Яго натхненне – вінаградныя гронкі

Ігар Уладзіміравіч Раўкач з вінаграднай гронкай практычна на тры кілаграмы

Стэнд з вінаградам на свяце горада Давыда вось ужо другі год прыцягвае маю ўвагу. Ды і не толькі маю. Каля яго збіраюцца як гараджане, так і госці Давыд-Гарадка. І ва ўсіх адно пытанне: няўжо ў нашых умовах можна вырасціць вось такі вінаград?! І яго гаспадар – жыхар старажытнага горада Ігар Уладзіміравіч Раўкач адказвае: “Не толькі можна, а і трэба”.

Выстаўка вінаграду Ігара Раўкача

Сёлета на сваім стэндзе Ігар Уладзіміравіч размясціў 20 сартоў вінаграду — “Восторг-2”, “Восторг мускатный”, “Татарский”, “Надежда АЗОС”, “Тимур”, “Виктор”, “Алёшенькин”, кішміш “Находка”… І калі напрасілася ў госці да вінаградара, то і чакала ўбачыць сартоў 20-25. Але тое, што ўбачыла, уразіла яшчэ больш. Каля сядзібы Раўкача 54 сарты вінаграду!
Ігар Уладзіміравіч пачаў займацца вінаградарствам не так даўно – тры гады назад. Але “захварэў” ён гэтай справай настолькі сур’ёзна, што зараз пра сам вінаград ведае даволі шмат, дае кансультацыі па яго вырошчванні, актыўна вядзе перапіску на форумах па вінаградарстве, ездзіць на выстаўкі, сёлета сам плануе выставіць самыя вялікія і прыгожыя вінаградныя гронкі.
Невялікі ўчастак гаспадароў Раўкачоў каля чатырохкватэрнага дома практычна цалкам аддадзены вінаграду. Ігар Уладзіміравіч пачынае экскурсію ад кустоў перад домам, пасля вядзе па радах за домам, праводзіць па невялікай цяпліцы.
— У цяпліцы вырошчваю толькі для таго, каб паскорыць тэрмін выспявання сартоў. Спрабую, эксперыментую, — расказвае мужчына.
На самай справе мы бачым той жа вінаград і на вуліцы, і пад плёнкай. Ігар Уладзіміравіч лёгка называе сарты, паказвае іх, расказвае пра якасці кожнага, пра тое, як і з якога віду быў выведзены менавіта гэты. Назваў столькі, што проста немагчыма ўсё запомніць. І практычна ўсе ягады ўжо налітыя, салодкія, так і просяцца на стол. Розны іх колер, памер, смак, форма. Столькі розных сартоў вінаграду нідзе не бачыла. Кішміша тут толькі два сарты – “Находка” і “342”, адзін з самых ранніх – “Віктор”, не патрабавальная “Вікторыя”, з вялікай ягадай “Преображение”, з сярэднім тэрмінам паспявання – “Красавчик”, да трох кілаграмаў дасягае вагі гронка “Юбілею новачаркаскага”. Пра ўсе 54 найменні нават і не напішаш. Спытала ў гаспадара пра любімы сорт:
— Ды пакуль не знайшоў свой, — адказаў ён з гумарам.
Гэта адказ вінаградара. А на мой погляд, усе прадэгуставаныя сарты ў Ігара Уладзіміравіча вельмі смачныя. Канешне, ёсць адрозненне па смаку, але ў кожнай ягады знаходзіш нешта сваё, адметнае, што менавіта прыцягвае да яго.
Ігар Уладзіміравіч расказаў, што іншым часам даводзіцца развітвацца з той ці іншай лазою. Іншым часам набывае новы сорт, а аказваецца — падробка. Тады шкада не столькі сродкаў, якія аддаеш за новы від, колькі часу, затрачанага на яго вырошчванне. Бо пабачыць, што ты набыў, можаш праз некалькі гадоў.
Ігар Уладзіміравіч сам разводзіць вінаград. Стварыў патрэбныя ўмовы па цеплыні, з тэрмарэгулятарам, падтрымлівае тэмпературу як паветра, так і прыкарнявую. У выніку з “палачак”, абрэзаных з вінаграду, вырастаюць новыя саджанцы.
Расказаў ён і пра іншыя спосабы размнажэння вінаграду: зрабіць надрэз на галінцы, якая ідзе ад вінаградніка, апрацаваць месца “Карневінам” і прыкапаць (прычапіць) да зямлі. Калі галінка пусціць карані, яе акуратна адрэзаць ад дарослай расліны.
Таксама прышчэпвае вінаград. Як і на яблыні, на адным вінаградным кусце могуць расці некалькі сартоў. Толькі лепш падабраць прыкладна аднаго тэрміну паспявання.
Канешне, вінаград трэба апрацоўваць. Ігар Уладзіміравіч пачынае апрацоўку медным купарвасам пасля адкрыцця вінаграднікаў, калі на іх з’яўляюцца першыя пупышкі. Пасля апрацоўвае “Ридомил голд МЦ”, “Тапазам”, а калі ягады пачынаюць паспяваць, то “Фітаспарынам”. Ён чаргуе розныя прэпараты ад захворванняў, каб не было звыкання.
На зіму вінаграднікі абразаюцца (пакідаецца 4-5 пупышак), прыгінаюцца да зямлі і прышчэпваюцца, а пасля накрываюцца. Лепшым матэрыялам вінаградар лічыць падложку пад ламінат: танна і зручна. Акрамя гэтага ў ход ідзе апалая лістота, старая вопратка і многае іншае.
— Зараз займацца вінаградарствам вельмі проста. Ёсць вялікая колькасць сайтаў, форумаў, на якіх аб’яднаны вось такія “хворыя”. Мы перапісваемся, даём парады адзін аднаму. Ёсць спецыяльныя праграмы для вызначэння захворвання, калі нешта трапілася з раслінай, — дзеліцца Ігар Раўкач. – Я таксама даю парады, прапаную кожнаму паспрабаваць вырасціць вінаград. Гэта карысныя ягады, якія растуць у нас без нейкіх асаблівых клопатаў.
І гэты чалавек сваім прыкладам паказвае, што вырасціць вінаград (не адзін ці два сарты) на беларускай зямлі магчыма.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара

Яго натхненне – вінаградныя гронкі: 2 комментария

  • 09.09.2014 в 4:23 пп
    Permalink

    Задавала этот вопрос, уважаемый Gorynskij. И получила отрицательный ответ: не пьёт человек вино и виноделием не увлекается.

  • 07.09.2014 в 7:53 дп
    Permalink

    Я убежден, что знаю, что он делает из винограда. Что ж неплохо, хорошее хобби (выращивание винограда). В бутылке вина больше философии, чем во всех книгах. /Луи Пастер/

Добавить комментарий