Лепшыя паляўнічыя-стралкі

 

Столінская раённая арганізацыйная структура Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў правяла спаборніцтвы па стрэлах з паляўнічай зброі па мішэні дзіка на адлегласці 50 метраў.

Гэта мерапрыемства становіцца ўжо традыцыйным. Упершыню яно прайшло ў мінулым годзе ў былым піянерскім лагеры “Гарынь”. Сёлета месцам правядзення было абрана ўрочышча недалёка ад Альман.

Выконваючы абавязкі дырэктара Мікалай Уладзіміравіч Сычэвіч расказаў, што сёлета значна павялічылася колькасць  удзельнікаў (з 19  да 29). Паляўнічыя сур’ёзна і адказна ставяцца да гэтай справы, праводзяць трэніроўкі. Сёлета добры ўзровень паказалі паляўнічыя з Давыд-Гарадка. І першае месца дасталася жыхару гэтага слаўнага горада – Вячаславу Васільевічу Бесану. Яму і галоўны прыз – ліцэнзія на паляванне на дзіка. На другім месцы Віктар Адамавіч Трушко з Плотніцы (атрымаў насценны гадзіннік), на трэцім —  Васіль Сцяпанавіч Клочка з Альшан (разавая пуцёўка на паляванне на дзіка).

Журы сачыла за ходам правядзення стрэльбаў. У склад яго ўвайшлі паляўнічыя Васіль Пятровіч Драня і Дзмітрый Міхайлавіч Трухановіч, а таксама выконваючы абавязкі дырэктара таварыства паляўнічых і рыбаловаў Мікалай Уладзіміравіч Сычэвіч.

На мерапрыемстве былі ўзнагароджаны самыя актыўныя члены таварыства – Васіль Пятровіч Драня з Давыд-Гарадка, Дзмітрый Міхайлавіч Трухановіч са Століна і Сяргей Аляксандравіч Стоўба са Століна.

У планах арганізатараў і на наступны год правесці не менш яркае і насычанае мерапрыемства. А пакуль жадаючыя могуць удасканальваць свае навыкі, каб на наступны год галоўны прыз стаў іх.

Таццяна СЕГЕН

Добавить комментарий