Хутка на Дубянецкае

На вуліцы ў Бор-Дубенцы

Адным з самых папулярных месцаў для адпачынку ў раёне з’яўляецца вадасховішча Дубянецкае, якое размясцілася непадалёку ад населенага пункта з аднайменнай назвай.

Улетку     сюды     прыходзяць і прыязджаюць не толькі мясцовыя жыхары, але і госці. Ды і па плошчы паверхні гэты вадаём другі на Століншчыне, што дазваляе захапляцца яго краявідамі. А калі яшчэ на паверхні вады плаваюць сотні птушак – качкі, гусі, лебедзі, то гэта паляпшае настрой. Нярэдкія госці Дубянецкага і рыбакі. Хто вудзіць з берега, а хто – з лодкі.

На жаль, на большай частцы берагавой лініі расце рагоз. Аб гэтым пастаянна скардзяцца адпачываючыя. Расліннасць расліннасцю, але тыя ж самыя “турысты” пакідаюць пасля сябе гурбы смецця. А праз нейкі час вяртаюцца і скардзяцца на тых іншых “невядомых” людзей, якія раскідаюць смецце па беразе.

– Вось тут на беразе летась за бюджэтныя грошы была пабудавана раздзявалка для адпачываючых, – расказвае старшыня Беражноўскага сельвыканкама Віталь Анатольевіч ЧЭХ. – Каштуе яна амаль чатыры мільёны рублёў! Але не прайшоў і год, як ад яе засталася толькі чвэрць. Куды дзеліся дошкі? Невядома. Магчыма, у некага не хапіла дроў для кастрышча і іх спалілі. А можа хто забраў дадому. А вось паглядзіце, што засталося ад лавачкі – толькі тры слупочкі. Дошку таксама нехта забраў дадому, таму што спаліць яе не маглі. Канешне, хацелася б больш разнастаіць драўляныя збудаванні на берагах Дубянецкага. Але для чаго ці для каго? Для вандалаў, якія праз дзень-два зноў зраўняюць усё з зямлёй? Пакуль людзі не пачнуць разумець, што для гэтага выкарыстоўваюцца бюджэтныя грошы і не малыя, то гэтае вар’яцтва будзе працягвацца.

А тут была лавачка ...

Таксама людзі час ад часу скардзяцца, што няма каля вадасховішча туалета.

– Туалет ёсць, – уступае ў гутарку начальнік Столінскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васіль Васільевіч ПАТАПЧУК. – Ён знаходзіцца на масімальна магчымым аддаленні ад месца купання і адпачынку. Праблемы па гэтым пытанні я не бачу. А расліннасць на беразе вадаёма? Адпачываючыя адпачываючымі, але гэта прырода. Калі ў яе бяздумна ўлазіць, то можна зрабіць толькі горш. Берагавая расліннасць – гэта дом і месца харчавання для многіх рыб і птушак. Знішчыўшы расліннасць, мы пазбавім іх гэтага.

А паміж населеным пунктам і вадасховішчам ціхенька размясцілася несанкцыянаваная звалка смецця. Вязуць яго сюды з Дубенца, Бор-Дубенца, Нова-Беражнога, а не госці са Століна ці Брэста. Аб гэтым сведчылі і знойдзеныя доказы.

Усіх таямніц, што гэта за доказы, мы раскрываць не будзем, але выпадкі ўстанаўлення парушальнікаў, якія выкідаюць смецце абы-дзе, не адзінкавыя. Чытачам нагадаю, што за гэта прадугледжаны штраф. Як правіла, ён складае пяць базавых велічынь. Так што нядобрасумленным грамадзянам трэба задумацца – вы не  толькі  наносіце шкоду прыродзе, але можаце пазбавіцца некаторай сумы грошай.

Пасля Дубянецкага завіталі ў Бор-Дубенец. Асноўны аб’ект рэйда – мясцовая звалка, якая знайшла прытулак за 500 метраў ад мясцовай царквы. Быццам другога месца не было. Хоць яна і лічыцца афіцыйнай, усталяваны дробненькі аншлаг, але межы звалкі пашыраюцца штодзённа. Зноў жа людзі, якія яе наведваюць з    мэтай  пазбавіцца ад хатняга ці гаспадарчага смецця, парушаюць правілы яго складзіравання. Хуткімі тэмпамі, калі гэтая праблема не будзе вырашацца, смецце пачне разлятацца па вёсцы.

Вось так у хуткім часе будзем жыць, як у італьянскім Неапалі – трэцім па велічыні горадзе Апенінскага паўвострава, калі восем гадоў таму ўвесь свет стаў відавочцам таго, як мегаполіс літаральна патанаў у смецці. Патанае ён у ім і па сёння. Такога Неапаля нам не трэба.

Аляксандр НІКІФАРЭНКА

Фота аўтара

Добавить комментарий