ААТ “Белаграпрамбанк” акажа адрасную матэрыяльную дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны

Праўленне ААТ “Белаграпрамбанк” сёлета прыняло рашэнне аб аказанні  адраснай матэрыяльнай дапамогі  ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія маюць у ёй найбольшую патрэбу. Абраць кандыдатаў даручылі  абласным саветам ветэранаў, а на месцах – раённым па ўзгадненні з мясцовымі  ўладамі.

…На хутары Расошкі, што ля  вёскі Гарадная, жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны Адам Васільевіч Палешка, які  мае баявы ордэн за збіты  нямецкі  самалёт. Яго бацькі  пасяліліся на хутары   ў  1935 годзе. З таго часу  невялічкая драўляная хатка пастарэла, яе нельга  напаліць узімку. Таму  жыве ветэран у родных сценах толькі ўлетку разам з дачкою. Агарод не садзяць, бо вясной іх тут няма, а з надыходам восені  ад’язджаюць у Пінск.

Паветра на хутары гаючае, але  цяжка з вадою. Раней яе бралі  недалёка з крыніцы, ды цяпер вада там стала непрыгоднай. Даводзіцца хадзіць па  яе  ў  вёску за 1,5 кіламетра. Наспела неабходнасць  прабіць мінісвідравіну. Менавіта для гэтага  банк  і выдзеліў грашовую дапамогу.

Днямі  на хутар прыехалі начальнік  упраўлення  па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  В. М. Харавец, старшыня  раённага савета ветэранаў В. В. Мірановіч і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага  абслугоўвання насельніцтва Л. Ф. Дземідовіч. Яны пагутарылі з ветэранам, даведаліся пра ўзнікшыя  жыццёвыя пытанні, акрамя водазабеспячэння, намецілі шляхі іх вырашэння і ўручылі  спонсарскую дапамогу.

Валянціна  ВАСІЛЬЕВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *