Маляўнічы экспрэс: Ружоўнік Зінаіды Дульскай

Штодзень ідучы на работу і дамоў, на працягу многіх гадоў (мяркую, не толькі я) любуюся ружамі па вуліцы Савецкай у Століне, дзе жывуць Дульскія – Зінаіда Уладзіміраўна і Аляксандр Мікалаевіч.

-Люблю займацца гаспадаркай, працаваць на зямлі, — гаворыць гаспадыня падворка. – Чаму ў палісадніку пераважаюць ружы? Ды таму, што і мне, і майму мужу вельмі падабаюцца гэтыя кветкі. Як пераехалі сюды жыць, так і песцім гэтую каралеву кветак.

У ружоўніку Зінаіды Уладзіміраўны каля 17 сартоў руж розных колераў. А яшчэ  — каралеўскія лілеі, ірысы, півоні. На падаконніках і ў двары – петуніі, сурфініі, пеларгоніі. Невялічкі калідорчык у доме нагадвае зялёную аранжарэю з вазонаў. Сярод любімых – сальвія, аксаміткі, дэкаратыўныя травы. Пад восень у палісадніку і перад дваром пышна зацвітаюць хрызантэмы.  Тут з ранняй вясны да позняй восені  стаіць маляўнічая карціна, якая толькі час ад часу  мяняе каляровую гаму: жоўная энатэра, сіне-фіялетавыя дробнапялёстачнікі, сонечна-аранжавыя аксаміткі  і бэжава-карычневыя хрызантэмы…

–Кажуць, дзеці – гэта кветкі жыцця, — разважае Зінаіда Уладзіміраўна. — Я больш за 40 гадоў працавала ў школе. Прыведзеных у мой клас дзяцей і зараз лічу сваімі, цікаўлюся  іх лёсам, радуюся іх поспехам.  А цяпер вось усю сваю энергію і любоў аддаю кветкам. З імі размаўляю, да іх іду, каб узняць жыццёвы тонус і душэўны настрой.

Да ўсяго дадам, што гераіня публікацыі яшчэ і ўдзельніца мастацкай  аматарскай творчасці – выступае ў народным хоры ветэранаў Столінскага гарадскога дома культуры.

Галіна ГАШЧУК

P. S. Паважаныя чытачы! Наш “Маляўнічы экспрэс” ужо чакаюць у Глінцы, Харомску, а з Рубля нават даслалі прыгожыя фотаздымкі. Вельмі прыемна, што вы адгукнуліся на наш заклік  расказаць і паказаць, якая прыгожая наша зямля ў руках  сапраўдных гаспадароў.

Да сустрэчы на старонках газеты!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *