Гандаль – важнейшы сектар эканомiкi

Сваімі меркаваннямі і высновамі пасля трохдзённай работы на Століншчыне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве з чытачамі “Навін Палесся” дзеліцца старшыня камісіі Уладзімір Іванавіч Пузырэўскі.

— Уладзімір Іванавіч, асноўная мэта візіту на Століншчыну  ўзначальваемай Вамі Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў?

— На працягу трох дзён у вашым раёне мы вывучалі работу прадпрыемстваў гандлю, грамадскага харчавання. Думаю, не лішнім будзе патлумачыць, чаму столькі ўвагі надаецца менавіта гандлю.

У цяперашні перыяд глабалізацыі гандаль становіцца адным з важнейшых сектараў эканомікі і закранае інтарэсы ўсяго насельніцтва краіны. Тым больш, гэта эфектыўная крыніца паступлення грашовых сродкаў, сур’ёзны ўклад у развіццё Беларусі.

Відавочна, што за апошні час гандаль моцна змяніўся. Сучасны спажывецкі рынак  — гэта высокая канцэнтрацыя тавараў рознага прызначэння, актыўная канкурэнцыя і гнуткія сістэмы пастаўкі тавараў і іх рэалізацыі спажыўцу. Па ўсёй краіне адчыняюцца новыя гандлёвыя цэнтры, гіпермаркеты, магазіны крокавай даступнасці і іншыя. Канешне, развіццё гандлёвых сетак мае станоўчы эканамічны эфект, аднак пры іх неабмежаваным распаўсюджанні могуць выцясняцца гандлёвыя аб’екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, у той час, як яны маюць важнае значэнне для эканомікі краіны і захавання сацыяльнай стабільнасці.

На спажывецкім рынку адбываюцца актыўныя працэсы, якія патрабуюць своечасовага ўдасканалення нацыянальнага заканадаўства ў галіне гандлю і грамадскага харчавання. У канцы ліпеня мінулага года ўступіў у сілу прыняты Палатай прадстаўнікоў Закон “Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь”. У ім спроба вывесці лішняе ўмяшальніцтва дзяржаўных органаў у дзейнасць суб’ектаў гандлю. Але і разам з тым замацавана магчымасць кантролю і аператыўнага рэагавання на змены сітуацыі на рынку. Больш поўна ўрэгуляваны адносіны паміж пастаўшчыкамі і суб’ектамі гандлю.

Таму ў ходзе выязнога пасяджэння камісіі на Століншчыне былі разгледжаны на практыцы пытанні выканання патрабаванняў да вызначэння асартыментнага пераліку тавараў, заключэння і дагавораў пастаўкі харчовых тавараў, ажыццяўлення гандлю з выкарыстаннем Інтэрнэту і іншыя. Акрамя таго, вывучана выкананне суб’ектамі гандлю і  кантралюючымі дзяржаўнымі органамі прадпісанняў закону, што накіраваны на абарону канкурэнцыі ў вобласці гандлю і грамхарчу.

— Уладзімір Іванавіч, за час візіту камісіяй былі наведаны каля 20 аб’ектаў, сярод якіх і фермерскія гаспадаркі, і магазіны, кропкі грамхарчу розных форм уласнасці. Але ўсё ж найбольш у поле зроку трапілі аб’екты спажывецкай кааперацыі…

— Гэты факт нельга назваць выпадковым. Таму што па плану ў лістападзе ва ўзначальваемую мною Пастаянную камісію паступіць Закон “Аб спажывецкай кааперацыі”. На жаль, апошнім часам у большасці гучалі меркаванні пра тое, што спажыўкааперацыя губляе свае пазіцыі.

Вывучаючы работу спажыўкааперацыі ў Столінскім раёне мы былі прыемна здзіўлены: нават думка не ўзнікла прадракаць знікненне гэтай галіны. Штодзённа ў рэгіёне спажыўкааперацыя рэалізуе тавараў на суму каля двух мільярдаў рублёў! Усе структурныя падраздзяленні, а іх каля дзесяці, прыбытковыя. Няхай памер прыбытку і не надта вялікі, але дазваляе развівацца, будаваць. Прычым новыя гандлёвыя аб’екты адчыняюцца не толькі ў горадзе, а, што надта важна, у сельскіх населеных пунктах. Дарэчы, насычанасць таварамі часам не ўступае сталічным гіпермаркетам, ды і па цэнавой палітыцы  выйграе.

У вёсках, дзе жывуць усяго каля пяцідзесяці чалавек, працуюць стацыянарныя магазіны. У маленькіх населеных пунктах – аўталаўкі. Некаторыя гандлёвыя кропкі рэалізуюць тавары без надбавак. З упэўненасцю можна сказаць, што кааператары нясуць вялікую сацыяльную нагрузку, тым самым выконваючы даручэнне Прэзідэнта краіны ў гэтым кірунку.

— На Ваш погляд, што ляжыць у падмурку такой жыццяздольнасці спажыўкааперацыі Століншчыны?

— Лічу, што гэта дасягаецца мудрай палітыкай у вядзенні спраў. Напрыклад, тут шмат накірункаў дзейнасці, але ўсе яны правільна абгрунтаваны з боку эканамікі. Напрыклад, той жа “Столінаптгандаль” па сваёй сутнасці лагістычны цэнтр, працуе без надбавак, без пасрэднікаў. Непасрэдныя вытворцы прадукцыі самі дастаўляюць сюды тавары. А ў сельскія магазіны, пасля падачы заявак, усё неабходнае завозіцца за дзень-два.

Спажыўкааператары развіваюць іншыя вытворчасці, што прыносяць даход.  Напрыклад, захавалі і перавялі на сучасныя рэйкі прамысловую вытворчасць: закупляюць жывёлу, забіваюць, рэалізуюць не толькі непасрэдна свежую мясную прадукцыю, але і гатовыя вырабы з яе. Займаюцца вытворчасцю папяровых рушнікоў, сурвэтак, туалетнай паперы. Акрамя таго, што забяспечваюць цалкам гэтымі таварамі свае сеткі, каля 40 працэнтаў накіроўваюць у абласны гандаль. Запусцілі бензазапраўку, рамантуюць аўтамабілі і іншае.

Дарэчы, усю Брэстчыну можна назваць лепшай у кірунку дзейнасці спажыўкааперацыі. Так, гэтая вобласць атрымала прыбытку больш, чым кааператары Магілёўскай і Мінскай абласцей разам узятыя.

Калі людзі жадаюць, яны робяць, а не пасуюць перад цяжкасцямі. А іх тут – на Століншчыне – таксама нямала.

—        Канешне, прыемна чуць такія водгукі пра наш раён, але, напэўна, Уладзімір Іванавіч, не ўсё так бязвоблачна?

—        Так, недахопы ёсць, ёсць і парушэнні ў выкананні Закону, але іх не так і шмат. Тым больш, што высветліўшы іх, Міністэрства гандлю прыме адпаведныя захады для выпраўлення.

У час візіту на Століншчыну наша камісія выкрыла шэраг праблем, што носяць рэспубліканскі характар. Напрыклад, становішча з вытворцамі абутку. Гэтыя прадпрыемствы, на жаль, не жадаюць шукаць гнуткія сістэмы прасоўвання свайго тавару на рынак. І таму мы бачым у магазінах “склады” абутку, які не карыстаецца попытам, не знаходзіць свайго пакупніка.

Неабходна ўпарадкаваць і справы з вытворцамі алкаголю. Дазволеная хаатычнасць у гэтай галіне прывяла да перавытворчасці, а так быць не павінна.

Існуе і момант з так званымі сеткавымі кампаніямі. Згодна з заканадаўствам, частка кожнай з іх не павінна перавышаць у рэгіёне 20 працэнтаў, а мы бачым ужо і 25, і 30 працэнтаў. І такіх неадпаведнасцяў шмат.

Мы будзем выносіць гэтыя праблемы на самы высокі ўзровень абмеркавання.

— Уладзімір Іванавіч, Вашы пажаданні кааператарам?

— Не пасаваць перад буйнымі кампаніямі. Выкарыстоўваць сучасныя падыходы і ў плане кадраў, і ў плане матэрыяльных рэсурсаў. А неабыякавасць мясцовага кіраўніцтва да гэтай галіны дае ўпэўненасць – спажыўкааперацыя будзе жыць. І ўсё, што мы пабачылі на Століншчыне, будзе практычна выкарыстана пры прыняцці закона “Аб спажыўкааперацыі”.

Алена КЛІМУШКА

Фота Святланы ШПАКОЎСКАЙ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *