100 долараў коштаваў жыхару г. Століна 1 год і 6 месяцаў строгага рэжыму

З-за сваёй легкадумнасці і празмернай даверлівасці жыхар райцэнтра застаўся без сваіх кроўных. Ён перадаў 100 долараў жыхару г. Століна Н., 1992 г. н. для абмену на рублі.

Н., які ў той час знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, замежную валюту забраў, але сродкі ў беларускім эквіваленце не вярнуў. Пасля таго, як купюра аказалася ў яго руках, Н. кінуўся на ўцёкі.

Абвінавачваемы ўжо мае судзімасць за наўмыснае злачынства.

Адбыўся суд на чале з суддзёю Карасінскім Д. І. пры ўдзеле дзяржаўнага абвінаваўцы старшага памочніка пракурора Д. М. Харашуна.

У час суда Н. не прызнаў сваю віну. Акалічнасцю, якая абцяжарвае адказнасць, суд прызнаў учыненне злачынства ў стане алкагольнага ап’янення.

Суд кваліфікуе дзеянні абвінавачваемага па частцы 2 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Махлярства”. Н. прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам  на 1 год і 6 месяцаў з адбываннем пакарання ва ўмовах строгага рэжыму.

Аліна НОВІКАВА 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *