Пра кармы, як пра хлеб! Час не церпiць!

Раённы семінар-нарада “Арганізацыя нарыхтоўкі кармоў і летне-пашавае ўтрыманне жывёлы ў 2015 годзе” прайшоў на базе СВК “Палеская ніва”. У ім прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі, кіраўніцтва і спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, арганізацый, якія абслугоўваюць АПК, кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый.

На першы погляд, у кожнай гаспадарцы ёсць вопыт нарыхтоўкі травяністых кармоў. Але ва ўмовах, калі з-за дэфіцыту вільгаці і веснавых халадоў марудзіць з першым укосам ніяк нельга, на першы план выходзяць дакладная арганізацыя працы і строгая тэхналагічная дысцыпліна.  Не павінна паўтарацца такое, што траншэя запаўняецца  тыдзень-два, абы-як трамбуецца, неахайна ўкрываецца.

Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Мікалаевіч Пачко падкрэсліў, што раннія травы, яжа зборная, ужо выкінулі мяцёлку, губляюць пажыўнасць. Час не церпіць.  Няхай  і  менш  будзе сенажу з першага ўкосу, ён павінен быць з высокім утрыманнем карысных рэчываў, не сапсавацца пры захаванні. На асаблівасці нарыхтоўкі кармоў з траў першага ўкосу ў гэтым годзе звярнуў увагу намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Лявонцій Мікалаевіч Ляшкевіч. Частка гаспадарак яўна спазнілася з пачаткам корманарыхтоўчых работ. Знаходзячы гэтаму адгаворкі, яны, як правіла, вядуць пошукі травяністых кармоў у іншых гаспадарках ранняй вясною, бо свае скончыліся. Такое, напрыклад, паўтараецца з году ў год у КСУП “Прыгарынскі-2012”.

Яскравы прыклад гаспадарскага падыходу да ўмацавання кармавой базы – вядзенне работ у СВК “Фядорскі”. Яны своечасова выйшлі на касьбу траў, маюць сенажу намнога больш, чым усе гаспадаркі разам. У Фядорах цяпер  не   даводзіцца   скардзіцца на дажджлівае надвор’е, на неспрыяльныя ўмовы па атрыманні наступнага ўкосу траў.

Пайшла размова і аб прагрэсіўнай тэхналогіі нарыхтоўкі сенажу – у палімерныя рулоны. Тут адзінымі вызначыліся працаўнікі  КСУП “Струга”, дзе ўжо маюць 81 тону такога корму. Нарыхтаваны  ў  палімерныя рулоны, сянаж мае значна больш высокую пажыўнасць, чым у траншэях. Як расказаў кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Мікалаевіч Белавус, такі корм жывёла з’ядае да апошняга лісточка. У гаспадарках, якія маюць тэхнічную магчымасць  нарыхтоўваць корм па перадавой тэхналогіі, спасылаюцца на значныя фінансавыя затраты на першапачатковым этапе, калі трэба набываць тую ж плёнку. А вось канчатковы эфект, у тым ліку і эканамічны, чамусьці не ўлічваецца.

Закрануты і пытанні тэхнічнай гатоўнасці да нарыхтоўкі кармоў. Як праінфармаваў начальнік аддзела райсельгасхарчу Валерый Іванавіч Багатка, не ўся тэхніка аказалася гатовай да работы. Дзесьці не знайшлі грошай на запчасткі, а ў КСУП “Рубельскі” няма механізатара на камбайн.

Цяпер большая частка дойнага статка раёна гадуецца на пашы. Пра эфектыўнасць выкарыстання пашы, малака і камбікармоў для жывёлы гаварыў намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Аляксандр Ільіч Лузай.

А найлепш з тэхналагічнымі асаблівасцямі касьбы шматгадовых траў, арганізацыяй пашавага ўтрымання кароў усе змаглі пераканацца на прыкладзе СВК “Палеская ніва”. Тут выкарыстоўваюць эфектыўна тэхніку, прытрымліваюцца тэхналогіі. Спецыялісты гаспадаркі прадэманстравалі на практыцы, як касіць травы, падвяльваць масу, трамбаваць яе ў траншэях, загортваць корм плёнкай. На пашы ўсе ўбачылі пакрокавае спажыванне траў, падкошванне выкарыстаных участкаў.

Фёдар ШУМКО 

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *