21 чэрвеня – Дзень медыцынскіх работнікаў

Напярэдадні прафесійнага свята сустрэлася з урачом эндакрынолагам паліклінікі Столінскай цэнтральнай раённай бальніцы Васілём Васільевічам Ерамейчыкам. У ЦРБ ён працуе ўжо17 гадоў.

 Малая радзіма Васіля Васільевіча – вёска Кароцічы. Тут нарадзіўся, скончыў сярэднюю школу з сярэбраным медалём. Выбіраў паміж медыцынскай і педагагічнай вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Але пэўная акалічнасць — маці хварэла на цукровы дыябет – расставіла ўсе кропкі над “і”. Юнак прыняў цвёрдае рашэнне стаць урачом і лячыць хворых з такім захворванннем.

У 1991 годзе з першай спробы Васіль паступіў у Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут па спецыяльнасці “лячэбная справа”.

– Студэнцтва – вясёлы час, але запомніўся больш за ўсё тым, што патрэбна было шмат рыхтавацца да заняткаў, — гаворыць суразмоўца. – Радуе, што і зараз  падтрымліваем сувязі. Дарэчы, усе 10 аднагрупнікаў працуюць у сферы аховы здароўя і не перайшлі ў іншыя.

Пасля вучобы Васіль Ерамейчык паспяхова прайшоў інтэрнатуру ў Брэсцкім абласным эндакрыналагічным дыспансеры. У 1998 годзе прыступіў да работы ў якасці ўрача-эндакрынолага Столінскай паліклінікі.

–  З часам прыходзіць вопыт, веды, навыкі, — дзеліцца Васіль Васільевіч. — На першых кроках у рабоце падтрымку і словам, і ведамі, і парадай аказваў тагачасны загадчык эндакрыналагічнага аддзялення паліклінікі Сакрэта Уладзімір Міхайлавіч.

Асноўныя праблемы эндакрыналогіі – гэта захворванні цукровы дыябет і рак шчытападобнай залозы. Штогадова рэгіструецца 180-200 выпадкаў захворвання цукровым дыябетам.  Сёння на ўліку знаходзіцца каля 1700 жыхароў раёна. На жаль, цукровы дыябет дыягнастуецца і ў дзяцей. З пачатку года такіх выпадкаў ужо два.

Які існуе рэцэпт для супрацьстаяння хваробе? Адказ даволі просты і знаходзіцца, як кажуць, на паверхні – правільнае харчаванне (у першую чаргу, мінімальнае ўжыванне простых вугляводаў) і фізічныя нагрузкі.

Што да раку шчытападобнай залозы, то раней у групе рызыкі знаходзіліся маладыя людзі 1968-1986 гадоў нараджэння з прычыны наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Зараз сітуацыя змянілася – часцей гэтая хвароба сустракаецца ў людзей непрацаздольнага ўзросту.

— Нашы пацыенты, у асноўным, пакутуюць ад хранічных хвароб і прыкладна раз у месяц з кожным з іх мы сустракаемся. За гады працы з імі добра пазнаёміўся і, можна сказаць, прыкіпеў душой, — гаворыць урач.

Акрамя практычнай дапамогі пацыентам, Васіль Васільевіч Ерамейчык займаецца арганізацыйнай работай.

У 2007-2009 гадах прымаў актыўны ўдзел разам з нямецкімі спецыялістамі ў рэалізацыі  міжнароднага тэматычнага праекта на базе Столінскай ЦРБ. Яго мэта  – прасачыць за станам здароўя прааперыраваных хворых на рак шчытападобнай залозы. Міжнародны праект паспрыяў умацаванню матэрыяльна-тэх-нічнай базы: у цэнтральнай раённай бальніцы з’явіўся апарат для вызначэння ўзроўню гармонаў шчытападобнай залозы. З гэтага часу столінскія ўрачы пачалі самастойна даследаваць іх узровень.

З 1998 па 2002 год сумесна з брыгадай японскіх урачоў па лініі Чырвонага Крыжа абследавалі пацыентаў з вузлавым зобам: праводзілі пункцыйную біяпсію вузлоў. Пасля гэтага японцы высылалі вынікі.

У мінулым годзе спецыялісты наведалі аграгарадок Рубель, дзе жыхарам рабілі ультрагукавое абследаванне. У двух чалавек выяўлены паталогіі.

– Чамусьці многія думаюць, быццам інсуліназамяняючыя прэпараты айчыннай вытворчасці горшай якасці, чым імпартныя, — зазначае ўрач. – На самай справе, гэта не так. Беларускія лекавыя сродкі ні ў чым не ўступаюць замежным.

Васіль Васільевіч  Ерамейчык пастаянна павышае веды па спецыяльнасці. Апошні раз на курсах павышэння кваліфікацыі быў у 2012 годзе ў БелМАПА, кожны год ўдзельнічае ў рэспубліканскай канферэнцыі.

А дома яго чакае жонка Наталля, якая таксама працуе ў сферы аховы здароўя – дыспетчарам па прыёме выклікаў хуткай дапамогі. Дзве дачкі – васьмікласніца Ксенія і трэццякласніца Лізавета – бацькоўская радасць.

У вольны час Васіль Ерамейчык завіхаецца на агародзе, вырошчвае лілеі, чытае кнігі на гістарычную тэматыку. Асабліва даспадобы аповеды пра царскую сям’ю.

Святлана  ШПАКОЎСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *