Удзячнасць за святую справу

На богаслужэнні ў час адкрыцця царквы

28 верасня быў асвечаны праваслаўны храм Уваскрэсення Хрыста ў вёсцы Цераблічы.
Цераблічы знаходзяцца ў аддаленым канцы раёна, аднак гэта не перашкаджае вёсцы, яе жыхарам трымаць “марку”. Гэтыя людзі сваёй працай, творчым запалам, уменнем працаваць разам, пачуццём калектыву, імкненнем быць не горш за іншых могуць паказаць прыклад.
10 лістапада 2012 года была асвечана зямля пад будучую царкву. І пачалася праца. Кожны месяц збіралі ахвяраванні вяскоўцаў і жыхароў іншых вёсак.

Уладыка Сцяфан са святарамі

Вялікую дапамогу аказвалі землякам тыя, хто жыве ў іншых вёсках, гарадах, нават у другой дзяржаве. Значны ўклад у будаўніцтва зрабіў пракурор вобласці Іван Данілавіч Наскевіч. Брат Івана Данілавіча Сяргей, які жыве ў Пінску, таксама вельмі дапамог. Сулкоўскі Андрэй Пятровіч, бізнесмен, які жыве ў Наварасійску, ахвяраваў дзве тысячы ўмоўных адзінак, набыў і прывёз за свае сродкі царкоўныя званы. Але, як кажуць,каму многа дадзена, з таго больш і спытаецца. Людзі, якія непасрэдна жывуць у Цераблічах, не шкадавалі сродкаў, часу, сілы. Усе іконы да асноўных гадавых святаў набыла 97-гадовая Шпакевіч Ефрасіння Васільеўна. Наскевіч Пётр Лявонцьевіч купіў для будаўніцтва 8 тысяч штук цэглы, набыў у алтар прастол, многа ахвяраваў грошай. Леўкавец Марыя Аляксееўна з Аздаміч таксама дапамагла будаўнічымі матэрыяламі. Шпакевіч Кацярына Васільеўна многа ахвяравала на ўзвядзенне храма. Ляснічы Біцутка Уладзімір Мікалаевіч аказваў дапамогу па першай просьбе. Былы старшыня сельвыканкама Шпакевіч Мірон Пятровіч таксама чым мог дапамагаў. Непасрэдна ў будаўніцтве былі заняты Шчучка Васіль Паўлавіч, Ачапоўскі Віктар Канстанцінавіч, Кірыловіч Іван Аляксеевіч, Крыжан Пётр Іванавіч, Супрунчык Фёдар Дзмітрыевіч, Наскевіч Даніла Іванавіч, Шпакевіч Іван Адамавіч, Шпакевіч Ганна Адамаўна. Гэтыя людзі кожны дзень сваімі рукамі падымалі святыню. У Васіля Паўлавіча, які не меў спецыяльнасці будаўніка і ніколі раней не займаўся гэтай справай, адкрыўся дар, якому ён сам здзіўляўся: аднекуль з’явіліся веды, уменні. З вялікай любоўю і верай чалавек аддаўся справе і давёў да канца. Для ўпрыгажэння храма Петрусевіч Марыя Пятроўна і сям’я Сцямпкоўскіх набылі дываны. За панікадзілам і другімі неабходнымі для службы рэчамі ездзілі ажно ў Маскву Шчучка Марыя Пятроўна і Петрусевіч Вера Васільеўна. Асаблівую ўдзячнасць жыхары вёскі выказваюць іменна Наскевіч Надзеі Іванаўне і Шчучка Марыі Пятроўне. Шчучка Марыя Пятроўна – гэты чысты светлы чалавек – у размове перажывае, каб пра ўсіх расказаць, не забыць. Пра свой удзел гаворыць, што толькі вера дапамагала. Было, што не атрымлівалася, апускаліся рукі. Але гэта хутка праходзіла: пасля падзення з верай і малітвай уставала і ішла далей да мэты. Увесь раён аб’ездзілі, абышлі Крук Варвара Адамаўна, Шпакевіч Надзея Іванаўна і іншыя жанчыны. Яны дзякуюць усім, хто дапамагаў у будаўніцтве і запрашаюць наведаць храм. А тут ёсць на што паглядзець. Не толькі душа, а і вочы радуюцца. Зразумела, ёсць яшчэ недаробкі: трэба дарожку пакласці. Магчыма, з часам, абкласці плітачкай двор, абгарадзіць. Але, думаю, што людзі будуць і далей садзейнічаць упрыгажэнню свайго храма. Практычна ўсе рэчы, неабходныя для правядзення абрадаў, усе іконы ў храме выкуплены. Гэта значыць, што іх хтосьці набыў за свае сродкі або пасля аплаціў іх кошт. Спіс усіх, хто зрабіў уклад у будаўніцтва храма, можна было б працягваць яшчэ доўга, але ж вернемся да галоўнага.
Многа людзей сабралася на свята. Царква, хоць і прасторная, не змяшчала ўсіх вернікаў.
У 10 гадзін прыехаў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан. Хлебам і соллю яго сустракаў Шчучка Пётр Васільевіч, дырэктар Мачульскай БШ, які, дарэчы, таксама многа сіл аддаў будаўніцтву і ўпрыгожванню храма.
Уладыка Сцяфан разам са святарамі правялі абрад асвячэння ў сценах храма. Хораша спяваў хор. Затым быў зроблены хрэсны ход вакол царквы з асвячэннем сценаў. Архіепіскап падзякаваў усім, хто меў дачыненне да будаўніцтва і выказаў думку, што ў храме заўсёды будзе мнагалюдна.
Гасцей запрасілі за сталы, якія шчодра заставілі рознымі стравамі гаспадыні. Жанчыны пастараліся.Таксама выказваюць падзяку старшыні СВК “Палеская ніва” Бародзічу Аляксею Мікалаевічу і былому старшыні Івану Цярэнцьевічу Кадолічу за тое, што садзейнічалі будаўніцтву.
І ўвесь час людзі, з якімі я размаўляла, гаварылі словы падзякі ўсім-усім, хто дапамагаў. А мне думалася, што нашы людзі, асабліва старэйшае пакаленне, якое пасля гадоў ваяўнічага атэізму, уздыхнула свабодна, быццам расправіла складзеныя крылы, імкнецца да духоўнага жыцця, радуецца свайму ўкладу ў справу адраджэння. Справа за моладдзю. Трэба, каб і яна адчула гэтую духоўную смагу. Але гэта ўжо не пра Цераблічы. Моладзь гэтай вёскі раней хадзіла ў царкву ў Аздамічы. А цяпер у іх ёсць свой храм. І за гэта нізкі паклон усім-усім…
Галіна БАБАРЫКА
P. S.: Велічны храм у вёсцы Цераблічы быў пабудаваны за няпоўныя два гады. Гэта заслуга кожнага, хто дапамог яго ўзвядзенню. Я прашу прабачэння ва ўсіх, каго не ўзгадала ў матэрыяле. Кожны некалі атрымае сваю ўзнагароду.

Добавить комментарий