З пяшчотным сэрцам і добрымі вачыма

Ганна Канстацінаўна Кавалеўская

…Бабулі, якая сядзіць насупраць мяне, больш за 90 гадоў. Вочы ў промнях маршчынак напоўнены добрым настроем і лагодна ўсміхаюцца, а мяккі голас крыху дрыжыць. Яна таропка ўзгадвае падзеі 70-гадовай даўнасці, а я традыцыйна ўключаю кнопку “запіс” на дыктафоне і дастаю з сумкі фотаапарат…
Маладосць Ганны Канстанцінаўны Кавалеўскай з аг. Беражное была напоўнена страшнымі падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, якія і зараз час ад часу паўстаюць перад вачыма, нібы кадры кінастужкі.
…Пра тое, што іх плануюць арыштаваць, сям’я Ганны даведалася напярэдадні. З 1941 года яе родны брат быў у партызанскім атрадзе. Гэты факт стаў вядомы ворагам. Узброеныя мужчыны з партызанскага атрада прыехалі за сям’ёй. Што ўзяць з сабой? Маці дзяўчыны наспех злажыла ў скрынку рэчы першай неабходнасці, крыху прадуктаў. Іх адправілі ва ўрочышча Чырвоны бераг.
Але нядоўга там знаходзілася сям’я. Прыйшла вестачка, што нямецка-фашысцкія захопнікі рыхтуюць напад. На гэты раз жыхары Беражнога перасяліліся на Мярлінскія хутары. Рассяліліся па дамах у мясцовых жыхароў. Свет, як кажуць, не без добрых людзей – знайшліся тыя, хто даў прытулак. Ганну ўзялі ў атрад разведкі імя Ракасоўскага. Дзяўчаты ў асноўным займаліся гаспадарчымі справамі: пяклі хлеб, гатавалі ежу, мылі вопратку, але даводзілася і стаяць на пасту, разбіраць аўтамат, страляць…
Нарэшце ў 1944 годзе вярнуліся дамоў. Дакладней сказаць, на зруйнаванае папялішча: немцы з’явіліся на наступны дзень пасля ўцёкаў сям’і і спалілі ўсё датла. Зноў жа часовы прыстанак знайшлі ў аднавяскоўцаў.
Пасляванныя гады Ганны Канстанцінаўны нельга назваць лёгкімі, але сілы жыць і працаваць давалі перш-наперш спакой і мірнае неба над галавой. Яна працавала спачатку прадаўцом, потым – загадчыцай магазіна ў Беражным. 12 гадоў пасля выхаду на пенсію аддала рабоце ў спажывецкай кааперацыі.
У чым для Ганны Кавалеўскай сэнс жыцця? Адказ просты: у яе дзецях і ўнуках. Бабулю радуюць трое дзяцей, пяць унукаў і восем праўнукаў. Вось такая яна, гераіня майго аповеду – працавітая, моцная духам, з пяшчотным сэрцам і добрымі вачыма.
Святлана ШПАКОЎСКАЯ
Фота аўтара

Добавить комментарий