Хронiка жнiва

 

Мінулы тыдзень для Століншчыны быў багаты на рэкордныя дасягненні. І кожнае з іх сведчыць пра працавітасць хлебаробаў раёна, іх старанне і жаданне не спыняцца на дасягнутым, імкнуцца вырошчваць збожжавыя і зернебабовыя максімальна па перадавых тэхналогіях.

Першае прыемнае рэкорднае дасягненне прыйшлося на раніцу   надзелі 27 ліпеня. Перад выхадам у поле камбайнавым экіпажам Століншчыны да намалоту 2012 года заставалася дабраць усяго 253 тоны збожжа. Вядома, цяжка было зафіксаваць, у якой гаспадарцы першымі адправілі з поля той самы запаветны кілаграм новага ўраджаю, які схіліў вагі ў бок перавышэння валавага збору. Хутчэй за ўсё варта павіншаваць усіх хлебаробаў з такім дасягненнем.

Нарэшце першыя камбайнавыя экіпажы перавысілі тысячатонны намалот збожжа. Віншаванні прымаюць Пётр Іванавіч Макіявец, Аляксандр Адамавіч Леўкавец, Леанід Уладзіміравіч Свірскі, Рыгор Арсенцьевіч Леська, Міхаіл Мікалаевіч Пацукевіч, Анатоль Вітальевіч Шуркала з СВК “Фядорскі”, Іван Васільевіч Гром і Васіль Іосіфавіч Андрайчук з СВК “Новая Прыпяць”, Міхаіл Іванавіч Ліпскі і Мікалай Паўлавіч Бандарчук з КУВП  “Манькавічы”. Да Уладзіміра Сцяпанавіча Гомана з СВК “Дубайскі” да тысячнікаў на перавозцы збожжа ад камбайнаў прыбавіліся вадзіцелі Анатоль Вітальевіч Шуркала з СВК “Фядорскі” і Лявонцій Іванавіч Колб з СВК “Рухчанскі”. Пашана і павага героям жніва!  

Між тым ужо ў адзінаццаці гаспадарках перавысілі мінулагодні валавы збор збожжа. Наступны арыенцір – дасягненне найбольш ураджайнага 2012 года, калі сельскагаспадарчыя арганізацыі Століншчыны намалацілі 77298,7 тоны збожжа. І гэты арыенцір у разрэзе сельгасарганізацый пакарыўся ўжо хлебаробам двух гаспадарак. У СВК “Новая Прыпяць” валавы збор збожжа склаў 7559 тон (у 2012 годзе – 6966 тон), у СВК “Лядзецкі – 3825 тон (у 2012 годзе – 3602,2 тоны). Абедзве  гаспадаркі  павялічылі валавы збор збожжа у першую чаргу за кошт больш высокай ураджайнасці культур. У СВК “Новая Прыпяць” збіраюць з кожнага гектара на 5,1 цэнтнера збожжа больш, чым у 2012 годзе і на 11,1 цэнтнера  больш,  чым  у  2013   годзе. У СВК “Лядзецкі” ўраджайнасць вырасла адпаведна на шэсць і 9,3 цэнтнера.

 У сярэднім па раёне ўраджайнасць пакуль вышэйшая за паказчык 2013 года на 16,3 цэнтнера, за канчатковую ўраджайнасць 2012 года – на 7,8 цэнтнера.

Каб не страціць  вырашчанага ўраджаю, а гэта дазволіць не зніжаць дасягнутую сярэднюю ўраджайнасць, важна добра ведаць кожнае поле і пільна сачыць за паспяваннем на ім ураджаю. Той жа авёс, калі спазніцца з уборкай хаця б на дзень, можа асыпацца.

На 28 ліпеня ўвесь авёс убралі ў КСУП “Прыгарынскі-2012” і СВК  “Лядзецкі”. Прыкладам высокай ураджайнасці гэтай культуры з’яўляецца КУВП “Манькавічы”, дзе ўдаецца атрымліваць з кожнага гектара па 64,2 цэнтнера збожжа аўса.

Цалкам убралі яравы ячмень у СВК “Беражное”, “Дубайскі”, “Варані”, КСУП “Прыгарынскі-2012”. Больш за 60 цэнтнераў збожжа гэтай культуры атрымліваюць у СВК “Палеская ніва” і КУВП “Манькавічы”. Ужо ў шасці гаспадарках паспяхова справіліся з уборкай піваварнага ячменю і маюць магчымасць палепшыць матэрыяльнае становішча за кошт рэалізацыі вырашчанага ўраджаю.

Блізіцца да завяршэння ўборка азімых культур. Па ўраджайнасці гэтай культуры лідзіруюць хлебаробы СВК “Палессе АВМ”, дзе намалацілі з кожнага гектара па 63,1 цэнтнера збожжа.  Больш за ўсіх сабралі з кожнага гектара жыта ў КСУП “Прыпяць-2009” – па 44,3 цэнтнера. У СВК “Новае жыццё-2003” сабралі ўсю азімую пшаніцу і намалацілі з кожнага гектара па 61,1 цэнтнера збожжа. Крыху меншая ўраджайнасць пшаніцы ў СВК “Палессе АВМ”, дзе ўборка яшчэ працягваецца.

У гаспадарках раёна на 1671 гектары пасеяны пажніўныя культуры. Найбольшую плошчу пад паўторнымі пасевамі адводзяць у СВК “Фядорскі”, “Новая Прыпяць”, КУВП “Манькавічы”, КСУП “Прыпяць-2009”.

Варта ўзмацніць тэмпы работ на лушчэнні іржышча. Пакуль гэты аграпрыём выкананы толькі на 18,5 працэнта ўборачнай плошчы. Лепш тут працуюць механізатары КУВП “Манькавічы”, СВК “Палессе АВМ”, СВК “Відзіборскі” і “Рухчанскі”, ААТ “Церабяжоў-Агра”.

Фёдар ШУМКО

Добавить комментарий