Марафон iнтэлектуальнай творчасцi

Ідзе абмеркаванне пытанняў у камандах

У суботу 15 лістапада ў актавай зале сярэдняй школы № 3 г. Століна адбыўся раённы марафон інтэлектуальнай творчасці. Для навучэнцаў 7-9 класаў такія мерапрыемствы ў нашым раёне праводзяцца з 2009 года. Сёлета марафон інтэлектуальнай творчасці ўпершыню правялі сярод вучняў шостых-сёмых класаў. Удзел прынялі 27 каманд.
З вітальным словам і пажаданнем апраўдаць надзеі педагогаў, праявіць сябе і адстаяць гонар школы да ўдзельнікаў звярнулася галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Галіна Сяргееўна

Правільнасць адказаў правярае камісія

Шугалевіч. Пытанні турніраў падрыхтавала і вяла праграму кіраўнік аб’яднання па інтарэсах клуба знатакоў “Альтэрнатыва” раённага Цэнтра дзіцячай творчасці Ірына Васільеўна Дабрыянец.
Праграма марафона ўключала тры гульні: “Медыя-Азбука”, “Камандная Свая гульня” і турнір “Што? Дзе? Калі?”
У “Медыя-Азбуцы” трэба было па карцінках на экране напісаць словы на ўсе літары алфавіту. Гэтая гульня лічыцца разміначнай, тым не менш выявіла лідараў. Найбольш правільных адказаў у каманды “Савяняты” (сярэдняя школа № 2 р. п. Рэчыца) – 22. У каманды “Максімум” (Беражноўская сярэдняя школа) 21 бал. Па 19 балаў зарабілі “ЧП” (сярэдняя школа № 1 аг. Альшаны), “Прагрэс” (Хорская сярэдняя школа) і “Пантэра” (Цэнтр дзіцячай творчасці г. Століна).
“Камандная Свая гульня” ўключала дзевяць тэм па пяць пытанняў, якія тычыліся гісторыі Беларусі і роднага краю, цудаў свету, вады, астраноміі, міфалогіі, мультыплікацыі. Адказ на першае пытанне тэмы каштавала дзесяць балаў, а на кожнае наступнае – на дзесяць больш. Такім чынам, адказ на ўсе пытанні тэмы “цягнуў” на 150 балаў. Тут найбольш эрудзіраванымі аказаліся каманды “ЧП” – 680 балаў, “Агеньчык” (сярэдняя школа № 2 г. Давыд-Гарадка) – 670 балаў, “Пантэра” – 650 балаў, “Рызыка-Версія” (гімназія) і “Лідары” (Асаўская сярэдняя школа) – па 640 балаў.
Самым складаным выдаўся турнір па гульні “Што? Дзе? Калі?”. З 24 пытанняў найбольш правільных адказаў – 14 — дала каманда “ЧП”, дзевяць балаў у каманды “Рызыка-Версія”, восем – у каманды “Васі” (сярэдняя школа № 2 г. Століна).
Праведзены марафон даў школьнікам першы вопыт каманднай гульні, дазволіў вызначыць свой рэйтынг і ўбачыць слабыя бакі.
У нядзелю 23 лістапада адбудзецца абласны сінхронны турнір па інтэлектуальных гульнях для навучэнцаў 8-11 класаў. На адны і тыя пытанні будуць адказваць у адзін і той жа час знатакі ўсёй вобласці.
Галіна ГАШЧУК
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *