Рух наперад

Галоўны інжынер М. В. Шаламіцкі і начальнік Столінскага раёна электрасетак С. А. Хвядчук абмяркоўваюць план рэканструкцыі падстанцыі “110/10 Столін”

Дзень энергетыка – гэта прафесійнае свята ўсіх работнікаў прамысловасці, якая ахоплівае вытворчасць, перадачу і рэалізацыю для спажыўцоў электрычнай і цеплавой энергіі. Цікавы факт – работнікі, якія закліканы несці святло людзям, адзначаюць сваё прафесійнае свята ў адзін з самых кароткіх светлавых дзён у годзе – 22 снежня. Цяжка пераацаніць значнасць работы энергетыкаў, чыёй працай ствараецца адно з самых неабходных у нашым жыцці – святло і цяпло, што забяспечвае камфорт у доме, школах, бальніцах і офісах.

Адзін з самых вопытных работнікаў Столінскага раёна электрасетак электраманцёр аператыўна-выязной брыгады А. Л. Барычэўскі працуе з 1974 года і электраманцёр-вадзіцель Іван Савашынскі працуе з 2006 года

Столінскі раён электрасетак – гэта зладжаны калектыў прафесіяналаў. Усе работнікі – вопытныя і маладыя – пастаянна дзеляцца сваімі ведамі, гатовы прыйсці на дапамогу ў цяжкую мінуту. На абслугоўванні столінскіх энергетыкаў сотні кіламетраў ліній электраперадачы і трансфарматарных падстанцый, тысячы слупоў і дзясяткі тысяч абанентаў. І трэба быць заўсёды ў гатоўнасці, каб пры стыхійных бедствах ці надзвычайных сітуацыях як мага хутчэй адрамантаваць пашкоджаныя лініі.

Электраманцёр-вадзіцель У. А. Лукашэвіч працуе ў электрасетках з 1980 года

— Столінскі раён электрасетак пастаянна мадэрнізуецца, — раскавае начальнік Столінскага раёна электрасетак Сяргей Андрэевіч ХВЯДЧУК. – Уводзім новае абсталяванне, удасканальваем матэрыяльную базу. Вялікая ўвага ў нас надаецца і тэарэтычнай падрыхтоўцы, інструктажам па тэхніцы бяспекі. Гэтага патрабуе наша прафесія. Работа з электрычнасцю – гэта заўсёды небяспечна. З цягам часу ўсё большае распаўсюджванне ў нашай рабоце атрымліваюць аўтаматызаваныя сістэмы кантролю ўліку электраэнергіі. У гэтым годзе ўведзены ў прамысловую эксплуатацыю тры шматкватэрныя дамы ў Століне. Гэта дазваляе кантраляваць расход і аплату электраэнергіі, не наведваючы спажыўца. Уся інфармацыя ў рэжыме рэальнага часу адбіваецца ў службе збыту.

Па неабходнасці праводзім планавую рэканструкцыю электрасетак. Так, у гэтым годзе замянілі сем кіламетраў электрасетак на лініі 0,4 кВ у аг. Харомск. Гэта дазволіць істотна павялічыць якасць і надзейнасць электразабеспячэння населенага пункта.
Месяц таму Століншчыну кранула анамальнае для лістапада надвор’е. Пры мінусавых тэмпературах ішоў дождж, што прывяло да ўтварэння лёду на правадах. Месцамі на правадах быў лёд таўшчынёю у 1,5 сантыметра пры дапушчальнай норме 0,5 сантыметра. Вось правады электраперадачы і не вытрымалі. Былі адключаны ад электрычнасці 355 трансфарматарных падстанцый на 18 лініях электраперадачы. Без электрычнасці часткова засталіся 16 населеных пунктаў, 22 фермы. Сіл нашых брыгад не хапала, таму на падмогу прыйшлі калегі з Пінска, Лунінца і Іванава. Усяго было задзейнічана 12 брыгад, якія замянілі 11 слупоў, знялі з правадоў прыкладна каля 500 дрэваў. Таксама былі адрамантаваны 39 месцаў абрываў правадоў. З-за вялікай колькасці тэлефанаванняў не ўсе змаглі адразу дазваніцца. Заяўкі афармляліся своечасова і па месцах адразу выязджалі рамонтныя брыгады. Таксама высветлілася, што многія грамадзяне тэлефанавалі па старых нумарах. А пра змену тэлефонаў мы раней паведамлялі ў “Навінах Палесся”. Новы тэлефон абаненцкага аддзела – 2-03-42, раённай дыспетчарскай службы – 2-01-21 і 144.
Падзякі за выкананне работы па ліквідацыі наступстваў заслужылі дыспетчары Столінскага раёна электрасетак Дзмітрый Грамыка, Віталь Шаламіцкі, Андрэй Маліноўскі, Андрэй Дзмітрыеў, а таксама майстры Ігар Апановіч, Мікалай Сімановіч, Аляксандр Дабрыянец і электраманцёры Сяргей Мышапуд, Мікалай Гупала, Сяргей Цупа, Мікалай Шорах, Пётр Дзенісевіч, Мікалай Яроміч і Анатоль Сімончык.
Напярэдадні прафесійнага свята некалькі нашых работнікаў былі адзначаны і вышэйшым кіраўніцтвам. Падзяку Пінскіх электрасетак атрымала тэхнік абаненцкага аддзела Вольга Іванаўна Шамрыла, Ганаровай граматай РУП “Брэстэнерга” ўзнагароджаны адзін з самых вопытных работнікаў электраманцёр-вадзіцель Уладзімір Адамавіч Лукашэвіч, у Кнігу гонару Пінскіх электрасетак занесены галоўны інжынер Столінскага раёна электрасетак Мікалай Вітальевіч Шаламіцкі.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *