7 чэрвеня – Дзень меліяратара

На другім паверсе адміністрацыйнага будынка дзяржаўнага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства “Столінскае ПМС” на бачным месцы змешчаны “Гімн меліяратараў”, у якім ёсць трапныя словы: “Шчыруем на асвоеным раздоллі, спрадвеку дзе шапталі чараты. З вятрамі сёння годна тут аб долі гамоніць колас важкі, залаты”.

Створаная 35 гадоў таму меліярацыйная арганізацыя вельмі ж адпавядае і гэтым словам, і свайму прызначэнню.

Калісьці, на першай пары, арганізацыя займалася толькі работамі па догляду меліярацыйных сістэм, якія тады раслі на Століншчыне, як грыбы пасля дажджу. Гэта ачыстка ад мулу, драўнінна-хмызняковай расліннасці, абкошванне каналаў, работа помпавых станцый.

— Усе гэтыя функцыі па-ранейшаму засталіся ў нашай дзейнасці, — расказвае дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм Уладзімір Мікалаевіч Гедраец, — але мы цяпер нароўні з перасовачнымі механізаванымі калонамі займаемся і ўсімі работамі па рэканструкцыі меліярацыйных сетак раёна. Па аб’ёмах такія работы пераважаюць.

Вось і цяпер прадстаўнікі дружнага калектыву, які налічвае 143 чалавекі, заўзята працуюць не толькі на доглядных работах, а і вядуць рэканструкцыю на аб’екце на тэрыторыі КСУП “Струга”, меліярацыю пераўвільготненых земляў у СВК “Рухчанскі”. На першым аб’екце да верасня мяркуецца перадаць у карыстанне аграрыям 300 гектараў, а на другім – 450 гектараў асвоеных угоддзяў.

Работа меліяратараў практычна вымяраецца асвоенымі гектарамі ўгоддзяў, масай выбранай з каналаў зямлі. А па праўдзе ж яе варта ацэньваць ураджаямі кармоў і тэхнічных культур, прыбаўкамі ў атрыманні жывёлагадоўчай прадукцыі…

Напярэдадні прафесіянальнага свята мы разам з Уладзімірам Мікалаевічам Гедрайцом пабывалі на аб’ектах, дзе цяпер пануе найбольшае працоўнае напружанне. Вельмі ўразіла поле, якое неўзабаве будзе перададзена ў эксплуатацыю СВК “Рухчанскі”. Злева ўздоўж дарогі з Радчыцка на Рухчу як воку пабачыць – толькі што асвоены зямельны масіў. Часткова аб’ект засеяны травамі і кукурузай, а пра яго незакончанасць сведчаць валы ўздоўж каналаў. Яны чакаюць свайго часу, пасля распаду хмызнякоў і іншых раслінных рэшткаў поле стане роўным і чыстым.

На частцы цяперашніх аб’ектаў некалькі дзесяцігоддзяў таму былі праведзены пэўныя меліярацыйныя работы. З часам эфектыўнасць ад іх знізілася, прыстойны ўраджай стала атрымліваць немагчыма. Таму і даецца другое дыханне зямлі, каб яна зноў радавала хлебароба добрым здабыткам.

У тым, што прадпрымства меліярацыйных сістэм удала спалучае функцыі і вытворча-меліярацыйнай і эксплуатацыйнай арганізацый, можна пераканацца на аб’екце ў СВК “Рухчанскі”. Тут адначасова на розных  участках  вядзецца ворыва няўдобіц з наступнай планіроўкай і дыскаваннем, а таксама ўкладка дрэнажу, раскарчоўка, падрэзка бермы, ачыстка каналаў. Зачароўвае гэты непаўторны комплекс гаспадарання на зямлі. Кожны з меліяратараў добра ведае сваю справу, цэніць яе.

Машыніст экскаватара Леанід Іванавіч Дабрынец – вопытны работнік. Адчуваецца, што ён мае задавальненне ад зробленага:

– Ачышчаю ад мулу канал. Прыемна бачыць, якая прыгажосць застаецца за агрэгатам.

Вопытны вадзіцель Уладзімір Уладзіміравіч Савачка не толькі падвозіць на аб’екты людзей, а і сам прымае ўдзел у рабоце, дапамагае іншым меліяратарам. Ён ганарыцца сваёй прафесіяй:

У ПМС я з дня заснавання арганізацыі, а гэта 35 гадоў. Якія работы ні даводзілася выконваць за гэты час, у якіх куточках Століншчыны ні бываў, заўжды прыемна было за нашу працу.

Прадпрыемства славіцца шчырымі працаўнікамі. Перад святам прыйшла вестка аб узнагароджванні Ганаровымі граматамі Брэсцкага ўпраўлення меліярацыйнай гаспадаркі вадзіцеля Уладзіміра Уладзіміравіча Савачкі, машыніста экскаватара Уладзіміра Мікалаевіча Ярмашэвіча, падзячнымі пісьмамі – інжынера-дыспетчара Пятра Андрэевіча Казубоўскага, машыніста бульдозера Аляксея Іосіфавіча Быка, машыніста экскаватара Уладзіміра Андрэевіча Буйніча.

Сярод тых, хто сапраўдны гонар калектыву, кіраўніцтва назвала машыністаў экскаватараў Васіля Лявонцьевіча Платніцкага, Рыгора Васільевіча Мароза, Міхаіла Фёдаравіча Мазана, Васіля Фёдаравіча Майсюка, Валерыя Аляксандравіча Калеснікава, Леаніда Іванавіча Дабрынца. Няма роўных па майстэрству машыністам бульдозераў Антону Аляксандравічу Бурдзе, Віктару Мікалаевічу Язубцу, Сяргею Міхайлавічу Савічу, Уладзіміру Міхайлавічу Літвінку. Спрытна спраўляюцца са складанымі работамі трактарысты-машыністы сельскагаспадарчай вытворчасці Міхаіл Міхайлавіч Несцяровіч, Міхаіл Аляксандравіч Шпакоўскі, Іосіф Іосіфавіч Балінскі, Аляксандр Іванавіч Даныш, Міхаіл Сцяпанавіч Бык, Дзмітрый Мікалаевіч Цімановіч, Вячаслаў Мікалаевіч Аляшкевіч, Віталій Фёдаравіч Краўцоў, Аляксандр Паўлавіч Краўчук, Аляксандр Аляксандравіч Талстыка.

На аддаленых аб’ектах, на дастаўцы неабходных матэрыялаў і грузаў не абысціся без вадзіцеляў. Не падводзяць у гэтым Іван Міхайлавіч Мароз, Іван Іванавіч Пашкевіч, Валянцін Сяргеевіч Гутнікаў, Мікалай Мікалаевіч Пыталь, Мікалай Рыгоравіч Хвацюк, Сяргей Мікалаевіч Бруцкі, Генадзь Аляксандравіч Козел.

Бездакорную работу помпавых станцый  гарантуюць  машыністы Мікалай Мікалаевіч Ляшкевіч, Мікалай Рыгоравіч Пешка, Генадзь Андрэевіч Сімановіч, Уладзімір Іванавіч Дубейка, Юрый Алегавіч Іконнікаў, Анатоль Аляксандравіч Тарчыла.

Цяжка пераацаніць уклад у агульную справу электраманцёра Яўгенія Анатольевіча Юнкевіча, слесара Аляксея Вячаслававіча Папова, электрагазазваршчыка Анатоля Анатольевіча Кірдзея.

Выдатна спраўляюцца з абавязкамі старшы майстар Яўгеній Пятровіч Пашкавец, інжынер па кадастру Любоў Адамаўна Палхоўская, начальнік участка Аляксандр Пятровіч Лічэўскі, майстар Ілья Канстанцінавіч Гуцко, загадчык майстэрні Анатоль Пятровіч Дабрыянец, кантралёр КВП Анатоль Расціслававіч Качаноўскі, аглядчык гідратэхнічных збудаванняў Вадзім Васільевіч Лазейка.

Фёдар ШУМКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *