Альпенская шляхта

Чаму ж славуты твор мае назву “Пінская шляхта”, а не Альпенская? Пытанне гэтае ўжо не задасі аўтару. Хаця звесткі пра тое, што Дунін-Марцінкевіч жыў у Альпені ў 1849 годзе ёсць. Напрыклад, яго верш “Вясна” датаваны “Альпень, мая 12 дня 1849 года”. Ды і прозвішчы дзеючых асоб камедыі тыпова альпенскія – Іван-Цюхай-Ліпскі, Цімох Альпенскі, Ціхон Пратасавіцкі…
Як жыве Альпень зараз? Чым займаюцца жыхары гэтай маленькай вёсачкі? Якімі ўспамінамі і спадзяваннямі поўняцца іх сэрцы? У госці мы завіталі ў Альпень.

Па гістарычных
сцежках

Іван Уладзіміравіч Ляшкевіч

Настаўнік-пенсіянер Іван Уладзіміравіч Ляшкевіч (ён жа наш пазаштатны аўтар) вывучае гісторыю роднай вёскі не першы год. Збірае звесткі вось ужо гадоў 30. З сабраных ім матэрыялаў знаёмлю чытачоў з мінулым Альпеня.
Упершыню Альпень узгадваецца ў 1479 годзе, калі княгіня Ганна, удава князя Свідрыгайлы, які быў князем Вялікага Княства Літоўскага ў 1430-1432 гадах, падарыла Альпень нейкаму Лешко-Зяновічу Альпенскаму. Наступныя звесткі адносяцца да 1503 года. Тады пінскі князь Фёдар Іванаў Яраслававіч запісаў прывілеі на сяло Альпень і дворышчы яго нейкім дваранам Севасцьяну Апановічу і Грыцку Князіковічу. У 1513 годзе князь Яраслававіч даў прывілей Івану Цюхай-Ліпскаму на маёнтак у Альпені.
Цікавыя звесткі Іван Уладзіміравіч браў з архіваў, ёсь “знаходкі” і з кнігі Уладзіміра Ліпскага “Я”. Ён гартае гэтую кнігу і паказвае прозвішчы шляхціцаў, якія традыцыйна жывуць у Альпені.
Альпенцы займаліся валяннем валёнак (Бруцкі Мікалай з роду Пенчыкаў),

Вера Уладзіміраўна Ляшкевіч

адцісканнем алею з насення лёну (займаўся таксама Бруцкі). Былі цесляры, млынары, будаўнікі. Зараз у вёсцы адсутнічаюць промыслы. Большасць жыхароў працоўнага ўзросту вырошчвае бульбу, моркву, агуркі і выязджае на заробкі.
Некалі ў Альпені быў цагельны завод. Многія дамы ў вёсцы пабудаваны з гэтай цэглы. Цяпер гэта нікому непатрэбныя збудаванні.
Усю гісторыю роднай вёскі Ляшкевіч занатаваў. Склаў і надрукаваў ён “Альпенскі дыялектны слоўнік”, які змяшчае 375 слоў.

Васіль Данілавіч Лемяшэўскі

З жалем канстатуе Іван Уладзіміравіч, што ў 1939 годзе ў Альпені было 170 двароў і пражывалі 1470 чалавек. Зараз жыве ў вёсцы 474 чалавекі на 221 двары. Налічваецца 80 пустуючых дамоў. Дамы, дарэчы, вельмі танныя — ад тысячы долараў.
Некалі ў Альпені было дзве царквы – праваслаўная і ўніяцкая. Зараз засталася толькі праваслаўная. Поруч з ёю знаходзіцца званіца. Царква была асвечана ў 1888 годзе.

 

В. К. Украінец, Т. У. Ляшкевіч і К. М. Ляшкевіч

Зняць капялюш
перад шляхціцам
Вера Уладзіміраўна Ляшкевіч — патомная шляхцянка. Яе дзявочае прозвішча Ляшкевіч-Зіновіч-Альпенская. Яе бацька і дзед былі дваранамі. Бацька служыў у царскай арміі. (Гэта яго здымак у белых пальчатках і зараз вісіць на сцяне ў Ляшкевічаў). А вось у мужа толькі маці была дваранкай. У некаторай ступені гэта не падабалася родным Веры Уладзіміраўны. Маці не хацела, каб дачка выходзіла замуж за гэтага юнака.

Мікалай Юсцінавіч Багацька

Бабуля Веры Уладзіміраўны была вядомай у ваколіцы павітухай. Пра яе цудадзейныя дзействы Вера Уладзіміраўна можа расказваць доўга. Гэтак жа, як і пра свой шляхетны род.
— Гэта быў гонар для хлопца, напрыклад, з Веляміч, калі за яго выходзіла дзяўчына з нашай вёскі – шляхцянка, — расказвае жанчына. – Мужык абавязкова павінен быў зняць капялюш перад шляхціцам.

Інтэрнэтаўскі
прагрэс
Васіль Данілавіч Лемяшэўскі пайшоў на фронт у 1941 годзе. Было раненне, палон, канцлагеры ў Бухенвальдзе і Дора. З 1997 года, калі не стала жонкі, жыве сам.
— Раней у вёсцы было шэсць прозвішчаў. А цяпер усялякіх многа. Некалі была шляхецкай вёска, а зараз нічога не засталося ні ад шляхты, ні ад вёскі, — разважае ветэран.
Васіль Данілавіч на свой узрост (нарадзіўся ў 1919 годзе) выглядае вельмі спрытна. Яшчэ і на веласіпедзе ездзіць. Сам сабе ежу варыць.
Разгаварыліся яны разам з Іванам Уладзіміравічам Ляшкевічам пра фотаздымак ветэрана, які нядаўна з’явіўся ў інтэрнэце. Час не стаіць на месцы. І людзі нават у маленькіх вёсках, нягледзячы на ўзрост, ідуць у нагу з часам.

Марцыпаны і
бяляшыкі
На Спленне вёска звычайна напаўняецца вялікай колькасцю гасцей. Спленне – прастольнае свята і разам з тым магчымасць прыехаць на родную зямлю, сустрэцца з аднакласнікамі, сябрамі, якія зараз жывуць далёка па-за межамі раёна.
Тамара Уладзіміраўна Ляшкевіч рыхтуецца да свята дыхтоўна. Не, не спяшаецца ў магазін, а сама завіхаецца каля печы.
— Люблю пячы тарты. Напрыклад, “Мішку”. Па шклянцы цукру, смятаны, яйка, гашаная сода – і выпякаю каржы. Пасля іх склейваю. Калі прыязджаюць дзеці, унукі, праўнукі, то абавязкова чакаюць маіх ласункаў.
Падзялілася рэцэптам рулетаў. Адна шклянка цукру і пяць яек, мука. Тонкім пластом выпякаецца, а пасля загортваецца разам з ручніком. Калі астыне, то у яго кладзецца начынка – звараны цукар, малако, масла і кава. Гэта любімы ласунак у гасцей Тамары Уладзіміраўны.
Марцыпанамі ў вёсцы называюць трохвугольнічкі, закручаныя з самай рознай начынкай. А вось бяляшыкамі – узбітыя бялкі з цукрам (на тры бялкі 100 грамаў цукру). Усё ўзбіваецца да пэўнай густаты, а пасля высыхае на чарэні печы.

Ой, ты мой сад
Вольга Канстанцінаўна Украінец ведае шмат мясцовых песень. Да яе б этнографаў. Мне яна выканала песню “Ой , ты сад, ты мой сад”. Яна разам з жанчынамі часта спявала раней на вяселлях, хрэсьбінах, проста на вячорках. Зараз спевы чуваць не так часта, але пад настрой выканае Вольга Канстанцінаўна любімую песню.

Галерэя-музей
Мікалай Юсцінавіч Багацька жыве не ў доме, а ў музеі (ці карціннай галерэі?). Ён некалі ў маладосці паехаў жыць у Пінск. Там стварыў сям’ю. Жылі, гадавалі дзяцей. Але ўсё жыццё разам з жонкай Любоўю Васільеўнай марылі вярнуцца ў Альпень. Вярнуліся восем гадоў назад. І зараз ніколькі не шкадуюць пра гэта. Бо вёска – гэта іх край, іх зямля, іх душа.
Мікалай Юсцінавіч праводзіць па сваім доме. Тут сабраны цікавыя матэрыялы – шабля з часоў Грамадзянскай вайны, бочачка з карэльскай бярозы, якая дасталася ў падарунак ад яўрэйкі ў час Вялікай Айчыннай вайны бабулі Мікалая, крыжы, ручка са сталовага серабра, ікона літаграфіі з 1911 года, сякера воіна, наканечнікі стрэл. Ёсць калекцыя званочкаў – розных памераў і гукаў. Кожны са сваёй гісторыяй. Ёсць даволі салідны кавалак бурштыну — нашага, палескага.
Літаральна на свой юбілей знайшоў ікону 20 стагоддзя на гарышчы аднаго з вяскоўцаў. Мэтанакіравана ходзіць гуляць на пэўныя ўрочышчы. Ніколі нічога не капае. А шукае, пільна глядзіць пад ногі. І знаходзіць.
Мікалай Юсцінавіч не толькі збірае рарытэтныя рэчы, а і сам піша карціны. Цікавыя задумкі па сваім сэнсе і кампазіцыі.
— Вось пайду на пенсію і намалюю вобраз Беларусі, — марыць Мікалай Юсцінавіч.
А пакуль сям’я разводзіць гусей, курэй, цацарак. Ёсць карова, козы, займаюцца агародніцтвам.
— У нашай вёсцы, вакол яе цудоўная прырода. Шкада, што яна гіне. Некалі тут быў такі каларытны драўляны масток. Цяпер яго няма, — гаворыць Любоў Васільеўна. – Рака Золатка цякла. У ёй вада такая чыстая, што бялізну прасці хадзіла.
Пра раку Золатка існуе цэлая гісторыя. Яна звязана ўжо з роднымі Мікалая Юсцінавіча. Некалі Радзівіл прыйшоў да яго дзеда Кажаноўскага, які быў мясцовым старастам, і прапанаваў выкапаць канал, што злучаў бы Льву з Гарынню. Стараста сазваў шляхціцаў і сталі вырашаць: даць дазвол Радзівілу капаць канал праз свае землі, ці не. Вырашылі — не даваць, бо частка сенакосаў, палёў прападзе. Ды пасля адмовы сталі гарэць дамы ў вёсцы: то адзін, то другі. Зноў сабраліся на сход вяскоўцы. Вырашылі даць дазвол. Так і з’явілася рэчка-канал Золатка.

ххх
Зусім па-іншаму жывуць зараз жыхары гэтай шляхецкай вёскі. Але час ад часу, у сварцы, пад гарачую руку нагадаюць яны зяцю ці суседу, што ён не са шляхетнага роду, а вось я – маю глыбокія карані радства…
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара
Ад аўтара: вялікі дзякуй усім героям гэтай публікацыі, старшыні Вяляміцкага сельвыканкама Святлане Васільеўне Пашкевіч, асаблівыя словы падзякі нашаму гіду — Івану Уладзіміравічу Ляшкевічу.

Альпенская шляхта: 8 комментариев

  • 27.12.2014 в 7:41 пп
    Permalink

    Прочитал.Вот что сказать хочу: мы сами творцы своего счастья по -большому, мы всё хочем, чтобы кто -то нам благ подкинул.
    Поэтому, наверное, и умирает Ольпень, грубо говоря.

  • 29.09.2014 в 1:52 дп
    Permalink

    Я помню вас дядя Коля!Я не забываю своих земляков!Дай вам Бог здоровья!

  • 28.09.2014 в 9:48 пп
    Permalink

    Юля,молодец! Это тебя одобряет Богатько Николай Твоя мама- моя троюродная сестра Я тоже люблю Ольпень и поэтому 8 лет назад с семьёй переехал сюда из Пинска И нисколько не раскаиваюсь!

  • 28.09.2014 в 2:41 пп
    Permalink

    Ольпень для меня святое место.Где бы я не была мою душу не оставляет любовь к деревне.Мне часто сниться и наша золотка и наша церковь.Это то чем жил мой прадед.Он всю жизнь прожил в Ольпень любил нашу деревню.Я считаю,что я просто не имею права терять любовь к Ольпеню.Ещё в моём детстве помню воскресные посиделки,помню как ходили вечером встречать коров,а потом дядька Пэнчик ездил на коне и собирал молоко.:-)Это моё детсво,моя память..Я молюсь о нашей деревне и своих земляках.Ведь ни чего не может быть дороже,чем то когда я приезжаю и слышу родной разговор и вижу близких мне людей.В такие моменты на глаза накатываються слёзы.Ведь не смотря на время и расстаяние тебя помнят и ждут.И только Ольпенец может понять то чувство когда после долгой разлуки ты видишь заветную дабму которая ведёт тебя в родную деревню.

  • 28.09.2014 в 10:02 дп
    Permalink

    Юля, спасибо за добрые слова о нашей общей Родине-деревне Ольпень Пусть она ДЕРЕВНЯ. не АГРОГОРОДОК. но она не должна исчезнуть, как некоторым думается …Пусть Ольпень будет столицей деревень!

  • 27.09.2014 в 8:12 пп
    Permalink

    Моя родная деревня.Мои дорогие земляки.Я верю и знаю,что наша деревня будет жить!!ЛЮБЛЮ ОЛЬПЕНЬ.

  • 23.09.2014 в 3:19 пп
    Permalink

    Геннадий, его телефон домашний 76-756

  • 21.09.2014 в 10:21 дп
    Permalink

    Интересный взгляд на деревню. Не думал, что и сейчас там бытует деление на шляхту и мужиков. Понравился мужчина — Богатько, что собирает всякие вещи. Захотелось с ним пообщаться.

Добавить комментарий