13 санітарных дружын Столiнскага раёна правялi спаборнiцтва

29 мая ў былым піянерскім лагеры “Гарынь” прайшлі раённыя спаборніцтвы санітарных дружын раёна.

Каманды віталі першы намеснік начальніка Столінскага раённага аддзела ўнутраных спраў Дзяніс Валер’евіч Жукоўскі,  галоўны суддзя спаборніцтваў Аляксей Паўлавіч Ільюшчанкаў.

У раёне створана 13 санітарных дружын. Удзел у мерапрыемстве прынялі каманды 12 працоўных арганізацый.

Мэта гэтага мерапрыемства – праверка ведаў і ўменняў, гатоўнасці санітарных дружын да надзвычайных сітуацый, аказання першай медыцынскай дапамогі пацярпеўшым. Сандружыны павінны ўмець аказаць першую дапамогу, правільна карыстацца сродкамі абароны, без панікі паводзіць сябе ў стрэсавых сітуацыях.

Наколькі гатовыя да надзвычайных сітуацый, як паводзіць сябе ў такія моманты, прадэманстравалі дружыны ААТ “Савушкін прадукт”, Гарынскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Гарынскі агракамбінат,  КУШВП “Столінская жыллёва-камунальная гаспадарка”, Столінская ПМК-24, СВК “Палеская ніва”, СВК “Фядорскі”, СВК “Новая Прыпяць”, СВК “Лядзецкі”, КСУП “Веляміцкі”, КУВП “Манькавічы”, КСУП “Беражное”.

Санітарныя дружыны можна было адрозніць па знешнім выглядзе і экіпіроўцы. Кожная каманда мела камандзіра і, у асноўным, тры звяны. На першым этапе ўдзельнікі прадэманстравалі ўкамплектаванасць аптэчак лекавымі прэпаратамі. Прычым, звярталася ўвага не толькі на наяўнасць, але і тэрмін захоўвання. На належным узроўні ўдзельнікі паказалі ўменне карыстацца процівагазам і надзяваць яго другому чалавеку.  Амаль усе  справіліся з гэтым заданнем.

Другі этап – ачаг камбінаванага паражэння. Тут праходзілі праверку на ўменне аказваць першую медыцынскую дапамогу, правільную пагрузку ў машыну хуткай медыцынскай дапамогі, веданне пытанняў санітарнай апрацоўкі.

Далей ішлі ачагі хімічнага і інфекцыйнага  паражэння. Тут таксама патрэбна было праявіць веды і кемлівасць.

Пяты этап, які чакаў санітарныя дружыны, шпітальнае аддзяленне. Удзельнікі спаборніцтваў расказвалі суддзям, як правільна пералажыць хворага, паставіць медыцынскія банькі, палічыць пульс, правесці ёдную прафілактыку…

Па выніках спаборніцтваў вылучаны  лепшыя  санітарныя дружыны. Першае месца заняла санітарная дружына ААТ “Савушкін прадукт”, на другім месцы размясцілася каманда КСУП “Беражное”, а трэцяе заваявала сандружына КУВП “Манькавічы”.

Вылучаны лепшы камандзір – Круг Таццяна Іванаўна з сандружыны Гарынскага агракамбіната, сандружынніца Кох Аксана Юр’еўна з СВК “Фядорскі”.

На тэрыторыі лагера “Гарынь” працавалі гандлёвыя павільёнчыкі Столінскага райспажыўтаварыства. Усе жадаючыя маглі пакаштаваць шашлык, каўбаскі, набыць напіткі і прысмакі.

Святлана ШПАКОЎСКАЯ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *