Пагорачкi нашай памяцi

Помнік ахвярам фашызму ў в. Хорск

22 чэрвеня назаўсёды застанецца ў нашай памяці днём велізарнай трагедыі, днём пачатку самай крывавай вайны ў гісторыі чалавецтва, днём, які назаўсёды падзяліў нашу гісторыю на “да” і “пасля” вайны. Вайна, якая працягвалася 1418 дзён, забрала жыцці дзясяткаў мільёнаў людзей, разбурыла надзеі і пакалечыла безліч лёсаў.
Кожны год 22 чэрвеня ў Беларусі прыспускаецца дзяржаўны сцяг і ўсе ўзгадваюць тых, хто загінуў, прапаў без вестак, памёр ад раненняў і хвароб, абараняючы нашу Айчыну ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

На тэрыторыі раёна знаходзіцца 26 воінскіх пахаванняў, у якіх знайшлі спакой салдаты Чырвонай Арміі і партызаны, якія загінулі пры вызваленні раёна. Таксама ёсць і месцы пахаванняў мірных жыхароў, якія былі расстраляны ці спалены фашыстамі.
Напярэдадні гэтай даты карэспандэнт “НП” разам з метадыстам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандрам Марушкам пабываў на некаторых месцах пахаванняў. Завіталі на могілкі ў Хорску, дзе ёсць магіла мірным жыхарам, якія былі расстраляны нямецкімі акупантамі.
Аляксандр узгадаў, што калі чатыры гады працаваў настаўнікам гісторыі ў мясцовай школе, то вельмі часта бываў тут з вучнямі – даглядалі магілу, сачылі за парадкам.

Аляксандр Марушка ля невядомай магілы ў Турска-Лядзецкім лясніцтве

— У магіле пахаваны 12 чалавек, — расказвае Аляксандр. – Паколькі на гэтай тэрыторыі вялікіх баявых дзеянняў не вялося, то гэта – мірныя жыхары. Увогуле, могілкі, на якіх мы зараз знаходзімся, у нейкім родзе ўнікальныя. Калі паглядзець на іх зверху, то валы з магіламі ўтвараюць крыж у выглядзе незакончанай свастыкі. Вучоныя прыйшлі да высновы, што так стала натуральным шляхам.
Потым мы наведалі магілу невядомага чалавека ў лесе адразу за Турска-Лядзецкім лясніцтвам.
– Ходзяць розныя легенды аб тым, хто тут пахаваны, — працягвае сваю міні-экскурсію Аляксандр. – Некаторыя сцвярджаюць, што тут пахаваны партызан, іншыя – закатаваны мірны жыхар, трэція – звычайны ляснік. Але праўды мы так і не даведаемся ніколі. Ніякіх звестак і запісаў аб гэтым пахаванні няма. І толькі драўляны крыж нагадвае нам аб нечым трагічным лёсе.
Аляксандр
НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара

Добавить комментарий