Вялікія магчымасці маленькіх клубаў

Такі загаловак прыйшоў на думку пасля наведвання семінара культработнікаў раёна на базе Відзіборскага сельскага клуба.

Установа культуры сустрэла прыгожым і ўтульным памяшканнем. Літаральна з бягучага года сельскі клуб знаходзіцца ў цэнтры вёскі насупраць школы ў будынку былога комплекснага прыёмнага пункта, які нязначна пераабсталявалі і зрабілі сучасны рамонт.

У зале размясціліся шматлікія выстаўкі народнай творчасці дзяцей і дарослых – вышыўкі крыжыкам, бісерапляценне, лепка з цеста. У куточку “З народнай аптэкі” гасцінна запрашалі выпіць гарбаты. Да слова сказаць, перад семінарам культработнікі пабывалі ў выставачнай зале раённага цэнтра, дзе знаёміліся з творчасцю маладых майстрых. Дырэктар РАМЦ Алена Дубойская нагадала, што  гэты ўтульны куточак можа паслужыць цудоўным месцам для выставак рукадзелля  майстрых з усіх населеных пунктаў раёна.

Тэма вучэбнага дня – канцэптуальныя напрамкі дзейнасці клубных устаноў раёна па арганізацыі вольнага часу на сучасным этапе. І перш чым пачаць тэарэтычную частку, удзельнікам семінара было прапанавана практычнае мерапрыемства.

Намаганнямі работнікаў культуры Відзіборскага, Асаўскога, Дубайскага сельскіх дамоў культуры, Юнішчанскага і Вулька-Арэйскага сельскіх клубаў — усяго Відзіборскага сельскага Савета — была падрыхтавана забаўляльная шоу-праграма “Міс Вясна-2015”. Яна стала зорнай гадзінай для дзяўчынак-школьніц – Крысціны Мураўёвай і Ганны Пратасавіцкай з Церабішчаў, Вікторыі Храпіцкай, Паліны Багаевай і Кацярыны Бурда з Відзібора. Дзяўчаты дэманстравалі сваю непаўторнасць, грацыёзнасць і практычныя навыкі ў конкурсах “Візітка”, “Кулінарны паядынак”, “Эрудыцыя”, “Творчае дамашняе заданне”.  За ходам сачыла і ацэньвала дзявочую прыгажосць журы з прадстаўнікоў мужчынскай паловы чалавецтва. З роляй вядучых цудоўна   спраўляліся вучань Відзіборскай школы Андрэй Гайкевіч і дырэктар Васіль Якаўлевіч Пратасавіцкі. Конкурсныя нумары чаргаваліся з музычнымі паўзамі, якія запаўнялі ўдзельніцы аматарскай творчасці Марыя Рубцова, Марына Бут-Гусаім і Алёна Яхнавец.

Вось так, у адной запрэжцы калег-суседзяў можна арганізаваць цікавы адпачынак для моладзі. Дарэчы, у раёне ёсць прыклады, калі культработнікі “кааперыруюцца” і выступаюць з канцэртамі падчас жніва на палях і збожжатаках, выязджаюць з аўтаклубам у маланаселеныя пункты. Такі творчы саюз даўно існуе паміж работнікамі культуры Манькавіцкага, Адвержыцкага, Стружскага, Дубайскага і Варанёўскага дамоў культуры.

Паказаную ў Відзіборы праграму можна разглядаць і як форму пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў культуры. Пра прыёмы і метады наладжвання такіх масавых мерапрыемстваў расказала ў сваім выступленні метадыст раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Аксана Лянкевіч.

Пра задачы, якія патрабуюць першачарговага вырашэння, гаварыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Андрэевіч Заруба. Сярод іх – падрыхтоўка да 70-годдзя Вялікай Перамогі і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, творчая работа мастацкіх калектываў і аб’яднанняў. Увага акцэнтавалася і на добраўпарадкаванні тэрыторый, захаванні працоўнай дысцыпліны, выкананні прагнозных паказчыкаў.

Разгледжаны  пэўныя арганізацыйныя пытанні.

Галіна Гашчук

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *