І гарадскі, і сельскі

Магіла ахвяр фашызму ў вёсцы Варані

Рэчыцкі пасялковы Савет размешчаны на поўдні Столінскага раёна і прымыкае да дзяржаўнай мяжы з Украінай.
Першапачаткова ён быў створаны як сельскі і першым старшынёю зацверджаны Барыс Сцяпанавіч Андрыяшка. 16 ліпеня 1954 года да тэрыторыі Рэчыцкага Савета далучана тэрыторыя скасаванага Варанёўскага сельскага Савета. 6 ліпеня 1960 года вёска Рэчыца набыла статус рабочага пасёлка. Такім чынам, сельскі Савет быў перайменаваны ў рабочапасялковы, а потым – пасялковы.
Цяпер на тэрыторыі Савета жывуць 8769 чалавек, яго плошча – 8106 га. Цэнтр – рабочы пасёлак Рэчыца з колькасцю 6515 чалавек, з іх 3567 – у працаздольным узросце. У склад уваходзяць яшчэ сем сельскіх населеных пунктаў: Варані, Капані, Бухлічы, пасёлак Лясны, Люты Бор, Ніжні Церабяжоў і Верхні Церабяжоў, дзе жывуць 2254 чалавекі.
Функцыянуюць СВК “Варані”, дзе працуюць 142 чалавекі, і ААТ “Церабяжоў-Агра” – 179 працуючых.
Ёсць наступныя прадпрыемствы: ААТ “Гарынскі камбінат будаўнічых матэрыялаў” (245 працуючых), ААТ “Гарынскі агракамбінат” (226 працуючых), ААТ “Столінрайаграсэрвіс” (118), РВУ “Столінрайгаз” (134), ПГУП “Столінаптгандаль” (118), Столінскі ўчастак ААТ “Пінскі камбінат хлебапрадуктаў” (30), Столінрайпалівазбыт (38), асфальтны завод Столінскай ДБПМК-32 (21), раствора-бетонны вузел ПМК-24 (34), майстарскі ўчастак Столінскай ЖКГ (143 працуючыя), чыгуначная станцыя Гарынь (70 працуючых).
Сацыяльная сфера прадстаўлена чатырма сярэднімі школамі і чатырма дзіцячымі садкамі, столькі ж ёсць дамоў культуры і аб’ектаў спартыўнага прызначэння, працуе адна ўрачэбная амбулаторыя і чатыры ФАПы, школа мастацтваў, чатыры комплексныя прыёмныя пункты, два аддзяленні філіяла ААБ “Беларусбанк”, ёсць сацыяльна-педагагічны цэнтр з дзіцячым прытулкам, аптэка і чатыры аптэчныя пункты, кінатэатр, пяць паштовых аддзяленняў, два аддзяленні РАНС, дзве прыватныя цырульні, тры лазні.
Працуюць 37 гандлёвых аб’ектаў, з іх 16 – прыватнай уласнасці. Зарэгістраваны і ажыццяўляюць дзейнасць 144 індывідуальныя прадпрымальнікі.
Функцыянуюць чатыры праваслаўныя царквы і тры пратэстанцкія.
Адметнасцю пассавета з’яўляецца тое, што на яго тэрыторыі, як ні на якой іншай, знаходзіцца аддзяленне пагранічнага кантролю “Рэчыца” Пінскага пагранатрада (300 ваеннаслужачых), а таксама міжнародныя пункты мытнага афармлення “Гарынь” і “Верхні Церабяжоў”. А таксама кіраўніцтву пассавета даводзіцца займацца вырашэннем пытанняў, уласцівых як гараджанам, так і вяскоўцам. Напрыклад, і водазабеспячэнне, каналізацыя, газазабеспячэнне, і разам з тым – выдзяленне сотак.
Жыхары гэтага Савета ганарацца тым, што чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў Надзея Астапчук жыла ў р. п. Рэчыца і вучылася ў мясцовай СШ № 2. Заслужаны настаўнік Беларускай ССР Марыя Андрэеўна Прылуцкая доўгі час працавала настаўніцай, намеснікам дырэктара Рэчыцкай сярэдняй школы. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР Сцяпан Адамавіч Цімановіч нарадзіўся ў рабочым пасёлку і дасягнуў асаблівых працоўных поспехаў, калі ўзначальваў раённае кінавідэапрадпрыемства. Ураджэнец вёскі Бухлічы Яўген Сямёнавіч Мішук жыве цяпер у Маскве, з 2002 года з’яўляўся старшынёю Камітэта электраэнергетычнага Савета Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Цяпер праводзіцца добраўпарадкаванне мікрараёна «Гарынь», вядуцца работы па пракладцы водаправода да вёскі Ніжні Церабяжоў. У гэтым жа населеным пункце створаны кааператыў па падключэнні да газаправода, у яго ўвайшлі 95 працэнтаў наяўных домаўладанняў. Завяршаецца газіфікацыя аг. Верхні Церабяжоў. Завершаны праектныя работы па газіфікацыі вёскі Бухлічы.
Алена КЛІМУШКА

Добавить комментарий