…I сабраць без страт

Камбайнер Васіль Васільевіч Леська

Панамалоце азімых ячменю, трыцікале і рапсу Століншчына на 10 ліпеня пераадолела  дзесяцітысячатонны рубеж і вядзе жніво са значным апераджэннем мінулагодняга графіка.

Азімы ячмень убраны па раёне цалкам, пры сярэдняй ураджайнасці 37,7 цэнтнера з кожнага гектара (летась было 27,2 цэнтнера) намалот склаў 1642 тоны. Небывалую ўраджайнасць атрымалі ў СВК “Відзіборскі” – па 45,9 цэнтнера з кожнага гектара.

Азімага рапсу сабрана больш за шэсць тысяч тон. На сёння ўраджайнасць гэтай культуры складае па раёне 27,3 цэнтнера, што на 5,4 цэнтнера вышэй за мінулагодняе дасягненне. На фінішнай прамой самы высокі ўраджай гэтай высокарэнтабельнай культуры ў СВК “Новае жыццё-2003” – па 46,3 цэнтнера з кожнага гектара.

Мы пабывалі ў СВК “Новае жыццё-2003” і пераканаліся ў тым, як рупліва і ашчадна да ўраджаю ставяцца мясцовыя механізатары. Рапс – культура вельмі далікатная да ўборкі. Пагоніш хутчэй камбайн ці, наадварот, спознішся з уборкай – страціш шмат ураджаю.

  З аднаго  боку рапс убіраць лягчэй, чым пшаніцу, напрыклад, – гаворыць камбайнер Васіль Васільевіч Леська, — работа ідзе з больш высокім зрэзам сцяблоў. Але тут больш рызыкі згубіць ураджай. Камбайн мы падрыхтавалі як след, імкнёмся і не спяшацца надта, і не траціць часу дарма.

Як аказалася, Васіль Васільевіч мінулай восенню рыхтаваў пад сяўбу поле, дзе цяпер убірае.

Стараннем вызначаюцца ўсе тры экіпажы, занятыя на ўборцы рапсу. Высокія вынікі ў рабоце маюць Аляксей Талмачавец і Іван Шчучка, Аляксей Кудласевіч і Пётр Клімовіч.

Камбайнеры Аляксей Аляксеевіч Талмачавец і Іван Якаўлевіч Шчучка

Спыталіся пра сакрэты высокага ўраджаю азімага рапсу ў старшыні праўлення гаспадаркі Васіля Пятровіча Кудласевіча. Ён, аграном па спецыяльнасці, выказваецца шчыра:

– Хаця рапс з’яўляецца высокарэнтабельнай культурай, выгаднай для вырошчвання, раней пад яго адводзіліся плошчы з таго, што заставалася. У апошнія гады мы размяркоўваем гэтую культуру на  больш  урадлівых землях. Забяспечваем увесь комплекс мерапрыемстваў па доглядзе рапсу. І маем заканамерны вынік.

ФёдарШУМКО

Добавить комментарий