Да кнігі – з любоўю і павагай

Бараноўская Наталія Уладзіміраўна працуе ў Белавушскай сельскай бібліятэцы крыху менш за два гады.  Па выніках работы мінулага года занесена на раённую Дошку гонару.

Днямі сустрэлася з Наталіяй Уладзіміраўнай. Наша гутарка пачалася з успамінаў, як адбылося знаёмства Наталіі з кнігай. Дзяўчынка рана навучылася чытаць. Родны дом знаходзіўся недалёка ад бібліятэкі. Штодзённа, а то і па некалькі разоў на дзень бегала ў бібліятэку па новыя экзэмпляры. Бібліятэкарка нават не верыла, што Наташа ўсё перачытвае.

—        Дзіцячыя кнігі – невялікія па аб’ёме. Я іх хуценька прачытвала, — усміхаецца Наталія Уладзіміраўна. — Ужо тады з’явілася прыхільнасць да кнігі. У школе любімым прадметам была літаратура.

Жанчына шчыра прызнаецца: не думала ні яна, ні родныя, што жыццё цесна перапляцецца з чароўным светам кніг. Маці Наталіі – настаўніца мовы, дзяўчыне таксама прарочылі прафесію настаўніка.

Скончыўшы Белавушскую сярэднюю школу, Наталія паступіла на завочнае аддзяленне Мінскага інстытута культуры на спецыяльнасць “Бібліятэказнаўства”. Спачатку тры гады працавала ў сельскай бібліятэцы в. Харомск, пасля больш за 20 гадоў прысвяціла рабоце ў Манькавічах. Калі ў роднай вёсцы з’явілася вакансія – перайшла сюды.

…Наша размова прыпыняецца. Некалькі школьніц зайшлі, каб узяць неабходныя творы.

—        Найбольш актыўныя чытачы – вучні першых-восьмых класаў, — гаворыць бібліятэкар. – Дарослыя прыходзяць менш. Вырашыла ўзяць ініцыятыву ў свае рукі: часам заношу кнігі, часопісы на працоўныя месцы чытачам.

Мяне цікавіла пытанне: якая літаратура карыстаецца найбольшай папулярнасцю? Наталія Уладзіміраўна адказвае: “Цікавасць у асяроддзі дзяцей і падлеткаў выклікае літаратура пазнавальнага характару — усемагчымыя дзіцячыя энцыклапедыі.  Самы папулярны твор – “Пэпі Доўгая Панчоха” Астрыд Ліндгрэн. Яго практычна ніколі на сустрэць на паліцы. Кнігі беларускага пісьменніка Валерыя Квілорыя часта пытае, а значыць, любіць дзетвара. Часопісы “Мир путешествий”, “Незнайка”, “Познайка” не затрымліваюцца ў бібліятэцы. Дарослыя чытаюць класіку, перыядычныя выданні, жаночыя раманы і дэтэктывы. Духоўная літаратура карыстаецца попытам”.

У бібліятэцы аформлены паліцы з кнігамі пісьменнікаў — выхадцаў са Століншчыны. Аўтара матэрыялу найбольш уразіў стэнд, на якім прадстаўлена кніга і лялька — галоўная гераіня твора. Наталія Уладзіміраўна, набываючы калекцыю лялек для васьмігадовай дачкі Вікторыі, частку размясціла ў бібліятэцы. Амаль кожнаму наведвальніку, незалежна ад узросту, цікава паглядзець на іх, параўнаць з вобразам, які ўзнікаў пры чытанні твора.

Для школьнікаў у бібліятэцы арганізоўваюцца мерапрыемствы – віктарыны, гульні, конкурсы, выстаўкі малюнкаў. Не абыходзіцца і без выкарыстання сучасных тэхналогій: прагляду казак на камп’ютары і інш.

Любімы літаратурны герой Наталіі Бараноўскай – Скарлет О’Хара. Бібліятэкар упэўнена, што кніга дае магчымасць перажыць разам з героем шматлікія сітуацыі, якія не даступны ў рэальным жыцці. Гэта развівае фантазію, пашырае кругагляд.

Час, не заняты работай у бібліятэцы, у жанчыны не бывае вольным. Яна вырошчвае кветкі на прысядзібным участку: геацынты, прымулы, цюльпаны, нарцысы і іншыя радуюць сваімі фарбачкамі і дораць настрой. Прызнаецца, што ўвогуле асаблівыя пачуцці выклікаюць вясеннія кветкі.

Дом Наталіі Уладзіміраўны ўпрыгожваюць пакаёвыя кветкі. Апошнім часам захапілася архідэямі. У калекцыі ўжо 14 штук. Многія з іх заказвала праз сусветную павуціну, некаторыя набывала ў магазіне.

—        Калі сустракаю знаёмых, першае, чым яны цікавяцца, — як мае архідэі, — з усмешкай гаворыць Наталія Уладзіміраўна. – Пільна шукаю інфармацыю ў інтэрнэце па правільным доглядзе іх.

Не так даўно Наталія падарыла дачцэ на дзень нараджэння акварыум з рыбкамі. Цяпер гэта агульны любімец маці і дачкі. Колькі часу яны праводзяць каля яго! Даглядаюць сваіх гадаванцаў, назіраюць за імі і любуюцца.

Святлана

ШПАКОЎСКАЯ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *