Патрыятычная сустрэча

Напярэдадні Дня Перамогі ў СШ № 2 г. Століна адбылася сустрэча вучняў прававых класаў з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Васілём Захаравічам Ключэнкам і намеснікам начальніка Столінскага РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Юрыем Мікалаевічам Бяствіцкім.
Класны кіраўнік Жанна Іосіфаўна Домніч заўважыла: Васіль Захаравіч, нягледзячы на свой узрост, бадзёра падняўся па лесвіцы, з запалам расказваў пра свой жыццёвы шлях, пра гады Вялікай Айчыннай вайны. На працягу дзвюх гадзін сустрэчы ён не прысеў, нягледзячы на ўсе ўгаворы, бо яму не дазваляюць прынцыпы сядзець перад аўдыторыяй.
…На долю ветэрана прыйшлося цяжкае юнацтва. Нарадзіўся ён у вёсцы Апанасовічы Ушацкага раёна. Толькі закончыў школу – пачалася вайна. І ўжо ў пачатку 1942 года Васіль пайшоў у партызанскі атрад імя Кутузава, дзе ваяваў да канца 1943 года.
Асноўная задача партызанскага атрада была ў тым, каб не прапусціць цягнікі з ворагам на фронт. Часцей за ўсё ўзрывалі масты. Ваявалі ў складзе групы падрыўнікоў з васьмі чалавек. На асабістым рахунку Васіля Захаравіча чатыры цягнікі, якія ён пусціў пад адхон. За ваенныя дзеянні ўзнагароджаны шматлікімі баявымі ордэнамі і медалямі.
І зараз Васіль Захаравіч добра памятае сваіх баявых таварышаў камсамольскай брыгады імя Кутузава – вельмі мужнага чалавека палкоўніка Місунова, які паказваў на асабістым прыкладзе, як трэба ваяваць з ворагам; камандзіра Сашына, які быў баявым афіцэрам, што ўцёк з палону; камандзіра роты Калесніка, які загінуў у 1944 годзе.
У час гутаркі Васіль Захаравіч звярнуў увагу на той факт, што тады не было нацыянальнай варожасці, усе ганарыліся краінай і абаранялі яе. Доўгі час ветэран падтрымліваў сувязь са сваімі баявымі сябрамі з Чарнігаўшчыны, Сібіры, з розных куточкаў Беларусі.
Расказаў ён пра тое, што ў партызанскім атрадзе яму давялося біць ворага разам са сваім настаўнікам матэматыкі. І зараз ветэран ганарыцца гэтым.
Самыя яркія і жудасныя ўспаміны засталіся аб падзеях у вёсцы Слабада, дзе іх партызанскі атрад трапіў пад артылерыйскі абстрэл. Партызанам удалося з вялікімі стратамі выйсці з-пад абстрэлу, але немцы вымяшчалі злосць на мясцовых жыхарах. Частку іх расстралялі адразу, а частку спалілі ў хляве, не пашкадавалі нават дзяцей. Гэта страшная падзея яшчэ больш узмацніла нянавісць да ворага.
Пасля аб’яднання партызан са злучэннямі Чырвонай Арміі быў накіраваны на навучанне ў партызанскую школу ў Мінск, а ў верасні 1944 года яму прапанавалі паехаць на аднаўленне савецкай улады ў Заходнюю Беларусь. Так ён быў накіраваны ў Пінскі абкам партыі. Прайшоў навучанне ў Пінскай партыйнай школе і ў 1945 годзе прыехаў на работу ў Столінскі райкам камсамола, дзе працаваў у 1946-1947 гадах. Яму давялося арганізоўваць піянерскія і камсамольскія атрады, працаваць з падлеткамі. Час быў цяжкім, усюды бандытызм. Патрэбны былі адказныя людзі ў міліцыі. І ён пайшоў працаваць участковым. Яго працоўная дзейнасць як участковага працяглы час звязана з Фядорамі. Толькі ўдумайцеся пра транспарт, якім карыстаўся Васіль Захаравіч: ён “з’ездзіў” тры кані і тры матацыклы.
Са студзеня 1947 па 1985 год ён працаваў у Столінскім РАУС. Яго працоўны стаж 38 гадоў.
Працуючы ў міліцыі, часта звяртаўся па дапамогу да моладзі. Яны патрулявалі ў вёсках, уступалі ў атрады садзейнічання міліцыі, дапамагалі з раскрыццём злачынстваў.
Вучні класа задавалі шмат пытанняў ветэрану, дзякавалі яму за перамогу. А ён нагадаў, што мір на зямлі трэба высока цаніць, заўжды памятаць, колькі людзей загінула дзеля яго.
Таццяна СЕГЕН

Добавить комментарий

  • Здесь
  • ховер н3 прошивка двигателя
  • ховер.москва