Пераможцы рэспублiканскага энергамарафона

Вучаніца 9 класа Анастасія Дзямко дэманструе ўзнагароды рэспубліканскага конкурсу

Экспанаты экацэнтра

У Баранавічах прайшоў заключны этап рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон – 2013”. Вельмі прыемна, што на ўрачыстасці быў узнагароджаны і практычны цэнтр па энергазахаванні Альгомельскага навучальна-педагагічнага комплексу “Яслі-сад – СШ”. У Альгомельскай школы другое месца ў намінацыі “Лепшы практычны цэнтр па энергазахаванні”.
Энергацэнтр у Альгомелі існуе не так і даўно, але тут сабрана шмат разнастайных экспанатаў. Увагу прыцягваюць паліцы, на якіх размешчаны прыборы асвятлення з далёкай мінуўшчыны да нашага часу. Тут можна ўбачыць свечкі, прас на вуголлі, газавыя лямпы. Побач з імі знаходзяцца і больш сучасныя – лічыльнік электраэнергіі, электрачайнік, усемагчымыя энергазахоўваючыя лямпы, а таксама зроблены макет падключэння электраэнергіі да электралічыльніка і прыбораў асвятлення. Ёсць нават печ на дызельным паліве, якая награвае памяшканне за лічаныя хвіліны.
Пастаянна аднаўляецца стэнд з малюнкамі, прысвечанымі тэме захавання энергіі. Вучні розных узростаў паказваюць сваё бачанне праблемы.
У школе праводзяцца ўсемагчымыя даследчыя работы. Напрыклад, Мікалай Мішкоў даследаваў маленькую батарэйку і шкоду, якую яна дае навакольнаму асяроддзю. Вучні спрабавалі знайсці, дзе можна выкінуць батарэйкі. На той час бліжэйшымі пунктамі для жыхароў Альгомеля былі Жыткавічы, Тураў і Столін. Далёка, каб з сабою везці выпрацаваныя акумулятары…
У экацэнтры размешчана шмат тэматычнай літаратуры, метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў, распрацовак урокаў, прэзентацый, якія раскажуць пра аднаўляемыя крыніцы энергіі, дадуць параду, што пачытаць, і прадэманструюць уласную выдавецкую дзейнасць па энергазахаванні.
Экскурсію па кабінеце, у якім размешчаны экацэнтр, звычайна праводзіць вучаніца 9 класа Анастасія Дзямко. Дзяўчына падрабязна расказвае пра ўсе крыніцы сілкавання, нават можа па магчымасці прадэманстраваць работу некаторых з іх. Яшчэ тут жа ёсць касцюм батарэйкі, які таксама апранаюць вучні на пэўных мерапрыемствах, каб надаць больш яркіх эмоцый гледачам.
Віншуем калектыў Альгомельскай школы з перамогай у рэспубліканскім конкурсе!
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара

Добавить комментарий