Колькi ж каштуе лавачка?

Гэтая гісторыя з лавачкай на аўтобусным прыпынку на трасе насупраць вёскі Пясова пачалася яшчэ ў 2012 годзе. На першай пары, калі быць аб’ектыўным, у скаргах жыхароў Пясова ўздымаліся пытанні “будаўніцтва прыпыначнага павільёна і якаснага абслугоўвання аўтобуснымі зносінамі насельніцтва вёсак Пясова і Лучыцы”.

Моцна хацелі вяскоўцы, каб у іх вёскі рэгулярна прыходзілі аўтобусы, на якіх можна было б дабрацца ў райцэнтр. А пакуль не было магчымасці забяспечыць гэта, абсталяваць павільён, а ўрэшце, хаця б лавачку на перакрыжаванні з участкам аўтадарогі Глінка —  Гарадная.

Скаргі не былі пакінуты без увагі з боку філіяла КУП “Брэстаблбуд” Столінскае рамонтна-дарожнае ўпраўленне № 141, Столінскага райвыканкама, Пінскага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці. Яны аператыўна інфармавалі аўтараў скаргаў.

У 2012 годзе паведамлялася, што “па інфармацыі кіраўніцтва аўтапарка №12 г. Століна вёскі Пясова і Лучыца абслугоўваюцца штодзённа аўтобуснымі маршрутамі “Столін — Дзераўная” (па панядзелках, серадах, пятніцах і нядзелях) і “Столін — Гарадная” (па аўторках, чацвяргах і суботах).” Па нарматыве сацыяльных стандартаў гэта больш чым дастаткова. А вось для ажыццяўлення заезду ў вёску Пясова неабходна павялічыць працягласць аўтобуснага маршруту, што, як гаворыцца ў афіцыйным адказе, “адаб’ецца на кошце праезду асноўнай масы пасажыраў і выкліча іх справядлівую незадаволенасць. Акрамя таго, в. Пясова ўваходзіць у трохкіламетровую зону ахопу аўтобусным рухам”.

У адказе Пінскага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю на калектыўны зварот спачатку абнадзеілі жыхароў Пясова: ”Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь  ад  30.05.2003  года   № 724 “Аб мерах па ўкараненні сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва рэспублікі” зацверджана, што ахоп населеных пунктаў з колькасцю ад 10 да 30 двароў прадугледжвае абавязковае выкананне не менш за чатыры рэйсы ў тыдзень, звыш 30 двароў – восем рэйсаў на тыдзень”.

Паколькі ў Пясова 44 двары, у якіх 89 жыхароў, аўтобус у вёску павінен хадзіць не менш за восем разоў на тыдзень. Але тут пачынае дзейнічаць яшчэ адна норма той жа пастановы: “Зона ахопу населеных пунктаў з колькасцю двароў звыш 10 аўтобусным рухам складае тры кіламетры. Згодна з інфармацыяй Гараднянскага сельвыканкама адлегласць ад цэнтра в. Пясова да аўтобуснага прыпынку в. Лучыца 2,5 кіламетра”.

Такім чынам, парушэння дзеючага заканадаўства няма, аўтобусы справядліва не заходзяць у Пясова.

У рэдакцыю завітаў адзін з аўтараў зваротаў Іосіф Іванавіч Пешка. Ён згаджаецца, што давядзецца з вёскі на прыпыначны пункт дабірацца каму два, каму і больш кіламетраў. Але чаму нічога не робіцца для абсталявання прыпыначнага павільёна? Хаця б лавачку змайстравалі, каб чакаць аўтобус…

І ў 2012-м, і ў наступныя гады жыхары Пясова на такую просьбу атрымалі адказы. У 2012-м: ”Па пытанні будаўніцтва прыпыначнага павільёна паведамляем, што цяпер выканаць работы па яго ўстаноўцы не ўяўляецца магчымым з-за адсутнасці фінансавых сродкаў, якія выдзяляюцца ДРБУ-141 на бягучы рамонт і ўтрыманне аўтадарог. На сённяшні дзень ёсць пяць нерэалізаваных праектаў на ўстаноўку аўтапавільёнаў на аўтадарогах раёна, якія былі запланаваны да выканання”. З ДРБУ-141 адказ таксама не абнадзейваў, хаця даваўся ён праз цэлы год: “”Абсталяванне аўтобуснага прыпынку на аўтадарозе Н-592 Глінка — Калонія (перад паваротам на в. Пясова) не прадугледжана праектам і дыслакацыяй, распрацаванымі КУВП “Брэстдарпраект” у 2007 годзе. Для ўстройства аўтобуснага прыпынку неабходна выдзяленне фінансавых сродкаў на выраб праектна-каштарыснай дакументацыі і правядзення будаўніча-мантажных работ. У сувязі з поўным выкарыстаннем ліміту выдзеленых фінансавых сродкаў на 2013 год па ўтрыманні дарог і вуліц вырабіць дакументацыю і выканаць работы па ўстройству аўтобуснага прыпынку не ўяўляецца магчымым. Калі Вы не згодны з дадзеным адказам, маеце права звярнуцца ў вышэйстаячую арганізацыю…”

У маі 2013 года вышэйстаячая арганізацыя, Пінскі міжраённы камітэт дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці, атрымаўшы такі зварот, адказала: “Па пытанні ўстаноўкі прыпыначнага павільёна Ваш пісьмовы зварот накіраваны ў Столінскі райвыканкам для разгляду і прыняцця мер. Пра вынікі Вы будзеце інфармаваны…” І яшчэ адна істотная падказка: “У выпадку нязгоды з адказам Вы маеце права на абскарджванне ў парадку, устаноўленым арт. 20 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” ад 18.07.2011 года № 300-3”.

Разумеем, што чытачам, як і ўсім, хто рабіў звароты, становіцца цяжка сачыць за такой працяглай перапіскай, у якой пакуль не адчуваецца жадання дапамагчы…

Рэдакцыя звярнулася да кіраўніцтва ДРБУ-141, Гараднянскага сельвыканкама з просьбай нарэшце рэальна ажыццявіць мару вяскоўцаў пра хаця б лавачку пры дарозе. Мы прапаноўвалі і сваю дапамогу ў выглядзе рабочых рук і пэўных грашовых узносаў. Не паверыце, літаральна праз тыдзень каля прыпыначнага пункта была змайстравана і пафарбавана лаўка.

Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

Добавить комментарий