Напераганкi з часам

Камбайнеры СВК "Лядзецкі" Васіль Данілавіч Вярба і Васіль Канстанцінавіч Скулавец тлумачаць галоўнаму аграному Аляксею Віктаравічу Братцаву прычыну прастою камбайнаў

Бываючы ў гаспадарках раёна на жніве, пытаюся ў механізатараў пра тое, чым адрозніваецца цяперашняя ўборка ад ранейшых, ці не перашкаджае што добра ўбіраць ураджай.

Калі пра неспрыяльнае надвор’е пакуль ніхто не гаварыў, дык у першыя дні былі нараканні на дэфіцыт паліва.

І вось раён шчыльна ўвайшоў у жніво, пайшло паліва. Якія ж слабыя месцы не дазваляюць весці ўборку на поўную моц?

У СВК “Лядзецкі” мы разам з галоўным аграномам Аляксеем Віктаравічам Братцавым і старшынёю прафсаюзнага камітэта Элай Мікалаеўнай Панасюк спачатку наведалі ўрочышча Халімон, дзе камбайнеры ўбіралі ячмень. Анатоль Анатольевіч Ляшук і Віктар Яўгенавіч Колбік на камбайне КЗС 1218 тут ішлі ў перадавіках. Невысокая скорасць, роўны зрэз іржышча і ніякіх зярнятак у саломе пасля камбайна.

Стараюцца не губляць ураджай Анатоль Анатольевіч Ляшук і Віктар Яўгенавіч Колбік

– Асабліва не паспяшаешся, — тлумачыць Анатоль Анатольевіч, — ячмень культура далікатная, яго трэба старанна абмалаціць.

Рабочы дзень на ўборцы ячменю якраз і абмежаваны асаблівасцю гэтай культуры. Пачынаюць жніво пазней, завяршаюць убіраць раней, улічваецца вільготнасць збожжа. У такім разе кожная хвіліна работы на вагу золата. Паразмаўлялі з камбайнерамі ў час разгрузкі чарговага бункера.   Іх  радуе  ўраджай піваварнага ячменю – 45 цэнтнераў збожжа з кожнага гектара – лепшы паказчык у раёне. Вось і не спяшаюцца, берагуць кожнае зярнятка.

Вадзіцель Міхаіл Міхайлавіч Алейнік наадварот спяшаецца:

– Чым хутчэй трэба вярнуцца са збожжатока, — гаворыць ён, — камбайны зараз не павінны стаяць.

Міхаіл Міхайлавіч на 21 ліпеня на аўтамабілі МАЗ 555142 перавёз ад камбайнаў 680 тон збожжа.  Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у падобным класе аўтамабіляў у раёне, калі ўлічваць, што вазіць даводзіцца з  усіх   палеткаў   у  Лядзец.

– Раней у нас слабым звяном на ўборцы была сушыльная гаспадарка, — расказвае галоўны аграном, — сёлета ўвялі ў дзеянне сучасны сушыльны комплекс у Лядцы, туды і звозім увесь ураджай. Эканомім на персанале, які абслугоўвае сушылку, таму ў Арлах сушылкі  не задзейнічаны.

З аддачай працуе на перавозцы збожжа ад камбайнаў Андрэй Іванавіч Ляшук

Калі пераехалі ва ўрочышча Арэльшчына,    дзе   на  ўборцы  задзейнічалі тры з шасці наяўных камбайнаў, усіх нас чакала непрыемная неспадзяванка. Адзін за другім камбайны спыніліся, запаліўшы маячкі, што сведчыла пра запоўненасць бункераў. І тут галоўны аграном працягнуў сваю думку:

– А вось самым слабым звяном цяпер для нас з’яўляецца адвозка збожжа ад камбайнаў. Тэхнікі і людзей не хапае. Калі адцягнеш на іншую неадкладную работу хоць адну аўтамашыну, камбайны спыняюцца…

– Дык трэба біць трывогу, — абураюся я, — такое надвор’е добрае для работы зараз, а што можа здарыцца, калі непагадзь умяшаецца?

– Заўтра накіруем больш тэхнікі на перавозку збожжа, – паабяцаў тэхнолаг.

Камбайнеры Васіль Данілавіч Вярба і Васіль Канстанцінавіч Скулавец не хавалі сваёй незадаволенасці тым, што стаяць, калі трэба ўбіраць і ўбіраць:

– Ад нас гэта не залежыць. Мы напаўняем бункер хутчэй, чым аўтамабіль і трактар, замацаваныя за нашымі камбайнамі, паспяваюць вярнуцца са збожжатока.

Пры гэтым экіпаж паспеў намалаціць першыя 500 тон збожжа. Вядома, павінна быць намнога больш.

Неяк па інерцыі нехта ў Лядцы ў апраўданне такой неразбярыхі прамовіў:

– У масавую ўборку на перавозцы будзе больш тэхнікі.

Між тым уборка ў гаспадарцы няўмольна наблізілася да экватара…

Калі гэты артыкул быў падрыхтаваны да друку, мы ўдакладнілі, ці прыбавілася тэхнікі на перавозцы збожжа. Эла Мікалаеўна Панасюк, на якую мы выйшлі па тэлефоне, запэўніла, што справу паправілі, камбайны больш не прастойваюць.

Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *