Алімпіец – гэта назаўжды!

У падарунак ад алімпійцаў – гульнявыя мячы

На мінулым тыдні на Століншчыне ў аддзеле пагранічнай службы “Рэчыца” прайшла сустрэча прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь і спартсменаў-алімпійцаў з ваеннаслужачымі.
У госці да пагранічнікаў, якія ахоўваюць рубяжы краіны на тэрыторыі Столінскага раёна, завіталі дырэктар прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі ў Брэсцкай вобласці Алена Леанідаўна Белаконенка, а таксама знакамітыя спартсмены з Брэстчыны – чэмпіёнка XXVIII Алімпіяды ў Афінах у бегу на 100 метраў Юлія Віктараўна Несцярэнка, удзельніцы XXVI Алімпійскіх гульняў Вольга Вітальеўна Кардапольцава і Тамара Віктараўна Самахвалава, а таксама чэмпіён свету па гіравым спорце ў рыўку, рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінеса Андрэй Яўгенавіч Шумовіч.
Адкрываючы сустрэчу алімпійцаў з пагранічнікамі, дырэктар прадстаўніцтва Нацыянальнага Алімпійскага камітэта Беларусі ў Брэсцкай вобласці Алена Леанідаўна Белаконенка расказала пра дасягненні спартсменаў Брэсцкай вобласці на Алімпійскіх гульнях. На іх рахунку 21 алімпійскі медаль. Заваявалі іх 15 спартсменаў са 103, якія заваявалі гонар выступаць ад вобласці на такіх прадстаўнічых спаборніцтвах.

Знакамітыя спартсмены на Століншчыне на памяць з пагранічнікамі

Пра спартыўныя перамогі спартсменаў Брэстчыны расказаў і фільм, які паглядзелі ўсе разам. Незабыўныя моманты слаўных стартаў тых, хто прысутнічаў на сустрэчы, яшчэ раз нагадвалі пра мужнасць і адданасць спорту гэтых людзей.
І вось хвалюючы момант. На пытанні ваеннаслужачых адказваюць героі Алімпійскіх гульняў.
— На старце я не бачыла, хто быў злева, справа, — успамінае той памятны суботні дзень 2004 года Юлія Несцярэнка, — а выйграць залаты медаль на Алімпіядзе для мяне было тое ж самае, як паляцець на Месяц. І вось на фінішнай лініі я не глядзела нават на табло, бо была ўпэўнена – я першая!

Тады, на старце, саперніцы Юліі кінуліся на дыстанцыю на нейкі момант раней за яе. І толькі за 15 метраў да фінішу наша зямлячка апярэдзіла Лорын Уільямс і, паказаўшы час 10,93 секунды, упершыню за апошнія дваццаць гадоў забрала першынство на самай кароткай алімпійскай дыстанцыі ў амерыканак.
– Я вельмі ўдзячна першаму трэнеру, бацькам, якія прывялі мяне ў спорт, — гаворыць Юлія Віктараўна.
Пасля гэтай яркай перамогі ў Грэцыі яе празвалі Белай Маланкай. Памятае, што ў ноч перад стартам у думках разоў сто “стартавала і фінішавала”. Пасля фінішу былі працэдуры ўзяцця проб на допінг, журналісты бралі інтэрв’ю.
У алімпійскую вёску да каманды далучылася каля чатырох гадзін раніцы.
– Гэтая маленькая бітва прымусіла аддаць усе сілы, – успамінае Юлія Віктараўна.
Варта нагадаць, што Юлія Несцярэнка на момант гістарычнага старту хаця і не была прызнанай славутасцю ў спорце, але пасля выступленняў на чэмпіянаце свету, дзе заваявала бронзавы медаль у бегу на 60 метраў, уваходзіла ў чацвёрку самых хуткіх у свеце на стометроўцы.
Яшчэ адзін герой-алімпіец Тамара Віктараўна Самойлава (Давыдзенка) нарадзілася ў Пінску, а цяпер працуе ў рабочым пасёлку на пагранічным кантролі. Яна стала бронзавым прызёрам на XXVI Алімпійскіх гульнях у 1996 годзе ў Атланце ў складзе васьмёркі з рулявой. Аб тым, што выпадковых людзей на Алімпійскія гульні не возьмуць, сведчаць яе ўзнагароды за перамогу ў Гульнях добрай волі ў 1994 годзе ў складзе чацвёркі двухлопасцевай, бронзавыя медалі ў такім жа класе лодак на чэмпіянатах свету 1995 і 2004 гадоў.
Адказваючы на пытанні воінаў-пагранічнікаў, Тамара Віктараўна адзначыла:
– У васьмёрцы ў кожнага з нас была канкрэтная роля, мяркуючы па нумарах. Я, можна так сказаць, была “маторам” у камандзе.
Усім спарстменам было зададзена і такое пытанне:
– Колькі дзён на тыдзень трэба было трэніравацца, каб дасягнуць таго, што сталася?
І ўсе дружна адказвалі:
– Усе сем дзён!
Удзельніца XXVI Алімпійскіх гульняў 1996 года ў Атланце Вольга Вітальеўна Кардапольцава заняла там трэцяе месца ў спартыўнай хадзьбе. Яна падзялілася ўражаннямі ад выступлення на Алімпіядзе:
– Ішла з апошніх сіл. Пры гэтым раскладвала дыстанцыю так, каб фінішаваць. Строга прытрымлівалася тэхнікі хадзьбы, бо за адрыў адразу абедзвюх ног ад дарожкі здымалі з дыстанцыі вельмі многіх. У прынцыпе, я мела асабісты вынік лепшы, чым паказала на Алімпіядзе.
Чэмпіён свету па гіравым спорце Андрэй Яўгенавіч Шумовіч расказаў, што ў адрозненне ад іншых відаў спорту ў рыўку для гіравіка самае важнае – сілавая вынослівасць. На абмежаванай пляцоўцы патрэбна здолець за вызначаны час выканаць практыкаванне чым найбольш разоў. У поспехах на спаборніцтвах вельмі дапамагло тое, што пачынаў трэніравацца па методыцы цяжкаатлета.
Андрэй Яўгенавіч прадэманстраваў усім майстар-клас у рабоце з 24-кілаграмовай гірай.
Фёдар ШУМКО
Фота аўтара

Алімпіец – гэта назаўжды!: 1 комментарий

  • 19.08.2014 в 11:54 дп
    Permalink

    Приходилось общаться с Юлей в неформальной обстановке- простой,хороший человек.

Добавить комментарий