Мотасезон закрыты «Залатой восенню»

Узнагароду атрымлівае А. Карамыслаў

12 кастрычніка ў Століне прайшоў ужо традыцыйны мотафестываль “Залатая восень”, які сабраў больш за 70 матацыклістаў і тых, каму цікава гэтая тэма. Сярод гледачоў і прысутных было шмат дзяцей. Арганізатарам фестывалю выступіла Столінская мотасуполка “IRON SAMURAI”.

Пераможца конкурсу М. Кавальскі

Спачатку калона матацыклістаў накіравалася ў сацыяльна-педагагічны цэнтр “Вясёлка” ў р. п. Рэчыца, дзе чарговы раз байкеры сустрэліся з выхаванцамі гэтай установы і ўручылі падарункі. Потым усе матацыклы, мапеды, скутары сабраліся на пляцоўцы каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу, дзе было ўжо многа народу. На святочным адкрыцці мотафестывалю перад прысутнымі выступілі выхаванцы школы ўсходніх адзінаборстваў “Эвалюцыя” пад кіраўніцтвам трэнера Дзмітрыя Мумрыкава. Дзеці прадэманстравалі свае ўменні валодаць тэхнікай бою, паказалі сваю моц і спрытнасць, набытую за год-два трэніровак.
Потым пачаліся конкурсы сярод байкераў. У “Фігурнай яздзе на матацыкле” лепшым стаў Мікалай Кавальскі, а ў камандным конкурсе “Сасіска” (змагаюцца па два ўдзельнікі на адным матацыкле) лепшым стаў дуэт Паўла Літвінкі і Аляксандра Піліпчука. У конкурсах “Столінская

Выступленне школы адзінаборстваў «Эвалюцыя»

гонка” і “Самая павольная язда” перамог Аляксей Карамыслаў, які ўжо не адзін год пацвярджае і “абараняе тытул” у гэтых конкурсах.
Таксама журы вылучыла і самы прыгожы байк – ім аказаўся матацыкл Андрэя Сярова з Пінска. Яго аэраграфія на “двухколым сябры” прыйшлася даспадобы многім. Яшчэ два пінчаніны аказаліся пераможцамі ў намінацыі “Залатыя рукі” – Віктар Тугай і “Самы гучны выхлап” – матацыкл прэзідэнта пінскага мотаклуба “Overhead” Андрэя Андрэева.
Як адзначыў старшыня мотасуполкі “IRON SAMURAI” Дзмітрый Цыганкоў, з году ў год колькасць удзельнікаў мотафестывалю павялічваецца, а геаграфія пашыраецца. У гэтым годзе ўпершыню завітаў да нас у госці байкер Павел Мацкевіч з Маладзечна, які даведаўся аб мерапрыемстве з сацыяльных сетак. З ім таксама прыехалі чацвёра яго сяброў. Павел быў адзначаны ў намінацыі “Самае доўгае турнэ”. У гэтым годзе на сваім двухколым таварышы ён пераадолеў больш за 28 тысяч кіламетраў. А ў мінулым годзе яму пакарыліся 48 тысяч кіламетраў дарог Беларусі, Расіі і Еўропы.
Пасля ўзнагароджвання, у якім таксама прыняла ўдзел рэдакцыя газеты “Навіны Палесся”, пачалася канцэртная праграма. “Раёнка” падарыла мотасуполцы ў асобе Дзмітрыя Цыганкова акустычную гітару, каб байкеры потым сустракаліся разам і спявалі свае песні. Канцэртную праграму запоўнілі вакальна-інструментальны ансамбль “Брыз” са Століна і рок-гурт з Камянца.
Завяршыўся мотафестываль святочным салютам.
Аляксандр
НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара

Добавить комментарий