Захаваць жыццё і здароўе

Выступае М. П. Несцяровіч

Як пазбегнуць няшчасных выпадкаў на вытворчасці, захаваць жыццё і здароўе людзей? Гэтыя пытанні абмяркоўваліся ў Столінскім вузле паштовай сувязі. Тут прайшоў абласны семінар па ахове працы.
Спачатку начальнікі раённых вузлоў паштовай сувязі, інжынеры па ахове працы, старшыні прафкамаў, механікі з розных раёнаў, якія прыбылі на семінар, наведалі памяшканні РВПС, аддзяленне паштовай сувязі Столін-1, кабінеты інжынера па ахове працы і механіка, гаражы.
З вітальнымі словамі да ўдзельнікаў звярнулася начальнік Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” Валянціна Мікалаеўна Пух. Яна адзначыла, што работа ўсіх службаў філіяла павінна быць накіравана на забеспячэнне здаровых умоў працы работнікаў, папярэджванне няшчасных выпадкаў на вытворчасці, пажараў, дарожна-транспартных здарэнняў.
– Вельмі шмат у пытаннях аховы працы ўжо зроблена, але спыняцца не трэба, падкрэсліла Валянціна Мікалаеўна. — Стварэнне здаровых умоў працы, адточванне сістэмы работы па папярэджванні траўматызму – асноўныя кірункі работы.
Удзел у семінары прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксей Аляксеевіч Дзямко, намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Піліпавіч Несцяровіч. Аляксей Аляксеевіч пазнаёміў прысутных з эканамічнай, прамысловай і сацыяльнай сферай рэгіёну, а Міхаіл Піліпавіч засяродзіў увагу на тым, што выкананне правілаў аховы працы гарантуе менш няшчасных выпадкаў.
У час семінара быў разгледжаны шэраг пытанняў, сярод якіх арганізацыя работы па ахове працы, стану пажарнай бяспекі і бяспека дарожнага руху за 9 месяцаў гэтага года, прафілактыка надзвычайных сітуацый і асноўныя прычыны ўзнікнення пажараў, ажыццяўленне кантролю за станам аховы працы ў структурных падраздзяленнях філіяла.
У структуру Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” ўваходзяць 15 РВПС, цэхі паштовай сувязі, апрацоўкі і адпраўкі пошты. Функцыянуе 581 аб’ект сувязі, з якіх 111 гарадскіх, 428 сельскіх, 24 перасовачныя і 18 пунктаў паштовай сувязі.
З пачатку года ўводны інструктаж прайшлі 1108 чалавек. Сродкі індывідуальнай абароны спрыяюць бяспечным умовам працы і зніжэнню захворванняў работнікаў. Таму яны павінны забяспечвацца сродкамі на 100 працэнтаў.
Для работнікаў аддзяленняў паштовай сувязі створаны спецыяльныя памяшканні для прыёму ежы. У іх знаходзіцца мэбля, бытавая тэхніка, неабходны посуд.
Са снежня 2013 года праводзяцца выязныя дні аховы працы. Іх мэта – паэтапнае і паслядоўнае прывядзенне аддзяленняў сувязі, цэхаў, участкаў у адпаведнасць з патрабаваннямі і правіламі аховы працы і вытворчай санітарыі.
На балансе філіяла знаходзяцца 213 адзінак аўтамабільнай тэхнікі, 9 трактароў, у тым ліку адзін аўтапагрузчык, адзін прычэп. Транспарт з’яўляецца важным пунктам як у арганізацыі тэхналагічных працэсаў, так і забеспячэнні гаспадарчай дзейнасці. Аўтамабілі, у асноўным, абслугоўваюцца самастойна, але пры вострай неабходнасці накіроўваюцца ў спецыялізаваныя арганізацыі для рамонтных работ. Пастаянна набываюцца інструменты, прыборы і інш.
Для правядзення рамонту аўтамашын работнікі праходзяць поўны інструктаж. Інструменты правяраюцца адказнымі спецыялістамі на прыгоднасць. Назіральныя ямы абсталяваны згодна з патрабаваннямі. На працоўных месцах механікаў, дыспетчара, тэхнікаў па ўліку ўстаноўлена спецыяльная праграма, якая дазваляе весці аўтаматызаваны ўлік эксплуатацыі і ўтрымання.
З абстаноўкай на дарогах, колькасцю здарэнняў пазнаёміў старшы інспектар дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ Столінскага РАУС Віталій Кавальскі.
Інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Дульскі расказаў аб пажарнай абстаноўцы ў раёне, асноўных прычынах пажараў.
Галоўны спецыяліст па ахове працы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Сяргей Колб далажыў аб стане вытворчага траўматызму з пачатку года.
Для ўдасканалення і паляпшэння ўмоў працы ў час абласнога семінара былі распрацаваны пэўныя рэкамендацыі.
Святлана ШПАКОЎСКАЯ
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *