На палях – без пажараў

Веданне прыёмаў пажаратушэння вогнетушыцелем дэманструе камбайнер КСУП “АграГлінка” Віктар Аляксеевіч Язубец

Небывалая жнівеньская спёка сярод іншых негатываў прынесла пагрозу пажарнай бяспецы на ўборцы ўраджаю і нарыхтоўцы кармоў.
У сувязі з гэтым Столінскім раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях у перыяд масавых палявых работ праводзіліся планавыя праверкі і маніторынг захавання заканадаўства аб пажарнай бяспецы, у тым ліку патрабаванняў тэхнічных нарматыўна-прававых актаў сістэмы супрацьпажарнага нарміравання і стандартызацыі сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна.

Адкрытыя сцірты грубых кармоў трэба абворваць

Праверкам былі падвергнуты месцы ўборкі ўраджаю і захавання грубых кармоў у СВК «Новае жыццё-2003», «Новая Прыпяць», «Струга», ААТ «Церабяжоў-Агра», КСУП “АграГлінка”.
У ходзе праведзеных праверак выяўлены парушэнні, якія маглі і яшчэ могуць прывесці да бяды.
У СВК «Новае жыццё-2003» склады грубых кармоў не былі забяспечаны пярвічнымі сродкамі пажаратушэння на тэрыторыі вытворчых участкаў у Лутках і Кароцічах. Выпускныя трубы рухавікоў трактароў, якія прымяняліся пры нарыхтоўцы грубых кармоў, не абсталяваны іскрагасільнікамі. Пры складзіраванні сціртаў не вытрымліваюцца неабходныя адлегласці да дарог і ліній электрапередач. Не праведзена абворванне сціртаў.
У СВК «Новая Прыпяць» склады грубых кармоў не забяспечаны пярвічнымі сродкамі пажаратушэння на тэрыторыі вытворчых участкаў у Сямігосцічах, Альшанах, Высокім. Выпускныя трубы рухавікоў трактароў на нарыхтоўцы грубых кармоў таксама не абсталяваны іскрагасільнікамі. Пры складзіраванні саломы не захоўваюцца неабходныя адлегласці да дарог і ліній электраперадач. Не праведзена абворванне сціртаў. У месцах уборкі збожжавых культур не арганізавана дзяжурства пажарнай аварыйна-выратавальнай або прыстасаванай для тушэння пажару тэхнікі.
У СВК «Струга» склады грубых кармоў не забяспечаны пярвічнымі сродкамі пажаратушэння на тэрыторыі вытворчых участкаў у Струзе, Ямным. У месцах уборкі збожжавых культур не арганізавана дзяжурства пажарнай аварыйна-выратавальнай або прыстасаванай для тушэння пажару тэхнікі.
У ходзе праведзенага маніторынгу ў ААТ «Церабяжоў-Агра» выяўлены наступныя парушэнні:
— тэхніка, задзейнічаная на ўборцы, не ў поўнай меры забяспечана пярвічнымі сродкамі пажаратушэння;
— у месцах уборкі збожжавых культур не арганізавана дзяжурства пажарнай аварыйна-выратавальнай або прыстасаванай для тушэння пажару тэхнікі.
У КСУП “АграГлінка” рэйдавая праверка на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур пераканалася, што ўсе камбайны абсталяваны сродкамі пажаратушэння, механізатары ведаюць, як імі карыстацца. На ўсіх трактарах, якія перавозяць салому з палёў, ёсць іскрагасільнікі.
А вось да складзіравання грубых кармоў у Глінцы ёсць прэтэнзіі – вакол сціртаў не зрабілі своечасова абворванне.
Як запэўніў намеснік начальніка Столінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях начальнік інспекцыі нагляду і прафілактыкі Дзяніс Валер’евіч Жукоўскі, большасць парушэнняў заканадаўства аб пажарнай бяспецы была ўхілена адразу ж пасля праведзеных праверак. Але работы на палях працягваюцца. Ідзе вывазка з палёў саломы, вядзецца ўжо ўборка кукурузы на сілас. Важна не дапусціць паўтарэння выяўленых парушэнняў у кожнай гаспадарцы.
Фёдар ШУМКО

Добавить комментарий