Крымінальная хроніка па Столінскім раёне

Асцярожна – фальшыўка!

Пачасціліся выпадкі выяўлення фальшывых грошай у нашым раёне. У адным з аддзяленняў  Беларусбанка  ў  Століне грамадзянка Г. спрабавала абмяняць купюру вартасцю 100 долараў ЗША. Аказалася, што купюра выраблена спосабам глыбокага друкавання. Як растлумачыла грамадзянка,  якая   працуе  прадаўцом  у  Расійскай Федэрацыі, грошы яна атрымала ад знаёмага, які, быццам, набыў падробку ў адным з банкаў Масквы. Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа.

Аж з Барысава прыехаў…

У ходзе аператыўна-пошукавых   мерапрыемстваў аддзяленнем   крымінальнага  вышуку  ўстаноўлена,  што  крадзеж двух газавых балонаў, швейнай машынкі, трох алюмініевых біклаг, газавай пліты, дзвюх падушак і пакрывала з нежылога дома ў вёсцы Сіціцк учыніў жыхар горада Барысава Мінскай вобласці К., які нідзе не працуе.

Знайшоў гранату

У час правядзення земляных работ на прысядзібным участку жыхар вёскі Вялікі Лес Л. знайшоў гранату часоў мінулай вайны. Выкліканая сапёрна-піратэхнічная група абясшкодзіла гранату.

Дайшло на трэці дзень

Зламаўшы дзверы, зладзеі праніклі ў кафэ аграгарадка Рамель, адкуль укралі таварна-матэрыяльныя каштоўнасці. Неўзабаве асобы, якія пайшлі на такое, былі ўстаноўлены. Але ўражвае тое, што крадзеж быў заўважаны толькі на трэція суткі…

Страляў з пнеўматыкі

21 мая прыкладна ў 22.20 паблізу бара “Ліга” па вуліцы Савецкай у Століне невядомы пачаў страляць па бакавым шкле аўтобуса МАЗ-103, які належыць аўтапарку № 12.  Нанесены машыне ўрон – 2 мільёны 440 тысяч рублёў.  Устаноўлена,  што хуліганства ўчыніў вучань сярэдняй школы  № 3 г. Століна Н.

Ты мяне паважаеш?

Жыхар Брэста Б. звярнуўся ў міліцыю са скаргай на незнаёмага, якому ён даў грошы для набыцця спіртнога каля магазіна “Аракс” у Століне.  Незнаёмец спіртное не набыў, а пайшоў з грашамі ў невядомым напрамку. Работнікі міліцыі аднак выявілі асобу гэтага няветлівага незнаёмца.

Па зводках міліцыі

падрыхтаваў   Фёдар ШУМКО

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *