Мелодыi хлебных палёў

Удзельнікі аматарскай творчасці выступаюць перад працаўнікамі збожжатока

Кожны год работнікі культуры выязджаюць на палі, збожжатакі, каб падтрымаць працаўнікоў сельскай гаспадаркі добрым словам, песняй у іх нялёгкай справе. Гэты год не стаў выключэннем.

 У мінулую нядзелю работнікі Асаўскога СДК сумесна з Відзіборскім і Вулька-Арэйскім сельскімі клубамі, а таксама з работнікамі Асаўской і Відзіборскай бібліятэк наладзілі канцэртную праграму на збожжатаках у вёсках Асаўцы і Відзібор. У праграме гучалі народныя песні ў выкананні Зінаіды Рубцовай, Марыны Каспяровіч, Веры Трушко, Алены Пашкевіч, Лідзіі Дзямчук, Жанны Квятко, Мікалая Кавалёва. Вельмі даспадобы прыйшліся эстрадныя нумары “Всё для тебя”, “Белая черёмуха”, “Чырвона рута”, “Галіна” ў выкананні Івана Астравухава, Сняжаны Багатка, Мікалая Кавалёва. А калі загучала ўсім вядомая “Полька беларуская”, многія не вытрымалі і пусціліся ў скокі. Праграма выдалася цікавай і разнастайнай.

 Гледачы дзякавалі артыстам за тое, што мелі магчымасць крышку адпачыць, паслухаць знаёмыя мелодыі, патанцаваць. А тыя, у сваю чаргу, пажадалі перш  за ўсе здароўя, поспехаў і добрага настрою.

Мікалай КАВАЛЁЎ

Добавить комментарий