Ды будзе парк!

Гэтую тэму падымала гадоў пяць назад на старонках раённай газеты. І вось пазаўчора навучэнцы Столінскага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці заклалі парк у раёне ПМК-62 у Століне.
Навучэнцы 122 групы ліцэя старанна выводзілі рады, высаджвалі дрэўцы, палівалі іх. Пасадка складаецца з бяроз, дубоў, елак і клёнаў. Усяго на ўчастку пасаджана амаль тысяча дрэўцаў. Пакуль яны кволыя і далікатныя, патрабуюць клопату і догляду, аднак праз гады аддзячаць людзям прыгожым паркам, у якім можна будзе адпачыць, пагуляць з дзецьмі, пасядзець у цяньку высокіх кронаў…
“Толькі б не паламалі, не затапталі, не знішчылі”, — свідруюць думкі. Людзі ж імкнуліся зрабіць добрую справу – як навучэнцы, так і работнікі лясгаса, якія прадаставілі вырашчаныя саджанцы.
— Работы на гэтай тэрыторыі яшчэ многа. Трэба даводзіць да ладу, прыбіраць, спланаваць. Але першыя крокі ў навядзенні парадку зроблены. Набывае новы выгляд былая сталовая ПМК, у якой хутка адчыніцца магазін, сёлета людзі з абмежаванымі магчымасцямі павінны пераехаць у будынак Цэнтра падтрымкі маладых інвалідаў, ідзе рэканструкцыя аўтамабільнай запраўкі. Вось і парк заклалі. Толькі просьба да жыхароў: беражыце і клапаціцеся пра свой край, – сказаў галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Столінскага райвыканкама Сяргей Ільіч Сапон.
Пэўна, работы на тэрыторыі будучага парка сталі першымі веснікамі будучага суботніка, які пройдзе на тэрыторыі Століншчыны заўтра. Работнікі арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў выйдуць на вуліцы, каб зрабіць свае населеныя пункты больш прыгожымі, чыстымі і ўтульнымі.
Таццяна СЕГЕН
На здымках: ідзе пасадка дрэў.
Фота аўтара

Добавить комментарий