская гаспадарка – маяк, на які трэба арыентавацца.

Удзельнікі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі паглядзелі і на сучасны аграгарадок Фядоры. Усе працаўнікі маюць жыллё, створана належная сацыяльная інфраструктура. Шчырым было выказванне аднаго з украінскіх вучоных: “Я ўбачыў, што гэта Еўропа!”

Самабытнасць палескага краю, таленавітасць і непаўторнасць нашых жыхароў падкрэсліла і выступленне перад гасцямі заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі “Выцінанка”.

Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *