8 дарожна-транспартных здарэнняў адбылося на Століншчыне за няпоўны чэрвень

Першы месяц лета не радуе

Чэрвень яшчэ не скончыўся, але ўжо параўняўся па колькасці дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх пацярпелі ці загінулі людзі, з пяццю першымі месяцамі гэтага года.

Са студзеня па канец мая на дарогах Століншчыны зафіксавана восем дарожна-транспартных здарэнняў, столькі ж і за няпоўны чэрвень.

– Павелічэнне колькасці здарэнняў перш за ўсё абумоўлена спрыяльным надвор’ем, — расказвае старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Столінскага РАУС Юрый АПАНОВІЧ. – На дарогах з’явілася больш веласіпедыстаў, матацыклістаў і пешаходаў. З васьмі чэрвеньскіх здарэнняў у чатырох выпадках пацярпелі веласіпедысты.

У трох выпадках прычынай аварыі стала парушэнне правілаў дарожнага руху менавіта веласіпедыстамі і пешаходамі, якія раптоўна з’яўляліся на дарозе з абочыны.

19 чэрвеня ў 20.10 на ўчастку дарогі “Давыд-Гарадок – Альпень – Хотамель” непадалёку ад Альпеня вадзіцель матацыкла “Хонда” О., 1977 г. н. не выбраў  бяспечную скорасць руху, не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у кювет. У выніку вадзіцель атрымаў  цялесныя  пашко-джанні ў выглядзе пераломаў і быў шпіталізаваны.

20 чэрвеня ў 11.00 на вуліцы Школьнай у аг. Альшаны мясцовы жыхар Б., 1994 г. н. на аўтамабілі наехаў на жанчыну 1957 г. н., жыхарку г. Пінска, якая раптоўна выйшла з-за сустрэчнага аўтамабіля. Вадзіцель завёз пацярпелую ў Давыд-Гарадоцкую бальніцу, але яна ад медыцынскай дапамогі адмовілася. Потым ён завёз яе дадому ў Пінск. А праз нейкі час жанчына адчула боль у плячы і звярнулася ў Пінскую ЦРБ, дзе ў яе дыягнаставалі асколачны пералом плечавой косці.

21 чэрвеня ў 13.50 адбылося дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам веласіпедыста на дарозе непадалёку ад в. Калоднае. Вадзіцель Т., 1983 г. н. з Пінска, наехаў на веласіпедыста К., 1986 г. н., жыхара в. Калоднае. Апошні рухаўся па краі дарогі і раптоўна ў непасрэднай блізкасці ад аўтамабіля пачаў выконваць манёўр развароту. Папярэдзіць сутыкненне не ўдалося, з траўмамі галавы веласіпедыст быў дастаўлены на лячэнне ў Пінск.

Паважаныя веласіпедысты і пешаходы!

Прытрымлівайцеся Правілаў дарожнага руху, і тады вашаму здароўю і жыццю нічога пагражаць не будзе.

Вадзіцелі, калі вы бачыце наперадзе веласіпедыстаў ці пешаходаў, будзьце вельмі ўважлівымі і асцярожнымі – гэта лішні сігнал, каб быць надта акуратным на дарозе.

Беражыце сябе і іншых удзельнікаў дарожнага руху!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *