Як адсвяткавалі дзень аграгарадка ў Рухчы?

Святкаванне разгарнулася ў скверы, насупраць сельскага Дома культуры. Вядучыя – дырэктар СДК Ніна Трушко і мастацкі кіраўнік Нэлі Крывалевіч –   прывіталі землякоў, павіншавалі са святам аграгарадка, якое адзначаецца ў Дзень  Свяціцеля Мікалая Цудатворца.

Урачыстасці пачаліся з частавання гасцей караваем пад песню “Хлеб ды соль” у выкананні вядучых.

З вітальнымі словамі выступіў старшыня Рухчанскага сельскага Савета Валерый Уладзіміравіч Ліс. Ён расказаў пра тое, чым жыве сёння аграгарадок, падзякаваў тым, хто прымае актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні населенага пункта.

Падчас урачыстасці павіталі і перадалі падарункі самым старэйшым жыхарам – Шаўчук Вользе Аляксандраўне, Кужко Марыі Фамінічне. Музычным падарункам стала песня ў выкананні Эдуарда Голышава   “Помолимся за родителей”.

Словы віншавання і падарункі былі таксама для сямейнай пары, якая ў міры і згодзе дажыла да залатога вяселля, –  Свірскіх Уладзіміра Емяльянавіча і Аляксандры Адамаўны. У падарунак прагучала песня ў выкананні Нэлі Крывалевіч.

Самая маленькая жыхарка аграгарадка Лізанька з’явілася на свет у дружнай сям’і Мазалёў – Аляксандра Аляксеевіча і Ларысы Яўгенаўны. Лізанька і яе бацькі таксама атрымалі падарунак і словы віншавання. Музычным падарункам для іх стала песня ў выкананні Ніны Трушко  “Маленькая принцесса”.

У гэты святочны дзень дні нараджэння адзначылі Святлана Рыгораўна Лазіцкая і Ганна Іванаўна Некрашэвіч. Для іх музычным падарункам стала песня “С днём рождения” ў выкананні  Віталя Трушко і Аліны Літвінавай.

2015 год у Рэспубліцы Беларусь аб’яўлены Годам моладзі. Менавіта маладым трэба будзе жыць у новым грамадстве. Са словамі віншавання выступіў дырэктар ДУА “Рухчанскі НПК яслі-сад сярэдняя школа” Курч Аляксандр Данілавіч. Ён павіншаваў землякоў, а моладзі пажадаў, каб ім шанцавала ў жыцці і збыліся ўсе іх мары. Аляксандр Данілавіч уручыў  Пахвальныя лісты за выдатную вучобу вучням школы.

Ганаровымі граматамі  раённага камітэта прафсаюза працаўнікоў АПК былі ўзнагароджаны працаўнікі СВК “Рухчанскі” Кужко Аляксандр Аляксандравіч і Лузько Аляксандр Іванавіч.

Словы падзякі і падарункі атрымалі самыя актыўныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Рухчанскага СДК Дзенісовіч Людміла Аляксееўна і Голышаў Эдуард Уладзіміравіч.

Бібліятэкар сельскай бібліятэкі Крывалевіч Валянціна Мікалаеўна павіншавала са святам, адзначыла самых актыўных чытачоў – Кандрацьева Алега, Калавура Рыгора, Мацюх Анастасію.

Віншаванні змяняліся музычнымі падарункамі ад Людмілы Дзенісовіч, Валянціны Крывалевіч, Алесі Крывалевіч, Дар’і Яшчук, Алёны Стральчук, Насці Колб, Уладзіслава Трушко, Віктара Стральчука, Аляксандра Трушко.

Павіншаваць з днём аграгарадка прыехалі артысты аматарскай творчасці.

Прыемныя хвіліны і вясёлы настрой дарыў клуб аматараў песні “ Ярок”, які носіць ганаровае званне “народны”. Кіраўнік клуба Валерый Юр’евіч Шуркала павіншаваў жыхароў Рухчы са святам, пажадаў ім усяго найлепшага. Вясёлыя  песні клуба “Ярок”,  якія пранізаны пачуццём сучаснасці, сувяззю часу і пакаленняў, дарылі вясёлы настрой і незабыўныя хвіліны радасці жыхарам і гасцям  Рухчы.

У госці да рухчан са сваёй канцэртнай праграмай прыехалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Асаўскога СДК. І яшчэ колькі часу жахары і госці Рухчы атрымлівалі задавальненне ад песень у выкананні Жанны Квятка, Сняжаны Багатка, Марыны Бут-Гусаім, Ані Пратасавіцкай, Крысціны Мураўёвай.

Свята прадоўжылі самадзейныя артысты Плотніцкага дома культуры.

Шчырымі апладысментамі сустракалі кожнае выступленне дырэктара СДК Станіславы Валанцэвіч, якой прыйшлося спяваць яшчэ і   “на біс”.

З музычнымі нумарамі выступалі Вольга Вярэніч, Лізавета Лазіцкая, Дзіяна Радзько, Пётр Наздрын, удзельнікі клуба аматараў фальклору.

Радавалі вока і выстаўкі, асабліва прываблівала выстаўка вышытых ікон, а таксама вязаных рэчаў Казачок Любові Адамаўны.

Насупраць працавалі гандлёвыя рады. Тут можна было пасмакаваць салодкую вату і попкорн, прахаладжальныя напіткі і марожанае. Дзяцей прываблівала надзіманая горка.

Дзякуй вам, аднавяскоўцы, што прыйшлі на свята. Квітней, Рухча, хай будзе тут мір, згода і шчасце!

 Нэлі Крывалевіч,

мастацкі кіраўнік Рухчанскага СДК

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *