ДЗЕНЬ ЭКАНАМІСТА: на падставе аналiзу i разлiку

Роля работнікаў эканамічнай службы, яе ўплыў на канчатковыя вынікі работы з аднаго боку велізарная, а з другога – яна непрыкметная, патрабуе працяглага перыяду, шмат захадаў і намаганняў. І калі ў поспеху прадпрыемства, арганізацыі ўдзел эканамістаў заўжды адзначаецца, дык пры неспрыяльных паказчыках работы пра заслугі такой катэгорыі спецыялістаў успамінаюць рэдка.

Тым не менш напярэдадні прафесійнага свята мы вырашылі сустрэцца з начальнікам планава-эканамічнага аддзела ААТ “Гарынскі камбінат будаўнічых матэрыялаў” Андрэем Аляксандравічам Бурдой. Добра вядома, што прадпрыемства ў апошні час востра адчувае на сабе ўсе неспрыяльныя  вынікі ад цяжкасцяў у будаўнічай сферы, наогул у прамысловасці. Таму з лютага па май прадпрыемства зусім прыпыняла вытворчы працэс. І тут, відавочна, няма чым хваліцца.

Якая ж роля эканамічнай службы ў цяперашніх умовах гаспадарання, якія шляхі да стабільнасці і паляпшэння эфектыўнасці ў рабоце выкарыстоўваюцца на камбінаце будматэрыялаў? Пра гэта наша размова з Андрэем Аляксандравічам, які прызнаны як высокакваліфікаваны і дасведчаны спецыяліст.

Некалькі слоў пра героя нашай сустрэчы. Пасля заканчэння з адзнакай Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа ён удасканаліў веды ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце на факультэце “Фінансы і крэдыт”. Не спыніўся і на гэтым, паступіўшы на вучобу ў Брэсцкі філіял Белдзяржуніверсітэта на спецыяльнасць “Правазнаўства”.  Паспеў праявіць сябе на вытворчасці. Пачынаў грузчыкам, экспедытарам па перавозцы грузаў на аптова-гандлёвай базе. Працаваў затым эканамістам па цэнах, вядучым спецыялістам па камерцыйнай рабоце. Пяты год узначальвае планава-эканамічны аддзел на КБМ.

—        Што патрэбна сёння, каб прадукцыя камбіната будматэрыялаў і выраблялася рытмічна, і прадавалася бойка?

—        У нашай рабоце былі перыяды, калі нашых магутнасцяў не хапала, каб забяспечыць патрэбы ў будаўніцтве. А здаралася і так, што перапаўняліся склады, нашу цэглу куплялі неахвотна. Цяпер становішча, можна сказаць, больш спрыяльнае, звязанае з пэўнымі станоўчымі чаканнямі. У гэтых умовах мы робім нямала ў эканамічным плане, каб павысіць канкурэнтаздольнасць нашай прадукцыі. Пастаянна працуем над зніжэннем сабекошту будаўнічых матэрыялаў. Сярод мер – аптымізацыя колькасці персаналу і фонду аплаты працы. Яшчэ нядаўна ў нас працавалі 340 чалавек, цяпер 240. З іх непасрэдна на вырабе будматэрыялаў – 180 чалавек. Скарачэнне ідзе ў асноўным за кошт тых работнікаў, якія ідуць на заслужаны адпачынак. Не зніжаць пры гэтым аб’ёмаў вытворчасці дазваляюць мадэрнізацыя лініі фармоўкі, здымкі і падрыхтоўкі сыравіны. Тут ручную працу замяняе аўтаматызацыя працэсу. Пашырылася сумяшчэнне прафесій, напрыклад, здымшчыкі цэглы сумежна могуць выкарыстоўвацца і на яе ўкладцы.

—        Усё гэта, зразумела, магчыма пры рытмічнай вытворчасці, належных аб’ёмах прадукцыі. Што ў эканамічным плане ўздзейнічае на гэта?

—        Наш курс – на нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці. Рытмічная работа ў мінулым месяцы дазволіла выйсці на сярэднюю зарплату больш за пяць мільёнаў рублёў. Прымаем меры па скарачэнні пастаянных і пераменных выдаткаў на адзінку прадукцыі. У гэтым плане характэрна максімальнае выкарыстанне асабістага аўтапарка для дастаўкі сыравіны. Раней ішло па 250-300 мільёнаў на аплату іншым арганізацыям за гэтую работу. Уласнымі сіламі вядзецца мадэрнізацыя печы з выкарыстаннем у выніку ўсіх шасці пуцей сушкі. Раней выкарыстоўваліся толькі чатыры, зараз – пяць. А адзін пуць – гэта на мільярд рублёў прадукцыі за месяц. А колькасць работнікаў ранейшая.

—        У чым аптымізм у рабоце прадпрыемства, што стрымлівае дасягненне намечанага?

—        Мы навучыліся вырабляць добры будаўнічы матэрыял. Ён прызнаецца лепшым па сваіх характарыстыках і ў Беларусі, і за мяжой. Тут і непаўторная якасць сыравіны, і адпрацаваная тэхналогія, і майстэрства нашых людзей. Мы больш смела выходзім на спажыўцоў у Расіі, у прыватнасці, больш з нашай цэглы будуць будаваць у Калінінградзе, Бранску, Пскове і іншых рэгіёнах. Ёсць і прывабныя інвестыцыйныя праекты з Турцыі, Аўстрыі. А стрымлівае пакуль цана нашай цэглы. Напрыклад, пры ўзвядзенні пяціпавярховага дома наша цэгла абыдзецца на 3,45 працэнта больш, чым сілікатная. Але гэта ўяўная эканомія. Будынкі з нашай керамічнай цэглы больш трывалыя, даўгавечныя і камфортныя для жылля. На жаль, гэта не заўжды ўлічваецца пры праектаванні аб’ектаў.

Гутарыў Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *