Салдат Вялiкай Перамогi

Усё далей у мінулае адыходзяць гады Вялікай Айчыннай вайны. Углядаючыся ў старыя пажаўцелыя фотаздымкі, здзіўляешся: як яны, салдаты, зусім яшчэ хлапчукі, вынеслі на сваіх плячах цяжар той жудаснай вайны? Як перажылі боль, страх, голад, холад? Яны выжылі ў полымі вайны, аддалі сілы на адбудову разбуранай гаспадаркі. Гады нікому не прыбаўляюць здароўя. Але як прыемна было пагутарыць з Супрунчыкам Цімафеем Ерамеевічам, якому ў лютым споўнілася ўжо 94.
Цімафей Ерамеевіч адносіцца да невялікай катэгорыі людзей, якія за ўсё жыццё, мабыць, ні з кім не пасварыліся. Пра сябе ветэран таксама не вельмі любіць апавядаць. У сваіх расказах больш узгадвае аднавяскоўцаў, баявых сяброў.
…Нарадзіўся Цімафей у мнагадзетнай сям’і, дзе было ўжо пяць хлопцаў. Рос у вялікай дружнай сям’і, дзе і радасць, і гора дзялілася на ўсіх, дзе з малых гадоў даводзілася ўсім працаваць, каб быў на стале кавалак хлеба. Пачалася вайна. Частку сем’яў з вёскі Мачуль, якая размясцілася недалёка ад лесу, немцы выселілі ў Альшаны, а другую частку вывезлі ў рабства ў Германію. Хлопцаў, маладых мужчын забралі ў лагер, які быў на тэрыторыі вёскі Велямічы. Але там адбыўся пажар, і арыштаваных пераводзілі ў другое месца. Цімох і яшчэ двое мачульцаў па дарозе збеглі, схаваўшыся ў жыце. Пайшлі да сваіх сем’яў у Альшаны. Зайшоў Цімох да аднаго альшанца ў хату, а туды немец ідзе. Добра, што хлопец паспеў схавацца…
Немцы пачалі адступаць. Вярнуліся мачульцы ў сваю вёску. А там – папялішчы, сцежкі пазараслі травою, уцалела толькі хат дваццаць. Пачалі забіраць у армію хлопцаў. Ветэран успамінае: “Малая Оля (жончына дачка, якая для Цімоха стала роднаю) пабегла дадому і прынесла лыжку. З гэтай лыжкай, як з талісманам-абярэгам, ветэран прайшоў да канца вайны. Пасля навабранцаў сабралі ў Давыд-Гарадку, павялі ў Жыткавічы на чыгуначную станцыю. Але чыгуначная дарога была разбурана. Пайшлі пехатою ў Пціч, а адтуль дабраліся цягніком у Белую Царкву. Маладых салдат, якіх набралася тры казармы, аформілі ў запасны полк. Частку адправілі вызваляць Польшчу, частку – у Венгрыю. Салдат Супрунчык трапіў у Польшчу, вызваляў Кракаў, удзельнічаў у фарсіраванні ракі Нарвы, якая ўпадае ў раку Віслу. Поруч змагаўся сябар, аднавясковец Косця Ліпскі. Нават кацялок у іх быў адзін на дваіх. З горыччу ўспамінае ветэран, што сябар загінуў. Кармілі салдат слаба. Цімафей Ерамеевіч успамінае поле сотак на дзесяць. На полі расла бручка. Галодныя салдаты хапалі і елі яе, некаторыя нават не чысціўшы. У Польшчы некаторых вучылі справе снайпера. Напачатку выдалі англійскія лёгенькія карабіны, а пасля — снайперскія вінтоўкі. Даводзілася доўга ляжаць на голай зямлі, не рухаючыся. Праз 300 метраў – немцы. Наш снайпер не схаваўся добра, і фашыст патрапіў у галаву. Цімох добра замаскіраваў зброю і чакаў, назіраў, потым убачыў, што нехта кідае зямлю. Немец рабіў гняздо для кулямёта — трошкі высунуўся, і Супрунчык патрапіў у яго. Ішлі праліўныя дажджы, так што шынель, гімнасцёрка былі наскрозь мокрыя. Увесь дзень патрэбна было вылежаць з вінтоўкай у чаканні мішэні, а пасля надыходзіла ноч, калі немагчыма было заснуць ад холаду — мокрае адзенне ледзяніла цела. Неяк днём Цімох нагледзеў сцірту саломы. Ноччу дабраліся туды, пазапіхвалі салому пад шынель, за ноч высахлі, адагрэліся. Раніцай выкінулі салому.
Цімафей Ерамеевіч мае ордэн “За адвагу”. Пытаюся: “За што атрымалі?” Вельмі сціпла ветэран расказвае:
— Адправілі за “языком”. Тут ужо ці прывядзеш жывога немца, ці сам можаш загінуць. Ідзём утрох. Бачым: машына едзе на перадавую. Шафёра мы хутка ліквідавалі, а вось афіцэр вельмі здаровы трапіўся, але адолелі, даставілі на месца. Нас траіх узнагародзілі.
(Трэба сказаць, што Супрунчык Цімафей Ерамеевіч мае і ордэн Айчыннай вайны і шматлікія медалі).
Пад Варшавай быў паранены, трапіў у шпіталь у горадзе Сумы ва Украіне. У шпіталі прабыў паўгода. Пасля салдата адправілі ў нестраявую роту ў Харкаў на Паўночны вакзал. Працаваў у майстэрні, дзе рабілі абутак. Мабілізаваўся. Дома даведаўся, што брат Сцяпан, які таксама ваяваў, загінуў. Працаваў у калгасе. Удваіх з жонкаю Кацярынай выгадавалі тры дачкі. Цяпер у дзядулі 7 унукаў, 9 праўнукаў, 4 прапраўнукі. Жыццё працягваецца. Жыве ветэран зараз у Велямічах. Клапоцяцца пра яго дачка Ганна і ўнук Юра.
Жадаю ветэрану жыць яшчэ доўга. А яго нашчадкам – ніколі не знаць вайны.
Галіна БАБАРЫКА

Добавить комментарий