Альшанскі «Родны кут»

Ёсць попыт - вось і прапанова! У "Родным куце" ў дзень адкрыцця

23 верасня ў цэнтры аг. Альшаны было надзвычай шматлюдна і святочна. Сетка магазінаў  “Родны кут” на Століншчыне папоўнілася новым гандлёвым аб’ектам.  У гэты дзень новы магазін  прыветліва адчыніў дзверы для альшанцаў і жыхароў бліжэйшых населеных пунктаў.

З вітальнымі словамі да прысутных звярнулася выконваючая абавязкі старшыні Брэсцкага абласнога спажывецкага саюза Таццяна Уладзіміраўна Чэрапава:

– Спажывецкая кааперацыя мае дэвіз: “Жыць клопатамі вёскі”. Адкрыццё цудоўнага гандлёвага аб’екта – чарговы падарунак людзям, якія любяць і шануюць сваю зямлю, старанным працаўнікам, жыхарам Альшан. У спажыўкааперацыі ёсць пэўны план развіцця сеткі магазінаў. Мы аказваем паслугі па закупцы сельскагаспадарчай прадукцыі, бытавыя, транспартныя. Хачу пажадаць удалых пакупак, ветлівага абслугоўвання, новых тавараў і шырокага асартыменту. Заставайцеся нашымі кліентамі, а мы будзем надзейнымі партнёрамі.

Старшыня Столінскага раённага спажывецкага таварыства Сяргей Мікалаевіч Крыжык  таксама павіншаваў мясцовых жыхароў са значнай падзеяй: “Больш працалюбівых і старанных людзей цяжка знайсці. Як кажуць, яны гаспадары на сваёй зямлі. Карыстаючыся выпадкам, віншую ўсіх з адкрыццём “Роднага кута”, жадаю здароўя і матэрыяльнага дабрабыту”.

Старшыня Альшанскага сельскага выканаўчага камітэта Віктар Анатольевіч Гапко пажадаў пакупнікам мець столькі грашовых сродкаў, каб задаволіць усе свае патрэбы.

Добры настрой і ўсмешкі на ўрачыстым адкрыцці  падарылі артысты з Рамельскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу.

На будаўніцтва гандлёвай кропкі затрачана 12 мільярдаў 384 мільёны рублёў асабістых сродкаў райспажыўтаварыства. Гэта ўжо трэці магазін такога фармату ў раёне.  Дарэчы, за апошнія пяць гадоў пабудаваны 14 новых прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.

У магазіне ёсць свой кандытарскі цэх, у якім штодзённа работнікі будуць выпякаць хлеб, батоны, пірожныя з фруктовымі начынкамі і іншыя кандытарскія вырабы.  Наведвальнікаў новага магазіна парадуюць акцыі па зніжэнні цэн на разнастайныя тавары, якія будуць змяняцца праз пэўны час. Штодзённа цана будзе зніжана на 20-40 тавараў.

У “Родным куце” дзейнічае электронная назапашвальная сістэма  – за пакупку тавараў на пэўную суму можна атрымаць дысконтную карту.

Калектыў магазіна досыць вялікі – 34 чалавекі: 21 прадавец, чатыры кандытары, два грузчыкі, чатыры прыбіральшчыцы.

Мясцовыя жыхары да самага вечара ішлі ў магазін: адны напаўнялі поўны кошык і крочылі на касу, другія, не спяшаючыся, праходзілі між радоў і прылаўкаў, знаёміліся з асартыментам і цаною. Першыя пакупнікі, якія набылі тавары на пэўную суму грошай, атрымалі прыемныя падарункі.

Тое меркаванне, што ў дзень адкрыцця магазін мае найбольшую выручку, не пацвердзілася: у  “Родным куце” больш пакупак было зроблена ў другі і трэці дні. А гэта значыць, што новы гандлёвы аб’ект прыйшоўся даспадобы жыхарам Альшан.

Святлана

 ШПАКОЎСКАЯ 

Фота аўтара

Альшанскі «Родны кут»: 1 комментарий

  • 26.09.2014 в 6:30 пп
    Permalink

    Годная навіна. Менавіта мне падабаецца рабіць пакупкі Ў Столінскім Родным куце. Спадзяюся Альшанскі Родны кут не саступіць у ўтульнасці

Добавить комментарий