Жывуць у згодзе і згуртаванасці

На ўзбраенні СВК «Відзіборскі» – сучасная тэхніка

Сельскі Савет быў утвораны ў 1959 годзе шляхам злучэння Дубайскага і Асаўскога. У склад сельсавета ўваходзяць адзінаццаць населеных пунктаў: Відзібор, Відзіборац, Варсынь, Вулька-Арая, Дубай, Камарнікі, Крушын, Асаўцы, Асавая, Церабішча, Юнішча. У іх жыве 2015 чалавек.
На тэрыторыі сельсавета ажыццяўляюць гаспадарчую дзейнасць СВК “Відзіборскі”, “Дубайскі” і вытворчы ўчастак ААТ “Церабяжоў-Агра”. Вырошчваннем прадукцыі займаюцца дзве фермерскія гаспадаркі, індывідуальную працоўную дзейнасць ажыццяўляюць 14 чалавек. Тут знаходзіцца адна са старэйшых у рэгіёне чыгуначная станцыя Відзібор Беларускай чыгункі.
Насельніцтва абслугоўваюць 10 гандлёвых кропак, адзін комплексны прыёмны пункт у Асавой. Ёсць чатыры аддзяленні паштовай сувязі.
У дзвюх сярэдніх школах у Відзіборы і Асавой, а таксама ў вучэбна-педагагічным комплексе яслі-сад сярэдняя школа ў Дубаі займаюцца 264 вучні. Асобна яслі-сад ёсць у Асавой.
Культурны адпачынак наладжваецца ў двух дамах культуры і трох сельскіх клубах. Для заняткаў фізкультурай і спортам выкарыстоўваюцца тры стадыёны і тры спартыўныя залы пры школах.
На тэрыторыі сельсавета ў згодзе дзейнічаюць тры рэлігійныя абшчыны – дзве праваслаўныя і адна каталіцкая. У вёсцы Асавая пабудаваны адзіны ў раёне касцёл для вернікаў-каталікоў.
У развіццё сельскай тэрыторыі значны ўклад унеслі працаўнікі сельскай гаспадаркі. За добрасумленную працу трактарыст Аляксей Васільевіч Вярэніч і цялятніца Любоў Васільеўна Прус узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, а загадчык свінафермы Аляксей Іванавіч Бурда, брыгадзір трактарнай брыгады Анатоль Мікалаевіч Гоман, трактарыст Сцяпан Мікалаевіч Гоман, галоўны аграном Анатоль Міхайлавіч Кашарны і свінарка Марыя Мікалаеўна Пуш узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Даярка Аляксандра Іванаўна Ярмоліч узнагароджана ордэнам Дружбы народаў. Яшчэ 25 перадавікоў з сельсавета ўзнагароджаны ордэнамі Пашаны і Працоўнай славы. У Відзіборы шмат гадоў працавала заслужаны настаўнік Беларускай ССР Марыя Мікалаеўна Монак.
У гэтых мясцінах карані военачальнікаў Адама Адамавіча Арсюты, Івана Адамавіча Арсюты, пісьменніка Алеся Наварыча. Тут гартавалі свой талент знакамітыя вучоныя Валерый Іванавіч Аляшкевіч, Людміла Уладзіміраўна Баран, Марыя Пятроўна Карповіч, Лідзія Мікалаеўна Лазіцкая, Мікалай Сцяпанавіч Піліпчук, Іван Юльянавіч Платніцкі, Іван Васільевіч Пратасавіцкі, Мікалай Мікалаевіч Рычка, Ева Фёдараўна Трушко, Сільвестр Сцяпанавіч Хлебавец, Мікалай Аляксандравіч Цупа. У Відзіборы атрымаў пуцёўку ў жыццё цяперашні старшыня Столінскага раённага выканаўчага камітэта Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі.
Фёдар ШУМКО

Добавить комментарий