Праблемы пераемнасцi не будзе?

Члены інавацыйнай каманды

З верасня гэтага года на базе Столінскай дзяржаўнай гімназіі працуе інавацыйная пляцоўка па праблеме пераемнасці на аснове метапрадметнага падыходу. Што ж сабой ўяўляе інавацыйная пляцоўка і як рэалізуецца сама праграма? На гэтыя пытанні адказвае намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Лілія Адамаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ.
– Лілія Адамаўна, што сабой уяўляе інавацыйная пляцоўка?
– Для павышэння якасці адукацыі ў любой установе патрэбны інавацыйныя праекты, нейкі штуршок для актывізацыі дзейнасці. А для нас як для гімназіі – гэта проста неабходна. Каардынуе нашу работу спецыяліст з Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, мы актыўна супрацоўнічаем з калегамі. Наогул, па гэтай тэме працуюць 20 устаноў адукацыі рэспублікі. Але мы аб’яднаны ў групу, у якую ўвайшлі бліжэйшыя сем устаноў. Генератарам ідэй выступае Мікашэвіцкая гімназія, якая даўно займаецца інавацыйнай дзейнасцю.
– Чаму вы абралі менавіта пераемнасць навучання?
– Гэтая праблема надта востра стаіць у навучальным працэсе. Асабліва яна тычыцца першай і другой ступеняў. Вучні прыходзяць у пятыя класы і ім даводзіцца ўсё пачынаць з пачатку. Наш праект прапануе вырашэнне гэтай праблемы праз выкарыстанне метапрадметнага падыходу, сучасных адукацыйных тэхналогій з мэтай атрымання метапрадметных ведаў і фарміравання ўніверсальных навучальных дзеянняў. Метапрадметны падыход прыйшоў да нас з Расіі і ён дапамагае сфарміраваць уменне вучыцца. Дзеці ў пачатковых класах павінны навучыцца вучыцца, атрымліваць веды з падручнікаў, самастойна знаходзіць дадатковыя крыніцы. Тады пры пераходзе на другую ступень навучання ім будзе намнога лягчэй.
– На які тэрмін разлічаны праект?
– На тры гады. Але кожны год мы павінны прадастаўляць вынікі работы ў Міністэрства адукацыі, а там вырашаюць, ці трэба ўстанове рухацца далей у гэтым напрамку.
– Якім чынам наладжана работа ў гімназіі па ўкараненні новай тэхналогіі?
– Мы стварылі інавацыйную каманду, якой кіруе дырэктар Міхаіл Дзям’янавіч Казуля, каардынатарам праекта з’яўляюся я. Усяго каманда складаецца з 13 чалавек, якія ўжо цалкам пагрузіліся ў тэму. Пасля з інавацыяй мы знаёмілі калектыў. І цяпер нашы педагогі абралі для сябе больш вузкія тэмы, з дапамогай якіх яны і будуць старацца ўкараніць тэхналогію.
– Давайце паспрабуем на канкрэтных прыкладах разабрацца: як жа рэалізуецца метапрадметны падыход?
– Літаральна на мінулым тыдні мы былі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, дзе сустракаліся з прадстаўніком навуковай школы Хутарскога, які з’яўляецца заснавальнікам метапрадметнага падыходу. Там разглядалася арганізацыя метапрадметнай алімпіяды. Заснавальнікі гэтай школы перакананы, што ў кожным дзіцяці патрэбна ўбачыць творцу. І заданні алімпіяды накіраваны менавіта на выяўленне крэатыўных здольнасцяў дзяцей. Кожны ж вучань індывідуальны, але ў кожнага ёсць творчыя здольнасці. Іх трэба выяўляць, развіваць.
Што да навучальнага працэсу, дык больш за ўсё па тэхналогіі мае напрацовак Ірына Валер’еўна Пачко, якая выкарыстоўвае мадэліраванне як сродак рэалізацыі метапрадметнага падыходу. Гэта азначае, што тэарэтычная частка тэмы закладзена ў мадэлі, якія дапамагаюць лепш, хутчэй засвойваць веды. У залежнасці ад прадмета гэта розныя варыянты мадэліравання. Можа быць фішбон ці сэнсавае дрэва.
– Вы цалкам будзеце выкарыстоўваць тэхналогію ў навучальным працэсе?
– Не. Толькі элементы метапрадметнага падыходу, каб не выйсці за межы праграмы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Мы ўжо па ўсіх прадметах перагледзелі тэмы, зрабілі акцэнты на тых, пры вывучэнні якіх можна выкарыстоўваць гэтую тэхналогію.
– Разумею, што пра канкрэтныя вынікі пакуль гаварыць рана. Але чаго можна дасягнуць з дапамогай метапрадметнага падыходу?
– Спадзяюся, што праект дасць штуршок, дапаможа нашым педагогам перагледзець сваю творчую дзейнасць. У іх ёсць вопыт, значныя веды, але патрэбен абмен думкамі, свежыя ідэі. Канешне, спадзяёмся на павышэнне вынікаў на ЦТ, большага працэнта паступлення.
– З кім з калег, якія працуюць па гэтай тэхналогіі, вы больш шчыльна супрацоўнічаеце?
– З Драгічынскай гімназіяй. Яны маюць вопыт работы са шматмернай дыдактычнай тэхналогіяй, а гэта для нас вялікі плюс, яны адкрыты для зносін. Таму ў бліжэйшы час плануем наведаць гэтую ўстанову.
– А вучні ведаюць, што гімназія працуе па нейкім новым праекце?
– Дзясяты-адзінаццаты класы ведаюць. За пяцікласнікамі мы толькі назіраем. Вучням пачатковых класаў, магчыма, пра гэта і не трэба ведаць. А вось сярэдняе звяно абавязкова акунём у тэму.
– Дзякую за інтэрв’ю.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара

Добавить комментарий