«Надзея» — куточак мiласэрнасцi

Юлія Аляксандраўна Колбік

З красавіка гэтага года ва Узляжжы пачаў працаваць Дом міласэрнасці для састарэлых людзей. Асаблівасць яго ў тым, што ён – прыватны. І гэта адзіная ўстанова ў Брэсцкай вобласці, якая заяўлена ў рамках сацыяльнага заказу.

Як ідуць справы ў Доме міласэрнасці? Ці добра там жыхарам? З такімі пытаннямі накіравалася ва Узляжжа. Гаспадар будынка – дабрачынная місія “Надзея”. Яе старшыня – Мікалай Патапавіч Белавус праводзіць па памяшканнях былой школы.
Усё зроблена з густам і для патрэбы людзей. Пакоі, санвузлы, месцы

Ева Сцяпанаўна Сулкоўская

адпачынку, сталовая, кухня.
А вось і жыхары гэтага дома. Першай нас сустракае Юлія Аляксандраўна Колбік. Жанчына, перад тым, як адказаць на маё пытанне, пытае сама: хто і адкуль, з якой мэтай. Усе кропкі над “і” расстаўлены і Юлія Аляксандраўна расказвае пра сябе. Нарадзілася ў 1935 годзе. Дзяцей у яе няма. Быў адзін сын, жыў у Віцебску, але памёр. Яна апошні час жыла ў Цераблічах, але догляду не было, штоночы са страхам клалася спаць, змарнавалася зусім. І калі на старонках нашай газеты з’явіўся матэрыял пра адкрыццё гэтай установы, адразу патэлефанавала. Вось з таго часу і жыве ва Узляжжы.
– Колькі ж вам гадоў? – пытаю ў яе.
– Калі сюды пераехала, было 80. А цяпер, пэўна, 60, – з усмешкай гаворыць Юлія Аляксандраўна.
І расказвае, што прыехала сюды з палачкай, ледзь хадзіла, а зараз намнога лепш сябе адчувае, не паддаецца дрэннаму настрою, а займаецца фізкультурай.
– Вось тут калідор 50 метраў. Я туды і назад разоў 10 бегаю. А пасля вось такія практыкаванні раблю, – жанчына садзіцца на падлогу і пачынае выконваць іх…
Ева Сцяпанаўна Сулкоўская нарадзілася ў 1933 годзе. Яна таксама ў прытулку з красавіка. Дзяцей няма. Ёй больш падабаецца праводзіць час у цішыні, без размоў і лішніх рухаў.
– Тут добра, — разважае яна. – І пакормяць, і прыбяруць, і памыюць.
Трэці жыхар прытулку Рыгор Уладзіміравіч Ляшкевіч. Мужчыне хутка споўніцца 92 гады. Да нядаўняга часу ён намнога лепш сябе адчуваў. А зараз перастаў хадзіць, усё больш ляжыць. Узрост бярэ сваё. У яго тры сыны, якія іншым часам прыязджаюць ненадоўга… Рыгор Уладзіміравіч змяніў ужо трэцяе сацыяльнае месца жыхарства – жыў у Альгомельскай і Беражноўскай бальніцах сястрынскага догляду. А пасля хрэсніца перавяла яго ва Узляжжа.
– Нядаўна давялося аднаго з нашых наведвальнікаў выселіць. Стаў піць, кулакамі махаць. А ў нас парадак павінен быць – ніякіх спіртных напояў, – расказвае Мікалай Патапавіч.
Усяго прытулак разлічаны на 30 месцаў. Атрымліваецца, што толькі дзясятая частка будынка занятая. Каля састарэлых увесь час знаходзіцца Мікалай Патапавіч. Дапамагае яму сын, на выхадныя прыязджае жонка. Пакуль наняць абслугоўваючы персанал няма магчымасці ды і сэнсу няма. Догляд за трыма чалавекамі вядуць самастойна.
Мясцовыя пастаянна прыходзяць пагутарыць з жыхарамі прытулку, іншым часам прынясуць гасцінцаў – садавіны ці агародніны.
Людзі, якія вырашылі пераехаць жыць у прытулак, адлічваюць са сваёй пенсіі 80 працэнтаў. Гэтых сродкаў мала, каб утрымліваць будынак.
Таму дабрачынная місія “Надзея” звяртаецца да ўсіх з просьбай аб спонсарскай дапамозе.
Сродкі можна пералічыць на рахунак: 3015000241081 МФА 150501854 у ЦБУ 124 ААТ “АСБ Беларусбанк”, УНП 290926786.
А тыя, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю, тыя, пра каго няма каму паклапаціцца, могуць тэлефанаваць па нумарах 40-300 ці 40-301, а таксама на нумар 8-029-692-91-09 (Велком).
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара

Добавить комментарий