Прыгавор – адстрэл

Не задумвалася, што колькасць бадзяжных сабак павялічваецца не толькі на тэрыторыі горада, вёсак раёна, а і ў лясах. Менавіта так. Некаторыя вывозяць сваіх “сяброў” у лес  з-за непатрэбнасці ці нават самі чатырохногія сябры ідуць туды, каб знайсці сабе ежу, бо гаспадары іх не кормяць.

Асабліва востра гэтая праблема стаіць вясною, калі з’яўляюцца кладкі яек, нараджаюцца зайчаняты ды і іншыя жывёлы, якія могуць стаць лёгкай здабычай сабакі. Некаторыя паляўнічыя карыстаюцца гэтым і “выгульваюць” сабак у лесе, каб падкарміць іх.

– Згодна з заканадаўствам мы маем права адстрэльваць сабак, якія знаходзяцца на адлегласці 300 метраў ад населенага пункта, — расказвае вядучы інжынер па паляўнічай гаспадарцы Столінскага лясгаса Аляксандр Стахеевіч Машлякевіч. – І мы будзем гэта рабіць, бо інакш проста немагчыма змагацца з бяздомнымі жывёлінамі. Мяркую, што хоць для некага  гэта    стане     папярэджаннем і ён зверне ўвагу на тое, дзе знаходзіцца яго сабака.

Пашкадуйце сваіх гадаванцаў. Прыгавор гучыць надта страшна: адстрэл. Ваша няўважлівасць ці абыякавасць да сабакі можа каштаваць яму жыцця. Ці для гэтага вы гадавалі яго?

Разам з тым шкада і тых птушачак, звяркоў, якія толькі з’яўляюцца на свет. Яны маглі б значна папоўніць фаўну нашых лясоў, але гэтага не здарыцца, пакуль карыстальнікі паляўнічых угоддзяў не возьмуцца за ружжы, каб навесці ў лесе парадак. А бязладдзе  стала магчымым менавіта “дзякуючы” вам, паважаныя сабакаводы.

Таццяна СЕГЕН

Добавить комментарий