16 МАЯ – ДЗЕНЬ РАБОТНІКАЎ ФІЗІЧНАЙ КУЛЬТУРЫ І СПОРТУ

Ён выводзiць у майстры — роля трэнера ў лёсе спартсменаў, дасягненні імі рэкордаў і перамог – высокая і ўсеагульна прызнаная. У тым, што іменна таленавіты трэнер часта ставіць свайго выхаванца на сапраўдны шлях у дасягненні вялікай мэты, можна пераканацца на прыкладзе нястомнага педагога, заўзятара фізкультуры і спорту, трэнера-выкладчыка вышэйшай катэгорыі Давыд-Гарадоцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Аляксея Іванавіча Дзямко.

Аляксей рос спрытным і дужым хлапчуком, на школьных спартыўных мерапрыемствах быў заўжды, як кажуць, на вачах. Сярэдняга росту, ён не надта вылучаўся і камплекцыяй – трымаўся заўжды ў норме. Але яго нястомнасці на футбольным полі, у сектары для скачкоў, на бегавой дарожцы мог пазайздросціць кожны.

Можна сказаць, што Аляксей Іванавіч і прыйшоў у фізкультуру і спорт якраз з самага дзяцінства, калі многія захапляюцца спартыўным гульнямі, але, на жаль, з часам губляюць свае здольнасці,  не  знаходзячы часу для далейшага фізічнага развіцця.

 Аляксей Іванавіч дагэтуль удзячны свайму першаму настаўніку фізкультуры Івану Арцёмавічу Сідарчуку, які падтрымаў яго спартыўны запал, дапамог выбраць справу жыцця.

Не развітваўся Аляксей са спортам і ў час службы ў радах Савецкай Арміі. Ваеннае мнагаборства, кросы, лыжныя гонкі, футбол – усё гэта пастаянна займала шмат часу юнака. Пасля службы ў арміі без сумнення падае дакументы на паступленне на спартыўнае аддзяленне ў Брэсцкі педагагічны інстытут. У гады вучобы ў камандзе інстытута на першынство рэспублікі. Да размеркавання ўжо меў першы спартыўны разрад па футболе.

Яго, па ўсім відаць, чакала далейшая спартыўная і трэнерская кар’ера, бо прапаноўвалі застацца ў Брэсце. Калі папрасіўся размеркаваць на радзіму, на Століншчыну, адразу паспрабавалі адгаварыць. Ён тлумачыў, што хоча дапамагаць бацькам, што і ў глыбінцы таксама можна выхоўваць здольных спартсменаў.

Накіравалі яго ў Столін, дзе ў аддзеле адукацыі, улічваючы яго здольнасці, прапанавалі трэнерскую работу ў Давыд-Гарадку.

Тыя першыя самастойныя крокі трэнера і педагога Аляксей Іванавіч успамінае даволі самакрытычна:

– Я зразумеў, што трэнерскі факультэт і школьны настаўнік – гэта вельмі рознае. Зразумеў, што вельмі мала ведаю.

Як выказваецца сам, стаў гарамі “лапаціць” спецыяльную літаратуру. На практыцы падмацоўваў тэарэтычныя веды.

– Цяпер я магу рыхтаваць здольных выхаванцаў да майстра спорту, — упэўнена гаворыць Аляксей Іванавіч. – Для гэтага патрэбна база. Застаецца выбіраць, якія і калі даваць спартсмену нагрузкі на трэніроўках, аддаваць перавагу практыкаванням да пэўнага віду.

Калі для сябе асабіста трэнер, з’яўляючыся доўга дзеючым спартсменам, аддаваў перавагу гульнявым відам спорту, дык у спартшколе давялося аддаваць перавагу лёгкай атлетыцы. Каралеву спорту ён лічыць найбольш працаёмкім відам.

Першыя поспехі прыйшлі, калі на базе Альшанскай сярэдняй школы яго выхаванка Валянціна Пявец стала чэмпіёнкай вобласці ў бегу на 800 і 1500 метраў. Высокіх дасягненняў дабіліся таксама Мікалай Струг, Іван Сімановіч, Аляксей Семяняк, Уладзімір Разановіч.

Вось ужо адзінаццаць гадоў Аляксей Іванавіч свой чалавек сярод моладзі Рамля, дзе працуе   трэнерам  філіяла  спартшколы. З яго лёгкай рукі тут атрымалі пуцёўку ў спорт чэмпіёны і прызёры вобласці і краіны. Калі раней мясцовыя юнакі і дзяўчаты ў лепшым выпадку перамагалі на раённых спаборніцтвах, дык пад кіраўніцтвам Аляксея Іванавіча шэсць з іх сталі чэмпіёнамі краіны. А ўсяго толькі на вучобу ў вучылішчы алімпійскага рэзерву ім падрыхтавана дзесяць здольных спартсменаў. Сярод іх Дзмітрый Ляшкевіч,  Анастасія Нагар, Фёдар Ляшкевіч, Аляксандр Супрунчык, Марыя Саўлук. Яшчэ адна наша чэмпіёнка Таццяна Сядляр, якая вызначаецца ў бегу на 400 і 800 метраў, цяпер у нацыянальнай маладзёжнай зборнай камандзе Рэспублікі Беларусь.

 Пры сустрэчы з Аляксеем Іванавічам, вядома ж, не мог не спытаць пра першыя крокі ў лёгкай атлетыцы Алены Копец. Цяпер яна мае дванаццаць узнагарод еўрапейскага і сусветнага ўзроўню, з’яўляецца кандыдаткай на паездку на чарговыя Алімпійскія гульні. А тады, пятнаццаць гадоў таму…

– Алена – гэта для мяне вяршыня, зорачка, — прызнаецца Аляксей Іванавіч. — Я яе заўважыў адразу. Дзяўчынка развівалася ў фізкультуры гарманічна. Чаму аддалі перавагу штурханню ядра і дыска? Зрабілі тэсты, выявілі патэнцыяльныя магчымасці. Прырода дала ёй адпаведныя рост, вагу, добрае здароўе. Заставалася працаваць над удасканаленнем яе здольнасцяў, шліфаваннем тэхнікі. Вельмі многае залежала ад псіхалагічнага настрою самой Алены. Памятаю, як мы сур’ёзна размаўлялі з Аленай, калі паўстала пара вызначыцца: па-сапраўднаму займацца штурханнем ці застацца падаваць надзеі? Я прапанаваў графік яе падрыхтоўкі, росту. Мэта – вышэйшыя сусветныя вынікі. Але  для  гэтага,   папярэдзіў,  давядзецца працаваць, трэніравацца не да сёмага, а да 27-га поту.

– Згодна, — адказала яна.

– Яна паверыла мне, я прыклаў усе намаганні, каб усё задуманае здзейснілася, — прызнаецца трэнер.

Аляксей Іванавіч, маючы асаблівую прыхільнасць да штурхання ядра, па ўсім відаць, запаліў яшчэ адну зорачку на спартыўным небасхіле. Сямнаццацігадовы Іван Казак з Церабліч, якога ён трэніраваў, у вучылішча алімпійскага рэзерву быў прыняты ў выглядзе выключэння ў сярэдзіне навучальнага года. Зусім нядаўна ён атрымаў пераканаўчую перамогу на традыцыйным турніры імя Шукевіча ў Брэсце, штурхнуўшы ядро на 16 метраў 97 сантыметраў. Дарэчы, побач, у дарослай катэгорыі, там змагаліся алімпійскія надзеі Алена Копец (па мужу Абрамчук), Юля Леанцюк.

Калі мы дамаўляліся з Аляксеем Іванавічам пра сустрэчу, у яго быў адзіны на тыдзень выхадны дзень. Але яшчэ з пяці гадзін ранку ён заняўся провадамі ў Брэст на абласную спартакіяду школьнікаў сваіх выхаванцаў з Рамля Данііла Вярэніча, Юрыя Богуша, Алесі Захарыч, Аліны Вандзіч, Анастасіі Філановіч, якія склалі большасць раённай каманды лёгкаатлетаў. Верыцца, што за гэтымі зорачкамі – будучыя гучныя перамогі.

Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

 

Добавить комментарий